Закон «О погребении и похоронном деле»: нюансы и условия

Общество

Тэма, якую сёння абмяркоўваем, вельмі далікатная – пахаванне блізкага чалавека. Да гэтай сумнай падзеі, вядома ж, большасць людзей загадзя не рыхтуюцца. А таму калі на парог прыходзіць бяда, родныя і блізкія памерлага вымушаны дзейнічаць вельмі хутка. Ім, як правіла, дапамагаюць знаёмыя, сябры, калегі. Ёсць і яшчэ адзін бок, на дапамогу якога грамадзяне нашай краіны могуць разлічваць, – гэта дзяржава. З 12 ліпеня 2015 года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні і пахавальнай справе”. Пра некаторыя аспекты дакумента наша гутарка з начальнікам раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва А.В.ПАШКОВІЧ:

– Алена Васільеўна, хто можа атрымаць дапамогу на пахаванне?

– Яна выплачваецца асобам, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахавання памерлага. Хачу засяродзіць увагу на тое, што звярнуцца за такой дапамогай неабходна не пазней шасці месяцаў з дня смерці чалавека, а ў выпадку працяглага вышуку памерлага – не пазней шасці месяцаў з дня пахавання.

– Ці замацаваны ў новай рэдакцыі Закона памер дапамогі?

– Так. Сума дапамогі на пахаванне раўняецца памеру сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за пазамінулы месяц адносна месяца наступлення смерці чалавека (на сённяшні дзень гэта 6 мільёнаў 883 тысячы 744 рублі). Нагадаю, што раней бралася ва ўлік зарплата работнікаў і служачых у рэспубліцы за такі ж перыяд.

– Якія службы з’яўляюцца крыніцамі выплаты?

– За кошт бюджэту ФСАН дапамога выплачваецца ў выпадку смерці асобы, на якую на дату смерці ці на працягу не менш 10 гадоў распаўсюджвалася дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і за яго або ім самім выплачваліся адпаведныя абавязковыя страхавыя ўзносы. За кошт названай крыніцы выплачваецца і дапамога на пахаванне пенсіянера, які атрымліваў пенсію са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, у тым ліку прафесійнага; беспрацоўнага, зарэгістраванага ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; непаўналетніх дзяцей (навучэнцаў – ва ўзросце да 23 гадоў) усіх пералічаных вышэй катэгорый грамадзян. Дарэчы, выкананне працэдуры і выплата грашовых сродкаў ажыццяўляюцца на працягу аднаго рабочага дня. Калі ж памерла асоба не пенсійнага ўзросту, за якую або якой на дату смерці не выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ці выплачваліся менш 10 гадоў, дапамога аказваецца за кошт мясцовага бюджэту. Гэтак жа і ў выпадку смерці яе дзяцей, якія не дасягнулі 18­-гадовага ўзросту (навучэнцаў – 23­гадовага). Працэдура ў такім разе можа выконвацца да аднаго месяца.

– Якія патрэбны дакументы для атрымання дапамогі на пахаванне?

– Як і раней, трэба звянуцца ў мясцовае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з заявай; пашпартам ці іншым дакументам, які засведчвае асобу заяўніка; даведкай ці пасведчаннем аб смерці (у залежнасці ад таго, на тэрыторыі нашай ці іншай краіны зарэгістравана смерць); пасведчаннем аб нараджэнні (пры яго наяўнасці) – у выпадку смерці дзіцяці; даведкай аб тым, што памерлы ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў на дзень смерці з’яўляўся навучэнцам ці выхаванцам установы адукацыі.

– Дзякуй за тлумачэнні. Канечне, лепш, каб такая дапамога не спатрэбілася, аднак законы быцця, на жаль, не зменіш…

Гутарыла К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *