Такое некалі малазнаёмае паняцце як “сацыяльны прытулак”, на жаль, ужо не рэжа слых. Сёння ўсе ведаюць, што ў гэтай установе жывуць дзеці, якіх часова забралі ў бацькоў. Дарослым жа дзяржава дае магчымасць вызначыцца з выбарам: дзеці ці гарэлка? На жаль, некаторыя выбіраюць апошняе…
Пацвярджэннем гэтаму стала чарговае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх. Кожная сямейная карціна, якая разгортвалася на вачах у прысутных, не падобная на папярэднюю: у кожнай – свае прычыны, розная ступень раскаяння і індывідуальная мера пакарання. Адзінае, што іх аб’ядноўвала, – заложнікамі сітуацыі сталі дзеці.
“Выпіваць больш не будзем!”
Так сцвярджаў, ледзь не б’ючы кулакамі ў грудзі, грамадзянін К., які разам з жонкай – найперш за п’янку – яшчэ ў красавіку перайшоў у “разрад” абавязаных асоб. Тым не менш, у выбары паміж непаўналетняй дачкой, якая зараз знаходзіцца ў прытулку, і гарэлкай горабацькі дагэтуль канчаткова не вызначыліся. Жанчына хоць і працуе, але перыядычна “падсаджваецца на чарку”, прапановы закадзіравацца ігнаруе. Не спяшаецца завязваць з выпіўкай і яе муж, які з “зайздросным” пастаянствам за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах трапляе ў поле зроку праваахоўнікаў, ды яшчэ дапускае прагулы на рабочым месцы. Дагэтуль няма парадку і ў іх доме, а запазычанасць за ўтрыманне дачкі ў сацыяльнай установе няўхільна расце. Па ўсім відаць, вяртаць дзіця яны не імкнуцца.
Няма дзяцей – няма праблемы?
Калі ў красавіку згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта краіны №18 ва ўшачанкі А. забіралі траіх непаўналетніх дзяцей, тая, здавалася, перажывала на гэты конт. Прайшло чатыры месяцы – і раны засмучанай матулі зажылі: будні яна рэгулярна ператварае ў “свята жыцця” (вядома ж, не без алкаголю), да ўрачанарколага не ходзіць, ды і працаваць асабліва не спяшаецца. Жанчыне нагадалі: калі яна не зменіць у бліжэйшы час сваіх паводзін, не тое што вярнуць дзяцей з прытулку не зможа, але хутчэй за ўсё і сама “пераедзе” ў лячэбнапрацоўны прафілакторый.
“Я пераапранацца за печку хадзіла…”
Такое недарэчнае апраўданне агучыла ўдзельнікам рэйдавай групы грамадзянка адной з вёсак Жарскага сельсавета, калі яе ўсё ж “адшукалі” ўвечары ў задымленым ад топкі печы пакоі. Дарэчы, зачыняць знутры дзверы, хавацца ад правяраючых – у гэтым доме справа звычайная. Тым не менш, кантроль за сям’ёй, у якой выхоўваецца трое непаўналетніх дзяцей (малодшаму толькі тры гады), з боку ўсіх зацікаўленых службаў асаблівы. І на тое ёсць сур’ёзныя прычыны. На агародзе – пустазелле, у двары – трава ледзь не па пояс, а ў доме – бруд і павуцінне, як у той Фядоры са знакамітага дзіцячага верша. Газавага балона ў сям’і няма – ежу гатуюць на печы ці на вогнішчы. Б’юць трывогу і ў мясцовым дзіцячым садзе: малыя прыходзяць брудныя, недагледжаныя, галодныя. Занепакоены станам спраў у сям’і і суседзі: вельмі часта дзеці застаюцца без нагляду старэйшых, што, як вядома, тоіць у сабе значную небяспеку. Узяць хаця б прыгаданы вышэй выпадак з вячэрняй топкай печы: нягледзячы на значную задымленасць выводзіць малых на вуліцу, праветрываць памяшканне ніхто не збіраўся – не цяжка прадказаць, чым усё магло скончыцца…
Члены камісіі аднагалосна прыйшлі да рашэння забраць дзяцей з нядобранадзейнай сям’і. Угаворы бацькоў даць ім апошні шанс прысутных не расчулілі: калі на коне жыццё дзяцей, рызыкаваць нельга!
Адна надзея – на бацьку
Напачатку чэрвеня за п’янку грамадзяніна Б. і яго былой жонкі, а таксама неналаджаны быт іх непаўналетніх дзяцей прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Аднак узяцца за розум жанчына дагэтуль не сабралася: лячэнне ад алкагалізму не прайшла, вядзе амаральны лад жыцця, перыядычна змяняючы “месца прапіскі”, пра выхаванне дзяцей не думае. Чаго, на шчасце, не скажаш, пра тату малых – спрабуе завязаць са згубнай звычкай, у доме наводзіць парадак і рэгулярна наведвае дзяцей у апякунскай сям’і.
Работу над памылкамі зрабілі якасна
Да такога меркавання прыйшлі члены камісіі, разглядаючы справу ўшачан Л. Сапраўды, прызнаць у гэтай прыстойнай на выгляд сямейнай пары абавязаных асоб чалавеку недасведчанаму практычна нерэальна. Тым не менш, яшчэ вясной муж і жонка злоўжывалі алкаголем, за чысцінёй і парадкам у доме не сачылі, ды і пра належнае выхаванне непаўналетняга сына часам забываліся… У выніку напачатку красавіка хлопчыка забралі з сям’і. Бацькам жа далі час на выпраўленне – і яны, што не можа не радаваць, скарысталіся такой магчымасцю. Кожны дзень яны наведвалі сына ў прытулку, абяцаючы зрабіць усё магчымае для яго вяртання дадому. І гэтыя словы пацвердзілі на практыцы. Зараз абое працуюць, пасля кадзіроўкі не п’юць, навялі дома належны парадак. Такія станоўчыя змены выклікаюць аптымізм, таму на пасяджэнні камісіі было вырашана вярнуць хлопчыка маме і тату. Апошнім нагадалі, што назіраць за станам спраў у сям’і будуць і надалей, так што расслабляцца не варта.
* * *
– Пасля прыняцця Дэкрэта №18, – гаворыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Ганна Мікалаеўна Фокіна, – назіраюцца хоць і невялікія, але змены да лепшага. I гэта радуе. Нават калі хоць некалькіх бацькоў удалося накіраваць, як кажуць, на шлях ісціны, зрабіць сем’і шчаслівымі – гэта ўжо вялікая справа.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.