Для мяне як удзельніка Вялікай Айчыннай вайны падзеі таго часу засталіся ў памяці назаўсёды. З 1943 да красавіка 1944 года я ўдзельнічаў у партызанскім руху. У аперацыях, якія хачу сёння ўспомніць, не прымаў непасрэдны ўдзел, а быў сувязным, падвозіў падрыўнікоў і падрыўны матэрыял, а таксама прадукты для партызан. Добраахвотна пайшоў у той час у партызанскі атрад імя Фрунзе брыгады імя Чапаева мой бацька Васіль Дзям’янавіч Шчарбакоў і два яго родныя браты. Аб чым я хачу расказаць, гэта толькі маленькая частка той работы, таго ўкладу ў Вялікую Перамогу, якую зрабілі партызаны.
У 1942 годзе ўся Віцебшчына была ахоплена партызанскім рухам. Сваю партызанскую абарону атрад імя Фрунзе нёс на паўночным баку Заходняй Дзвіны ў раёне населеных пунктаў Ржаўка, Лучна, Карпінічы супраць нямецка-фашысцкіх гарнізонаў, якія знаходзіліся ў двух кіламетрах ад чыгуначнай і шашэйнай дарог Полацк-Віцебск.
Партызаны пастаянна праводзілі баявыя аперацыі па разгроме варожых гарнізонаў, а таксама па мініраванні дарог. Многія з якіх праходзілі паспяхова.
Пад Полацкам у вёсках Шалкова і Шэлягоўка размяшчаўся адзін з варожых гарнізонаў. У адну з начэй партызанам удалося прабрацца і блізка падысці да ворагаў, адкрыць агонь і закідаць гранатамі хаты, дзе знаходзіліся захопнікі. Яны спрабавалі ўцякаць, але падалі на зямлю… Праз дзве гадзіны гарнізон быў разбіты. З нашага боку былі параненыя.
Шмат людзей згубіў атрад падчас аперацыі па падрыве моста праз раку Дзісна па дарозе Полацк-Круляўшчызна. Завязаўся бой, падрыўнікі паспелі залажыць міны, і мост узарвалі, дзякуючы чаму рух быў спынены на некалькі дзён.
Яшчэ больш складанай аказалася для партызан атрада імя Фрунзе аперацыя па ўзрыве моста праз раку Ула. Задача была выканана, але цаной жыцця многіх партызан.
У кастрычніку 43-га атрыманы загад камандавання разграміць вялікі гарнізон гітлераўцаў у Лепелі – буйным вузле шашэйных і чыгуначнай дарог. У гэтай важнай аперацыі прымала ўдзел брыгада пад кіраўніцтвам Ф.Ф.Дуброўскага. Бой прыняў зацяжны характар, але ў выніку партызанам удалося дайсці да цэнтра горада, разграміць камендатуру.
Настрой партызан быў прыўзняты не толькі таму, што імі паспяхова праведзены шэраг аперацый, але і таму, што Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю рэспублікі, былі вызвалены некаторыя раённыя цэнтры Віцебскай вобласці. Буйныя партызанскія брыгады агульнай колькасцю 17 тысяч байцоў прадстаўлялі вялікую пагрозу для арміі гітлераўцаў.
У пачатку 1944-га нямецкае камандаванне рыхтавалася да наступлення пад кодавай назвай “Свята вясны”. І ў сакавіку сіламі ў некалькі палкоў пачалі наступленне на брыгаду імя Чапаева. Атакавалі лінію абароны атрадаў Фрунзе і Суворава, занялі першую лінію і перайшлі да другой. Але ўсё ж такі ў гэтым складаным баі вораг быў вымушаны адступіць у бок Полацка. Партызанскія атрады панеслі вялікія страты.
Брыгада па заданні камандавання, пакінуўшы абарону на рацэ Заходняя Дзвіна, перабазіравалася ў мястэчка Гомель і заняла там абарону. Кожны дзень немцы рабілі артылерыйскі абстрэл, а праз некалькі дзён пачалі наступленне. У жорсткім баі ў ход ішлі гарматы, чаго немцы не чакалі, і ім прыйшлося адступіць.
Партызанская зона, якая мела кругавую абарону ў 220 кіламетраў, паступова звужалася, гінулі не толькі партызаны, але і мірнае насельніцтва. Таму быў дадзены загад адступаць у бок матырынскага лесу, прарвацца праз дарогу Кублічы-Ушачы ў Селішчанскую пушчу. Здавалася, амаль нерэальная задача, але партызанам удалося прабіцца праз гэты вогненны калі- дор, а ў далейшым расфарміравацца на яшчэ меншыя групы, каб зноў весці барацьбу і змагацца з ворагам.
П.ШЧАРБАКОЎ, г.Полацк.