Неподдельный интерес к жизни района. Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь В.П.Андрейченко провёл приём граждан в Ушачах

Общество

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка наведвае раён часта. За ўсе гады на гэтай адказнай пасадзе і пры ўсёй занятасці наш дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі нумар 22 абавязкова раз у квартал праводзіць прыёмы грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб па асабістых пытаннях, і ўшачане заўсёды карыстаюцца прадстаўленай магчымасцю, хоць іх колькасць падчас апошніх прыёмаў намнога меншая, чым гады таму.

Грамадзянка Расіі С.А.Ныркіна, якая мае від на жыхарства ў Беларусі, скардзілася на асобных вадзіцеляў аўтобуса, якія не давалі ёй ільготны білет на падставе расійскага пенсійнага пасведчання (у ім няма фотаздымка). Уладзімір Паўлавіч падкрэсліў, што такую льготу на дачны сезон, згодна адпаведнага ўказа Прэзідэнта, маюць беларускія пенсіянеры, якія і фарміравалі пенсійны фонд краіны. У Расіі такіх ільгот няма. Калі б жанчына перайшла на атрыманне пенсіі ў Беларусі, то магла б атрымаць пасведчанне пенсіянера Беларусі і прад’яўляць толькі яго, а так патрэбны і дакумент з фотакарткай для пацвярджэння асобы.

Не задаволена была жанчына, якая мае кватэру ў аграгарадку Ільюшына, што несвоечасова прыходзіць жыроўка на аплату паслуг і ў ёй падрабязна не ўказана, за што налічана плата. Пытанне ўзята на кантроль.

Інвалід В.М.Падасінавік, які пасля перанесенай аперацыі можа размаўляць толькі з дапамогай спецыяльнага моваўтваральнага апарата, пытаўся, чаму не выпускаюць і немагчыма набыць падобны ў Беларусі. Гэты ён набываў у Санкт­Пецярбургу, а немалыя грошы на яго дапамагалі сабраць былыя супрацоўнікі камунгаса. Уладзімір Паўлавіч адразу падчас прыёму звязаўся з дырэктарам анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах А.Г.Суконкай, які паведаміў, што на гэты час падобныя апараты падбіраюцца індывідуальна кожнаму хвораму, для чаго неабходна прыехаць у цэнтр. Дарэчы, заяўнік, які пасля трох гадоў пасля перанесенай аперацыі не ведаў пра гэта, літаральна днямі і скарыстаўся такой магчымасцю.

Г.Ц.Чульба з Новага Сяла прасіў перагледзець нормы водпуску газу, які зараз па льготным кошце адпускаецца ў разліку пяці балонаў на чалавека на год.  Для вялікай сям’і гэтага дастаткова, а вось аднаму вельмі праблематычна ўкласціся ў пяць балонаў, гаварыў заяўнік. Уладзімір Паўлавіч папрасіў вывучыць пытанне на ўзроўні раёна (паколькі яно датычыцца не аднаго чалавека) і падаць калектыўную заяву, калі і іншыя ўшачане не ўкладаюцца ў адведзеную норму.

Калектыўным быў зварот жыхароў вёскі Вашкова наконт пераносу міні­рынка, які зараз размяшчаецца ля іх дома. Разбірацца з гэтым пытаннем мясцовыя ўлады будуць да 1 верасня.

Яшчэ адна пенсіянерка з Ляснеўшчыны прасіла паспрыяць у выдзяленні сацыяльнага жылля для ўнука­сіраты. Паколькі сацыяльнае жыллё ў гарпасёлку ў апошні час не будавалася, а на чарзе стаіць больш за сотню сірот, то пытанне гэта можна паспрабаваць вырашыць праз райспажыўтаварыства, дзе і працуе малады чалавек, калі будзе месца ў інтэрнаце.

Уладзімір Паўлавіч, як заўсёды, непадробна цікавіўся станам спраў у раёне, у прыватнасці жнівом, будаўніцтвам фізкультурна­аздараўленчага комплексу, занепакоенасць наконт тэмпаў якога праяўляе, паколькі па рэспубліцы кансервуюцца ўсе аб’екты з нізкай ступенню гатоўнасці. Акрамя прыгаданага комплексу наш дэпутат наведаў дзіцячы сад №4, які рамантуецца, і сельспрадпрыемствы раёна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *