Скоро в школу! Количество школ в Ушачском районе остаётся неизменным, за парты сядут 1282 ученика

Общество

Лічаныя дні застаюцца да хвалюючага моманту, калі навучальныя ўстановы раёна ўрачыста адчыняць свае дзверы перад ушацкімі школьнікамі. Пра тое, як прайшоў перыяд падрыхтоўкі да навучальнага года, пра сюрпрызы і новаўвядзенні, якія чакаюць сёлета бацькоў і вучняў, – наша размова з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Інай Фёдараўнай СЫРОЎЧАНКАЙ.

– Апошнім часам, на жаль, новы навучальны год прыносіў звесткі аб закрыцці вясковых школ. Як абстаяць справы з сеткай устаноў адукацыі сёлета?

– У 2015 годзе нам удалася яе цалкам захаваць. У раёне будуць функцыянаваць 9 школ і 7 – садоў. І адбылося гэта найперш таму, што на Ушаччыне не зменшылася колькасць вучняў. На ўрачыстыя лінейкі, якія ва ўсіх школах пачнуцца 1 верасня ў 9.00, прыйдуць 1282 вучні – гэта на 2 чалавекі больш, чым летась, тады як у 2014­м назіралася змяншэнне на 20 школьнікаў у параўнанні з пазамінулым годам. Прыемна, што на два выхаванцы больш стане сёлета і ў вясковых дзіцячых садах – іх будуць наведваць 39 хлопчыкаў і дзяўчынак. А вось колькасць першакласнікаў у раёне застанецца нязменнай – упершыню за парты сядзе 131 чалавек. Праўда, у адрозненне ад мінулага года, у бацькоў з гарпасёлка не будзе выбару – аддаваць дзіця ў школьны першы клас, ці пры садзе: усе чатыры класы самай малодшай паралелі будуць займацца ва Ушацкай СШ. Абумоўлена гэта правядзеннем капітальнага рамонту ясляў­сада №4, які плануецца завяршыць восенню. Разам з тым, недахопу месцаў для дашкольнікаў у нас няма, у цяперашні час працягваецца набор у ясельныя групы. Няма і дэфіцыту кадраў: усе навучальныя ўстановы поўнасцю ўкамплектаваны педагогамі.

– Як праходзіла прыёмка школ да новага навучальнага года? Ведаю, што ў гэтым пытанні Вам ёсць чым пахваліцца…

– Сапраўды, пашпарты гатоўнасці ўсіх нашых навучальных устаноў былі падпісаны яшчэ да 1 жніўня – мы падрыхтавалі школы да заняткаў першымі ў вобласці! Гэтая акалічнасць адыграла сваю ролю ў тым, што менавіта на базе Ушацкага раёна начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама І.А.Шчурок правёў сёлета прэс­канферэнцыю па тэме падрыхтоўкі да пачатку навучальнага года. Падчас мерапрыемства журналісты рэспубліканскіх і абласных СМІ наведалі Арэхаўскую, Вялікадолецкую і Ушацкую школы і засталіся пад вялікім уражаннем ад убачанага. Іван Антонавіч адзначыў тую вялікую ўвагу, з якой кіраўніцтва раёна і асабіста старшыня Ушацкага райвыканкама В.В.Родзіч ставіцца да пытанняў сферы адукацыі: так, сёлета з раённага бюджэту былі выдзелены сродкі на капітальны рамонт дзіцячага сада №4, па ініцыятыве старшыні райвыканкама тэрыторыю ля Ушацкай школы ўпрыгожыў новы сквер. У сваю чаргу, знакам прызнання гэтай работы стала рашэнне абласнога ўпраўлення ўключыць Ушацкую СШ у лік чатырох школ вобласці, якім выдзелены новы сучасны кабінет хіміі.

Сёлета рамонт нашых устаноў праводзіўся за кошт сродкаў, выдаткаваных з бюджэту, пазабюджэтнай дзейнасці, спонсарскай дапамогі, 50 навучэнцаў працавала на падрыхтоўцы школ ад раённага цэнтра занятасці, як заўсёды ўклад у якасную падрыхтоўку ўнеслі адміністрацыі, настаўнікі, тэхперсанал і бацькі. Усё гэта дапамагло дабіцца адметнага выніку.

– А што новага ў вучэбным працэсе рыхтуе нам гэты навучальны год?

– Асноўны акцэнт – забеспячэнне высокай якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Працягнуць вывучаць асобныя дысцыпліны на павышаным узроўні адзінаццацікласнікі. Змяніліся патрабаванні для дзесяцікласнікаў – залічэнне навучэнцаў у профільныя класы праводзіцца на конкурснай аснове па выніках навучання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі: адзнакі павінны быць не ніжэй 7­мі балаў па профільных вучэбных прадметах, а сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі – не ніжэй 6­ці. У новым навучальным годзе плануецца адкрыць 4 групы і 1 клас з вывучэннем на павышаным узроўні наступных профільных прадметаў: хіміі, фізікі, матэматыкі, біялогіі, беларускай і замежнай мовы. І калі раней былі профілі, то зараз можна будзе выбіраць для вывучэння любыя прадметы – гэтае новаўвядзенне зроблена з улікам пажаданняў бацькоў і вучняў. На базе Ушацкай СШ па суботах працягнуць работу міжшкольныя факультатывы. Па жаданні бацькоў іх дзеці змогуць на платнай аснове займацца з педагогамі індывідуальна па любых прадметах – фактычна гэта будзе “легальнае” рэпетытарства, арганізаванае пры школе. Прычым, скарыстацца гэтай магчымасцю змогуць не толькі вучні старэйшых класаў, але і ўсе жадаючыя. Змены чакаюць і пяцікласнікаў – для іх уводзіцца новы прадмет “Искусство (отечественная и мировая художественная культура)”.

– Ці адбудуцца змены ў арганізацыі працэсу праезду школьнікаў?

– Не. Падвоз 200 школьнікаў будуць ажыццяўляць 8 школьных аўтобусаў. Да слова, плануецца, што гэтай восенню наш аўтапарк папоўніць яшчэ адзін новы аўтобус, выдзеліць які абяцала абласное ўпраўленне. З 1 верасня 2015 па 30 чэрвеня 2016 года праезд для школьнікаў ад месца жыхарства да месца вучобы і ў зваротны бок бясплатны і ў гарадскім аўтобусе – ім трэба будзе прад’яўляць даведку, на маршрутных аўтобусах – праязны білет (ён набываецца за кошт аддзела адукацыі, спорту і турызму).

– Важным момантам з’яўляецца арганізацыя харчавання…

– Безумоўна, гэта не засталася па­за нашай увагай. Ва ўсіх харчаблоках праведзены касметычны рамонт, эстэтычна аформлены абедзенныя залы, набыта сучаснае абсталяванне для прыгатавання ежы: шафы для смажання, працірачныя машынкі, агароднінарэзкі, халадзільнікі – на іх закупку патрачана больш 40 мільёнаў рублёў. Усе харчаблокі забяспечаны гарачай вадой. Дарэчы, наладжана гарачае водазабеспячэнне ва ўсіх дзіцячых садах гарпасёлка: закуплена спецыяльнае абсталяванне, якое падключаецца да сістэмы ацяплення, і яго эксплуатацыя абыходзіцца значна танней, чым карыстанне электранагравальнымі прыборамі.

Хачу нагадаць бацькам з мнагадзетных, малазабяспечаных і іншых катэгорый  сем’яў, якія маюць права на атрыманне льгот па аплаце харчавання, што адпаведную заяву патрэбна падаць у адміністрацыю школы не пазней 1 верасня.

– Нагадайце, калі ласка, пра патрабаванні да знешняга віду і экіпіроўкі школьнікаў.

– Яны засталіся нязменнымі: адзенне навучэнцаў павінна адпавядаць дзелавому стылю: для хлопчыкаў гэта пінжак, камізэлька, штаны, кашуля, гальштук; для дзяўчат – пінжак, камізэлька, спадніца альбо штаны, блузка, сарафан. Хачу таксама нагадаць тым, хто яшчэ не атрымаў падручнікі: пажадана зрабіць гэта да 1 верасня. І яшчэ адзін нюанс: ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2015­2016 навучальным годзе будуць выкарыстоўвацца вучнёўскія дзённікі 2014, 2015 гадоў выдання, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія маюць грыф “Нацыянальны інстытут адукацыі”.

Усіх дзяцей з нецярплівасцю чакаем у нашых прыгожых утульных школах і дзіцячых садках. Грунтоўных вам ведаў і добрых адзнак!

– Вялікі дзякуй за вычарпальныя адказы.

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *