Парадныя мундзіры і беласнежныя кашулі супрацоўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў, нягледзячы на адсутнасць чырвоных дат у календары, на мінулым тыдні даводзілася апранаць ажно двойчы. І калі ў аўторак нагоду для свята змаглі разгадаць нямногія ўшачане, то ўжо ў пятніцу ўсё стала на свае месцы – у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбылася ўрачыстасць з нагоды юбілею Ушацкага РАУС, на якую былі запрошаны ўсе жадаючыя.
А пачыналася ўсё 95 гадоў таму. Днём стварэння раённага аддзела ўнутраных спраў прынята лічыць 18 жніўня 1920 года. Менавіта тады быў выдадзены загад аб утварэнні валаснога аддзялення рабочасялянскай міліцыі 3га раёна Лепельскага ўезда. А з 30 жніўня 1966га па цяперашні час у адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР на тэрыторыі Віцебшчыны сваю дзейнасць па абароне законных правоў і інтарэсаў грамадзян, барацьбе са злачыннасцю ажыццяўляе аддзел унутраных спраў Ушацкага райвыканкама.
За гэты час адбылося шмат падзей: праваахоўнікі прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, ліквідавалі наступствы чарнобыльскай аварыі, абаранялі спакой грамадзян у цяжкія пасляваенныя гады і мірны час. Нязменным засталося адно – гатоўнасць забяспечыць надзейную ахову жыцця, здароўя і маёмасці грамадзян. Нездарма, як не без гонару зазначыў падчас святочнага дзейства начальнік РАУС С.А.Алабін, аддзел па праве знаходзіцца сярод лепшых у вобласці, не раз яго супрацоўнікі адзначаліся ўзнагародамі рознага ўзроўню. “Вядома ж, важным складальнікам паспяховай службы з’яўляецца падтрымка раённай улады, цеснае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі”, – дадаў у сваёй прамове Сяргей Аляксандравіч.
А праз некалькі хвілін, вылучыўшы час у шчыльным працоўным графіку, праваахоўнікаў віншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта В.В.Родзіч. Пад гучныя апладысменты прысутных двум супрацоўнікам РАУС была аб’яўлена Падзяка старшыні Ушацкага райвыканкама і Падзяка раённага Савета дэпутатаў (з імёнамі тых, хто заслужыў гэтыя ўзнагароды, мы ўжо знаёмілі нашых чытачоў). Ну і які ж юбілей без падарункаў? Для больш аператыўнага і якаснага выканання службовых абавязкаў лепшым участковым інспектарам Віктар Віктаравіч уручыў ад райвыканкама новенькія ноўтбукі. На гэтым сюрпрызы для ўшацкіх міліцыянераў не закончыліся. З 95годдзем РАУС іх прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі пракуратуры, суда, РАНС, ваенкамата, аддзела Полацкага Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, а ў якасці падарунка прынеслі фотаапарат, які спатрэбіцца праваахоўнікам падчас нясення службы.
У гэты вечар было шмат успамінаў, добрых слоў пра нялёгкую, але пачэсную міліцэйскую службу і людзей, для якіх яна стала прызваннем. Дарэчы, многія з іх падчас урачыстасці атрымалі высокія ўзнагароды. Так, нагрудным знакам “Віцебская міліцыя” ўзнагароджаны начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі С.А.Шарыпенка, нагрудным знакам “Класны спецыяліст Міністэрства ўнутраных спраў” 3 класа – старшы інспектардзяжурны В.П.Обух і вадзіцель аператыўнадзяжурнай службы В.М.Аўдошка, нагрудным знакам “За самаадданую службу” – участковы інспектар А.М.Антуновіч і старшы аператыўны дзяжурны С.Г.Глінскі. Чарговае спецыяльнае званне “падпалкоўнік міліцыі” прысвоена першаму намесніку начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў А.У.Андросаву, “старшы лейтэнант міліцыі” – участковаму інспектару А.У.Піскуну. Шмат было ўзнагарод абласнога ўзроўню. Так, Падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама аб’яўлена старшаму інспектару міліцыі С.І.Чырвонаму (на здымку), Падзяка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама – старшаму оперупаўнаважанаму групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі А.С.Шлупакову і старшаму інспектару групы рэжымнасакрэтнай дзейнасці Н.А.Паўлоўскай, Ганаровай граматай упраўлення ўзнагароджаны інспектар дарожнапаставой службы аддзялення ДАІ Д.У.Бабянок, Граматай упраўлення – інспектар крымінальнавыканаўчай інспекцыі М.В.Баратынскі і памочнік дзяжурнага аператыўнадзяжурнай службы А.У.Мялешка.
Падчас імпрэзы словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас тых, хто ўзначальваў Ушацкі аддзел міліцыі, а гэта У.І.Іваноў, П.К.Курусёў, В.В.Дзядзічкін, М.І.Данькоў, У.У.Шкіндзер, А.Т.Пугачоў. За значны ўклад у ажыццяўленне выхаваўчай і патрыятычнай работы з маладымі работнікамі, супрацоўніцтва з органамі ўнутраных спраў лісты падзякі атрымалі больш за 30 ветэранаў РАУС.
Добры настрой віноўнікам урачыстасці падарылі ў гэты вечар культработнікі Ушаччыны і самадзейныя артысты. Гучнымі апладысментамі сустракала зала вакальную групу Наваполацкага аддзела Дэпартамента аховы “Начная птушка”. Ну а лірычная песня “Пра тату” ў выкананні Дашы Бабянок, дачкі інспектара ДПС, думаецца, расчуліла нават самых сур’ёзных гледачоў. Увогуле, свята атрымалася пасямейнаму цёплым і шчырым. Усе яго ўдзельнікі разыходзіліся з адзінай думкай – абавязкова сустрэцца яшчэ праз пяць гадоў, на векавы юбілей раённага аддзела міліцыі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.