Проблему решили цинично. От котов, которые поселились на рынке, избавились жёстким способом

Читатель поднимает проблему

Маленькае кацяня, якое толькі нядаўна пачало радавацца жыццю, нерухома сядзела ў каробцы. Яму прыносілі малако і кавалачкі каўбасы, а яно амаль не рэагавала на ласункі. Калі коціка дасталі з каробкі і пасадзілі на зямлю, ён ледзь сабраў у сабе апошнія сілы, каб стаць на лапкі і адкрыць вочкі. Калі ж яго ўзялі ў рукі, ён хутчэй нагадваў мяккую цацку, якую можна павярнуць у любы бок, а не жывую істоту. Вярнуўшыся ў сваю каробку, коцік зноў прыціх і ледзь дыхаў. Пакуты беднай жывёліны ў аўторак назіралі прадпрымальнікі на рынку, іх намаганні “выхадзіць” кацяня аказаліся дарэмнымі – на наступны дзень яго ўжо не было…

Яшчэ некалькі дзён тыя, хто гандлюе на рынку, былі пад уражаннямі не толькі ад таго, як на іх вачах паміраў маленькі коцік, а і як расправіліся з усімі астатнімі катамі, якія ў апошні час аблюбавалі сабе месцы на рынку.

– Некалькі катоў сапраўды пасяліліся на рынку, а нядаўна з’явіліся на свет яшчэ і чацвёра малых. Канечне, ім тут не месца, але нехта вырашыў праблему даволі жорсткім непрымальным спосабам – атруціў катоў ядавітымі сродкамі. У аўторак, калі мы выйшлі на работу, у жывых застаўся толькі гэты малы коцік, астатнія зніклі, некаторых пазней знайшлі пад ралетамі,  – расказвае Наталля Леанідаўна Корань. – Гэтай непрыемнай сітуацыі магло б і не быць, калі б некаторыя ўшачане не прыносілі непатрэбных ім катоў сюды. Адсюль і карані праблемы: маўляў, можа хто падбярэ сабе, а калі не – то там не прападзе з голаду. Вось і падкормлівалі перыядычна мы іх, бо проста было шкада бедных жывёлін, якія глядзяць даверлівымі вачыма. Зразумела, што бяздомныя жывёлы часам з’яўляюцца пераносчыкамі хвароб, але ж гэта не выйсце – пазбаўляцца ад іх такім метадам у самай мнагалюднай кропцы райцэнтра! Мы вучым сваіх дзяцей быць добрымі і не здзекавацца над жывёламі, а самі на іх вачах усыпляем сабак і катоў ледзь не каля пад’ездаў, атручваем іх у людных месцах. Праблема з бяздомнымі жывёламі існуе. Я лічу і, упэўнена, мяне падтрымаюць калегі, што ў нас не хапае, напрыклад, спецыяльнага прыёмніка, дзе б часова ўтрымлівалася такая жывёла – бяздомная ці згубленая. І ў гэтых жа спецыяльных месцах яна б усыплялася, калі ніхто не пажадаў яе забраць. У некаторых гарадах такое практыкуецца пры жыллёва-камунальных гаспадарках.

Хочацца звярнуцца да грамадзян з вялікай просьбай не прыносіць і не выкідваць катоў на рынку, гэта не падыходзячае для іх месца! – гаворыць Н.Л.Корань.

Яшчэ мудры філосаф і ідэйны асветнік Махатма Гандзі казаў: “Веліч і маральны прагрэс нацыі можна вымераць тым, як гэта нацыя адносіцца да жывёл”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *