Зараз праходзіць яшчэ адзін важны перыяд, звязаны з правядзеннем выбараў – фарміруюцца спісы выбаршчыкаў. Па якім прынцыпе ідзе замацаванне выбаршчыкаў за ўчасткамі, дзе будзе галасаваць грамадзянін, які зарэгістраваны ў адным месцы, а пражывае ў другім? Калі чалавек можа праверыць, ці ўключаны ён у спісы? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць старшыню Ушацкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Святлану Уладзіміраўну АЎДОШКУ.
– Па першае, давайце нагадаем, хто мае права ўдзельнічаць у выбарах?
– Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія да дня выбараў ці непасрэдна ў гэты дзень дасягнулі 18 гадоў. Не ўдзельнічаюць у выбарах асобы, якія судом прызнаны недзеяздольнымі, знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі ці пад арыштам.
– Спісы выбаршчыкаў фарміруюцца па месцы рэгістрацыі (прапіскі)?
– Так, у спісы ўваходзяць выбаршчыкі, зарэгістраваныя на момант складання спісаў па месцы жыхарства або месцы прабывання. У пераважнай большасці выбаршчыкаў рэгістрацыя (прапіска) супадае з месцам жыхарства. Аднак, не адзінкавыя ўшачане прапісаны ў іншых населеных пунктах, хоць пастаянна пражываюць ва Ушацкім раёне, ці прапісаны не на той вуліцы гарпасёлка, дзе пражываюць. Выбаршчык можа быць уключаны толькі ў адзін спіс, таму яму трэба вызначыцца, дзе галасаваць. У любым выпадку выбаршчык заносіцца ў спісы на падставе пашпарта, у якім пазначана месца рэгістрацыі, ці пашпарта і дакумента, што пацвярджае пражыванне ва Ушацкім раёне (дагавор арэнды, найму і іншае). Калі ў выбаршчыка, які пражывае на Ушаччыне, няма часовай рэгістрацыі па месцы прабывання, яму неабходна звярнуцца да пашпартыста камунгаса і ў пашпартны стол раённага аддзела міліцыі. Калі грамадзянін мае рэгістрацыю і па месцы жыхарства, і па месцы прабывання (напрыклад, студэнт) – ён уключаецца ў спісы толькі на ўчастку для галасавання па месцы прабывання.
– Калі грамадзянін ведае, што 11 кастрычніка ён будзе ў санаторыі або камандзіроўцы?
– Менавіта для такіх акалічнасцей, калі чалавек не зможа знаходзіцца на тэрыторыі свайго выбарчага ўчастка на дзень выбараў (11 кастрычніка), існуе датэрміновае галасаванне – з 6 па 10 кастрычніка. Калі ж выбаршчыка не будзе на месцы больш працяглы час, ён зможа прагаласаваць, напрыклад, у санаторыі, дзе ствараюцца часовыя ўчасткі, ці ва ўчастках для галасавання, створаных за мяжой.
– Дзе выбаршчыкі могуць праверыць, ці ўключаны яны ў спісы?
– Непасрэдна ва ўчастковай камісіі таго населенага пункта, дзе яны зарэгістраваны, можна азнаёміцца са спісамі за 15 дзён да правядзення выбараў, у санаторыях, бальніцах – за 2 дні. Толькі не забывайцеся мець пры сабе пашпарт.
Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.