Пункцік на чысціні
Ці спадабалася вам у нас? Пыталіся гасцінныя балгары ў турыстаў з Беларусі ў апошні дзень адпачынку. “Канечне: мора, адносіны, смачныя цаца (падсмажаная сухенькая кілька) і піва да яе… аднак вось брудна ў вас”.
“Пункцік” на чысціню, напэўна, засеў у кожным беларусе. Гэта ўжо настолькі на паверхні нашай свядомасці, як паперкі ды бутэлькі на вуліцах Сонечнага берага. Дарэчы, не толькі гэтага населенага пункта, які ўяўляе некалькі кіламетраў суцэльных атэляў на ўзбярэжжы Чорнага мора, а і ў горных вёсачках, уздоўж трас таксама адчуваецца нейкая неахайнасць, адсутнасць гаспадарчай рукі, як сказалі б мы. Няма ў іх пункціка на чысціню, няма. Хоць дагледжаныя, прыгожыя і вельмі багатыя як атэлі, так і асабнякі, канечне, ёсць і нямала. Ды і грамадскія месцы таксама прыбіраюцца, па тым жа пляжы кожную раніцу курсіруе трактар, які прасявае пясок. Аднак агульны малюнак марской Балгарыі прайграе азёрнай Беларусі.
Зноў вывучаюць рускую мову
“Чацвёрты раз прыязджаю, – пакуль спускаецца ліфт, расказвае сусед па паверху, – з часоў, як набыў кватэру”. Здзіўляюся, чаму ж тады ў атэлі, калі ўласнае жыллё ёсць, на што расіянін тлумачыць, што кватэра – у гэтым жа атэлі і дадае, што практычна ўвесь чацвёрты паверх выкуплены рускімі, адны потым здаюць, другія прыязджаюць самі ды даюць магчымасць адпачыць знаёмым, сябрам, родным. Апартаменты ж у атэлі – гэта па сутнасці двухпакаёвая кватэра. Плаціць за яе ўжо не трэба, ды і на кафэ эканоміш – прыгатуеш сам, што захочаш. Такім чынам таксама скарачаецца турыстычны бізнес, расказвала экскурсавод, зазначаючы, што ў школах зноў пачалі вывучаць рускую мову. Патрэба. Хоць у Балгарыю едуць немцы, яўрэі, малдаване, англічане, украінцы… – на кожным кроку рускамоўныя турысты. Таму ніякага адчування, што ты ў далёкім замежжы. Хутчэй наадварот, што яны ў гасцях. А на балконах атэляў там і тут аб’явы аб продажы нерухомасці. Дарэчы, вельмі нядорага, двухпакаёўку можна набыць за дваццаць тысяч еўра з невялікім хвосцікам.
Домік у гарах
І калі на ўзбярэжжы атэлі і дамы растуць і прадаюцца, то нерухомасць на вёсцы нікому не патрэбная. Там сітуацыя, як і ў нашых неперспектыўных – памерлі старыкі – на спадчыну ніхто не паквапіцца, так і будзе трухнець былая сядзіба. Моладзь імкнецца шукаць работу паза межамі краіны, тут ужо сітуацыя характэрная для ўсіх краін, нядаўна ўступіўшых у Еўрасаюз. “Прырастае” насельніцтва Балгарыі за лік цыган, якія, як вядома, традыцыйна маюць у сям’і многа дзяцей, аднак вось вучыцца і працаваць на патрэбных краіне спецыяльнасцях не вельмі жадаюць.
Ну а побач з тымі дамамі, што яшчэ стаяць у вёсцы, ходзяць авечкі – распаўсюджаная ў Балгарыі жывёліна, невыпадкова ў магазіне побач з каровіным абавязкова будзе сыр з авечага і казінага малака. І зусім невялікі апрацаваны ўчастак, на якім некаторыя культуры вырошчваюць двойчы. Цыбуля – салодкая, сталовая, памідоры, папрыка, салата, агуркі – распаўсюджаная агародніна. Участкі ля дамоў сапраўды зусім невялікія, мабыць па сілах іх уладальнікаў, якія вымушаны трымаць падсобную гаспадарку, паколькі памер пенсій у перакладзе на беларускія рублі складае ўсяго адзін мільён трыста тысяч. Цэны ж – прыкладна як і ў нас, даражэй там паліва і адпаведна праезд, напрыклад, у грамадскім транспарце – больш 10 тысяч.
Літаральна ўсе зямельныя надзелы – прыватныя, таму і парадак на іх залежыць ад заможнасці і перспектыў гаспадара. Урадлівы чарназём ці ляжаў, вывернуўшы наверх чорнае пуза, ці быў поўнасцю зарослы пажоўклай перасохлай травой. Адны ўжо перааралі, другія і не рабілі гэтага з вясны, а мабыць і гадамі. І ў хуткім часе, верагодней за ўсё, не збяруцца, а колькасць неапрацаванай зямлі павялічыцца, паколькі з 2016 года мяркуецца закрыць 30 тысяч балгарскіх ферм, умовы на якіх не адпавядаюць стандартам Еўрасаюза.
Вольга КАРАЛЕНКА.