Дзень ведаў даўно стаў святам не толькі для навучэнцаў, бацькоў і настаўнікаў. Яно – сапраўды ўсенароднае. Лічыць яго сваім і дэпутацкі корпус раёна. Не толькі таму, што сярод іх таксама ёсць выкладчыкі і практычна ўсе – бацькі, якія адпраўляюць дзяцей у садкі, школы ці ВНУ. Пераважна таму, што дэпутат заўсёды ў гушчыні жыцця сваіх абраннікаў. Таму і падтрымалі члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў прапанову старшыні Вольгі Мікалаеўны Захарэнка павіншаваць дзяцей сацыяльнага прытулка з надыходзячым святам. За ўласныя сродкі яны набылі рознакаляровыя шары, цацкі, заказалі вялізны торт – і стварылі для дзяцей, абдзеленых бацькоўскай увагай, яшчэ адзін святочны дзень. І калі падарункі дзеці разабралі адразу, то вось з тортам давялося крыху пачакаць – салодкае яны атрымалі да чаю пасля абеду.
Заўсёды падтрымлівае Ушацкі дзіцячы сацыяльны прытулак і абкам прафсаюзаў работнікаў культуры. Да ўсіх святаў – Новага года, Дня абароны дзяцей, Дня ведаў яго старшыня А.А.Сабірава цікавіцца, у чым прытулак мае патрэбу, і на яго рахунак паступаюць грашовыя сродкі. Вось і сёлета неаднойчы пералічалі па два мільёны рублёў, на якія дырэктар прытулка Алена Клімашэўская падабрала індывідуальна вопратку тым дзецям, якія больш за ўсё мелі ў гэтым патрэбу. І зараз вучні ходзяць у ёй у школу.
Вольга КАРАЛЕНКА.