Першага верасня – хвалюючы дзень у многіх сем’ях. У адных збіраюць у школу першакласнікаў і малодшых школьнікаў, для выпускнікоў жа гэты першы званок у школе будзе апошнім. Не менш за дзяцей хвалююцца і бацькі. Пэўна, менавіта ў гэты дзень на вуліцах можна сустрэць вялікую колькасць прыгожа апранутых ушачан з кветкамі.
Новы навучальны год наступіў. Учора ўрачыстыя лінейкі прайшлі ва ўсіх школах раёна. Прыемна, што колькасць вучняў на Ушаччыне не зменшылася: за парты села 1282 навучэнцы, ранейшай засталася і колькасць школ.
У кожнай Дзень ведаў праходзіў парознаму, але ўсюды ён быў асаблівы, насычаны, пасвойму адметны. Самым масавым свята як заўсёды было ва Ушацкай школе, якая ў новым навучальным прыняла 805 вучняў, сфарміравана чатыры першыя класы.
Раздзяліць з калектывам школы і навучэнцамі свята, як звычайна, прыйшлі і госці з ліку прадстаўнікоў улады, адміністрацый устаноў і арганізацый гарпасёлка. Звяртаючыся да прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч адзначыла, што і раённая ўлада, і педагагічныя калектывы, і бацькоўскія камітэты робяць усё магчымае, каб дзеці ў камфортных умовах атрымлівалі веды і ўмацоўвалі здароўе. Яна пажадала школьнікам выдатнага настрою, поспехаў і высокіх адзнак. Наталля Мікалаеўна ў гэты дзень хвалявалася не толькі таму, што выступала перад вялікай аўдыторыяй, а і таму, што ў першы клас пайшоў і яе малодшы сын. Празвінеў сімвалічны званок, які паклікаў усіх вучняў на першы ўрок.
Старшакласнікі ўручылі падарункі самым маленькім вучням і па даўняй добрай традыцыі, узяўшы іх за рукі, накіраваліся ў сквер, каб ускласці кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам.
Першага верасня на вёсцы – асаблівае свята. Бо пакуль бягуць з букетамі ў школу дзеці – значыць жыве вёска, значыць ёсць перспектыва.
У Глыбачанскую школу сёлета спяшаўся 51 вучань, сярод іх дзве дзяўчынкіпершакласніцы. Іх пабацькоўску апякала першая настаўніца Наталля Міхайлаўна Уліцкая, ім на лінейцы было больш за ўсё ўвагі і падарункаў. Няма сёлета ў школе 11 класа, затое вучні дзявятага і дзясятага падрыхтавалі для былых дашкалят патрэбныя школьныя прыналежнасці.
І як і ўсе першакласнікі нашай краіны атрымалі дзяўчаты памятны падарунак – кнігу ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі “Беларусь – наша краіна”.
Усе школьнікі далі клятву добра вучыцца, не насіцца па школе, сябраваць, а калі правіняцца – нават аддаць свой мабільнік. Жарт, канечне, але менавіта на такіх цікавых момантах і будуць будаваць настаўнікі ўсе школьныя мерапрыемствы. Бо калі вучыцца цікава, то і самы складаны прадмет паддаецца.
Літаральна ўсе жадаюць у гэты дзень вучням поспехаў, добрых адзнак. Думаецца, што працягнуць вучні эстафету сваіх папярэднікаў і іх імёны будуць сярод пераможцаў алімпіяд і конкурсаў. Што як і сёння, малады дырэктар В.П.Котаў будзе з гонарам гаварыць, якія годныя спецыяльнасці выбралі сабе выпускнікі ў ВНУ.
Ну а больш за ўсіх зайздросціў у гэты дзень вучням ганаровы госць школы – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Ён так і казаў – як я хачу вучыцца, як гэта выдатна – мець магчымасць спакойна атрымліваць веды – у яго равеснікаў юнацтва адняла вайна. І сімвалічна, што на першым уроку, які сёлета прайшоў літаральна па ўсіх школах краіны пад назвай “На цябе, наша моладзь, надзея”, перад дзецьмі Глыбачанскай школы выступалі заслужаныя ветэраны вайны і працы Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня і Яўген Васільевіч Аксяновіч.
Прыемна, што перспектыва ёсць не толькі ў нашай моладзі, але і ў Глыбачанскай школе-садзе, дзе сёлета рэкордна вялікая за апошнія тры гады колькасць дашкалят – ажно 15.
Вольга КАРАЛЕНКА, Вольга КАМАРКОВА.
На здымках: падчас лінейкі, Н.Уліцкая і Н.Ціханенка з першакласнікамі.