Работники газовой службы Ушачского района встретили профессиональный праздник с некоторыми реорганизационными изменениями и новым руководством

К профессиональному празднику

На працягу многіх гадоў “Ушачырайгаз” – адно з самых стабільных прадпрыемстваў раёна, якое паспяхова вырашае пастаўленыя задачы. Дзейнасць зладжанага калектыву з’яўляецца прыкладам бездакорнага, якаснага абслугоўвання насельніцтва, а вытворчая тэрыторыя – узорным аб’ектам па добраўпарадкаванні сярод устаноў гарадскога пасёлка.

Газавікі разам з працаўнікамі нафтавай і паліўнай прамысловасці ў першую нядзелю верасня традыцыйна адзначаюць сваё прафесійнае свята.

Сёлетняе прафесійнае свята ўшацкія газавікі сустракаюць з новым кіраўніком прадпрыемства і з некаторымі рэарганізацыйнымі зменамі. Аб гэтым і іншым сёння наша размова з Дзмітрыем Міхайлавічам Луневым, які зусім нядаўна ўзначаліў названы калектыў.

– Дзмітрый Міхайлавіч, віншуем Вас з назначэннем на пасаду, раскажыце, калі ласка, якія змены адбыліся ў арганізацыі з першага верасня.

– Дзякуй. Так, на прадпрыемстве адбыліся пэўныя змены. Ушацкі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Полацкгаз” – так мы называемся з 1 верасня і ўваходзім у склад рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” без надзялення правоў юрыдычнай асобы. Адразу хачу адзначыць, што гэтыя змены ніякім чынам не закрануць нашых абанентаў, карыстальнікі газу не адчуюць на сабе абсалютна ніякіх нязручнасцей. Ім, як і раней, пры неабходнасці са сваімі зваротамі, заяўкамі трэба звяртацца ў службу “аднаго акна” нашага прадпрыемства. Будаўніцтвам газавых сетак будуць займацца “Полацкгазбуд” і “Віцебскгазбуд”. Цяпер мы заканчваем работы на 2 аб’ектах – вёсцы Ліпавец і на вуліцы Калінінскай. Асноўнай жа нашай задачай па­ранейшаму з’яўляецца безаварыйнае, надзейнае газазабеспячэнне насельніцтва раёна. На нашым абслугоўванні немалая газавая гаспадарка: 3 газаразмеркавальныя і 9 шафавых рэгулятарных пунктаў, прыродным газам газіфікавана 2325 кватэр, з іх у гарпасёлку – 1967, звадкаваным – 6966, з іх у гарпасёлку – 707. Забяспечваем блакітным палівам цэнтральную кацельню і эксплуатацыю больш за 80 кіламетраў газавых сетак. За прайшоўшы перыяд бягучага года рэалізацыя газу склала 978,9 тысячы метраў кубічных прыроднага і 204,4 тоны звадкаванага.

– Названыя змены закранулі колькасны састаў калектыву?

– Не, пакуль ніякага скарачэння не адбылося. Па­ранейшаму на прадпрыемстве працуе 36 чалавек, з іх 28 рабочых. У нас няма “лішніх” людзей, незанятых справай работнікаў. Усе службы працуюць зладжана. На варце спакою карыстальнікаў газу стаіць аварыйна­дыспетчарская служба, вялікая нагрузка, асабліва ў летні час, кладзецца на экіпажы развозкі балонаў, сістэмна арганізуюць работу майстры, аператыўна працуюць слесары, вадзіцелі і ўсе астатнія работнікі.

– Напярэдадні прафесійнага свята звычайна прынята адзначаць лепшых.

– Галоўная каштоўнасць калектыву, канечне, людзі, а таму кожны работнік заслугоўвае добрых слоў. Прыемна, што плённая праца ўшацкіх газавікоў кожны год не застаецца незаўважанай на абласным узроўні. Так, сёлета Ганаровай граматай “Віцебскаблгаза” ўзнагароджаны электрагазазваршчык 6 разраду Юрый Уладзіміравіч Саўчанка, Падзяка “Віцебскаблгаза” аб’яўлена майстру Віктару Анатольевічу Селезню, а прозвішча Яўгена Аляксандравіча Ляхоўскага занесена на Дошку гонару “Віцебскаблгаза”. Званне “Ганаровы ветэран прадпрыемства” прысвоена вадзіцелю Уладзіміру Васільевічу Футарману, які адпрацаваў у газавай гаспадарцы 25 гадоў. Крыху менш – 20 гадоў – прысвяцілі рабоце ў газавай сферы прыёмшчык заказаў Святлана Васільеўна Дрозд і слесар аварыйна­аднаўленчых работ Анатоль Анатольевіч Амбражэвіч, якім прысвоена званне “Ветэран прадпрыемства”. Ганаровую грамату прадпрыемства атрымае слесар аварыйна­аднаўленчых работ Аляксандр Мікалаевіч Дрозд, падзякі аб’яўлены іншым работнікам, да свята абнавілася і Дошка гонару прадпрыемства.

Віншую ўсіх працаўнікоў калектыву з прафесійным святам. Жадаю сямейнага дабрабыту, аптымізму, бадзёрасці духа, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай у вашым жыцці заўсёды гарыць агонь кахання і дабрыні, будзьце шчаслівымі, багатымі і, канечне, здаровымі!

– Мы таксама віншуем Вас і ўвесь калектыў са святам.

Гутарыла Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: І.Швейкус, К.Аўдошка, А.Дрозд, Д.Лунеў, А.Шарыпа, У.Маковіч.

ЛЮБАЯ РАБОТА ПА ПЛЯЧЫ

Аб тым, што ўсе як адзін работнікі райгаза працуюць бездакорна і што тут не трымаюць безадказных, ведаюць усе. Таму і цяжка кіраўніцтву вылучыць самых-­самых. Тым не менш, у ліку лепшых заўсёды адзначаюць гэтых працавітых хлопцаў – Юрыя Саўчанку і Андрэя Шыхеля.Застаць іх на вытворчай тэрыторыі можна хіба толькі што з самай раніцы, затым яны адпраўляюцца на які­небудзь аб’ект – на раёне ці непасрэдна ў райцэнтры, паколькі на многіх работах не абысціся без прафесійнага электрагазазваршчыка, у Ю.Саўчанкі ж высокі шосты разрад. А.Шыхель выдатна сумяшчае абавязкі вадзіцеля, токара і зваршчыка поліэтылену. Абодва не першы год працуюць у газавай галіне і набраліся ўжо дастатковага вопыту.

У пачатку гэтага тыдня хлопцы працавалі ў Вяркудах і Глыбачцы, а ў чацвер удалося застаць іх па Піянерскай ва Ушачах.

– Рыхтуем домаўладанне да газавага падключэння, у прыватнасці, праводзім мантаж неабходнага абсталявання – газавай скрыні, у якой будзе знаходзіцца лічыльнік, падвод яе да збудавання. Работы якраз на дзень хопіць, калі ж будзем не паспяваць, то ўсё роўна не паедзем дадому, пакуль справу не скончым! – расказваюць працаўнікі.

Акрамя падобных работ яны таксама выконваюць заяўкі па рамонце газавых пліт, займаюцца непасрэдна іх заменай, робяць мантаж газабалонных установак.

Актыўны ўдзел хлопцы прымаюць і ў жыцці калектыву – у спартыўных мерапрыемствах і мастацкай самадзейнасці.

За сваю старанную працу ўжо не раз адзначаліся як кіраўніцтвам прадпрыемства, так і на ўзроўні аблгаза. Не менш прыемна ім чуць і ўдзячныя водгукі сваіх абанентаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *