Ідэя здзейсніць сумесны аб’езд вясковых населеных пунктаў Вялікадолецкага сельсавета ў нас са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Вольгай Мікалаеўнай Захарэнка і старшынёй Вялікадолецкага сельвыканкама Алегам Леанідавічам Сысам узнікла дастаткова спантанна. Падчас выязнога прыёму насельніцтва, які праводзіла на мінулым тыдні ў аграгарадку кіраўнік дэпутацкага корпусу раёна, тутэйшыя жыхары прыкметнай актыўнасці не праявілі. Трэба сказаць, што вяскоўцы з населеных пунктаў сельсавета ўвогуле не так часта тэлефануюць на “прамыя лініі” да раённага кіраўніцтва, запісваюцца на прыёмы грамадзян, якія праводзяць у раёне пасадныя асобы абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. І тлумачыцца гэта найперш тым, што многія пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва, аператыўна вырашаюцца на мясцовым узроўні – намаганнямі старшыні сельвыканкама і падключаных ім да справы работнікаў адпаведных службаў. Адзін толькі пералік таго, што зроблена ў гэтым плане сёлета, заняў бы шмат часу. Нам жа, канечне, захацелася ўвачавідкі ўбачыць плады здзейсненага, пачуць водгукі ад заяўнікаў, пытанні якіх былі аператыўна зняты.
…Зараз толькі вялікі пень на адным з падворкаў Весніцка нагадвае пра старое небяспечнае дрэва, якое несла пагрозу будынкам і жыццю гаспадыні. Па заяўцы сельвыканкама ліквідавалі яго работнікі МНС і раёна электрасетак за сродкі землеўладальніка. Таксама з дапамогай работнікаў мясцовага выратавальнага паста мяркуюць правесці ў бліжэйшы час ачыстку грамадскага калодзежа ў Касарах – адпаведную просьбу жыхароў вёскі агучыў яе старэйшына Віктар Сцяпанавіч Ільюшэвіч, ён жа арганізаваў збор сродкаў самаабкладання для гэтай мэты, ну а старшыня сельвыканкама пралічыў, як арганізаваць справу найбольш аптымальна.
З задавальненнем паказваў нам абноўленую вясковую дарогу ў Заляддзі Аляксандр Аляксеевіч Раманоўскі: мужчына пераехаў у вёску з Наваполацка, каб даглядаць хворага бацьку – былога вязня фашысцкіх канцлагераў. Дарэчы, сярод васьмі пастаянна пражываючых у Заляддзі жыхароў і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Кацярына Рыгораўна Клыпа, таму ўвага да населенага пункта ў старшыні сельвыканкама асаблівая. Вяскоўцаў уразіла тое, як хутка і якасна была знята іх застарэлая праблема і зараз яны выношваюць планы па будаўніцтве новага грамадскага калодзежа: усе жыхары выказалі згоду аплачваць выдаткі на яго абслугоўванне і разам з камунгасаўцамі ўжо вызначылі месца, дзе лепш выкапаць студню.
Стан вясковай дарогі лічылі адной з галоўных праблем і жыхары аддаленай вёскі Храмёнкі. Зараз жа па адрамантаванай падсыпанай вуліцы прыемна і прайсціся, і праехацца. Не шкадаваў кампліментаў у бок раённай і мясцовай улады гаспадар адной з тутэйшых сядзіб А.Б.Шуневіч. “Я разумею, як няпроста зараз з фінансамі, але вельмі прыемна, што да зваротаў людзей на маёй малой радзіме ставяцца з непадробнай увагай”, – адзначае Аляксандр Браніслававіч. Ураджэнец гэтых мясцін выкладае ў Беларускай ваеннай акадэміі ў Мінску, але праводзіць у Храмёнках значную частку года, займаецца садаводствам (цудоўны смак вырашчаных ім груш давялося ацаніць асабіста), імкнецца добраўпарадкоўваць не толькі падворак, але і наваколле.
Аднак нават не гэтыя прыклады асабліва ўразілі падчас нашага падарожжа па Вялікадалеччыне, а моманты, якія красамоўна пацвярджаюць гаспадарлівасць і “знаходлівасць” старшыні сельвыканкама. “Вось гэты пятачок ля Весніцка нядаўна быў увесь у баршчэўніку”, – паказваў Алег Леанідавіч на чыстую зараз мясцовасць ля дарогі. Як аказалася, па яго просьбе зараснікі “затапталі” з дапамогай сваёй магутнай тэхнікі працаўнікі ДРБУ-105, калі накіроўваліся ў той бок на дарожныя работы. “На гэтай прыватнай пілараме мяркую па невялікім кошце набыць дошкі – жыхары Казімірова сабралі сродкі самаабкладання, каб зрабіць новую агароджу для помніка загінуўшым землякам”, – зазначыў А.Л.Сыс, калі праязджалі праз Новае Жыццё.
– Крэатыўнасць, уменне знайсці аптымальны варыянт вырашэння пытання, пастаянная накіраванасць на справы, гатоўнасць працаваць 24 гадзіны ў суткі – усё гэта дазволіла маладому кіраўніку за непрацяглы час работы не толькі заваяваць у насельніцтва павагу да сябе, але і ўмацаваць аўтарытэт мясцовага органа ўлады, – характарызуе работу старшыні сельвыканкама В.М.Захарэнка. – Хочацца таксама падкрэсліць, што праблемы грамадзян орган улады вырашае сумесна з самімі жыхарамі населеных пунктаў, знаходзіць падтрымку ў кіраўнікоў мясцовых працоўных калектываў – яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца плённае супрацоўніцтва з дырэктарам КУСГП “Вялікадолецкае” Іванам Піліпавічам Дарошчанкам. Алег Леанідавіч заўсёды працуе на апераджэнне, вядзе вялікую тлумачальную работу наконт таго, што не варта перакладаць на плечы ўлады справы, якія вяскоўцы могуць і павінны рабіць самі ці з дапамогай родных, што да іх прыязджаюць.
– Некаторыя людзі мне кажуць, маўляў, давайце мы вам дапаможам вырашыць нашу праблему – напішам ліст, сходзім на прыём да высокіх кіраўнікоў, – расказвае А.Л.Сыс. – Я ж заўсёды тлумачу: любое пытанне, пападарожнічаўшы па інстанцыях, усё роўна вернецца для выканання на мясцовы ўзровень. Дык ці не лепш адразу аб’яднаць намаганні і ўзяцца за справу?
Наталля БАГДАНОВІЧ.