Самое сладкое мероприятие. В Ушачах прошёл праздник мёда

Общество

Хоць восень яшчэ не надышла, але ў гарадскім скверы суботні дзень 15 жніўня набыў залатое адценне, тут паўсюдна панаваў колер сонейка, кветак і мёду: усіх ушацкіх ласуноў сабрала разам самае салодкае свята года.

Гэтае мерапрыемства, прымеркаванае да Мядовага спасу, які праваслаўныя вернікі адзначаюць 14 жніўня, стала на Ушаччыне традыцыйным, а аб яго папулярнасці сведчыць той факт, што сёлета ў кірмашы­продажы прадукцыі пчалярства ўдзельнічала амаль удвая больш вытворцаў, чым летась. Мёд самых розных сартоў, праполіс, пылок і нават медавуху прывезлі на свята пчаляры з усіх куточкаў раёна, а таксама з Полацка і Наваполацка.

Пчалярскі пашпарт пад нумарам 1 маюць Анатоль Цярэнцьевіч і Галіна Мікалаеўна Марковічы, а таму жартоўна называюць сваю пасеку ў Арцюшках першай у раёне. А яшчэ Анатоль Цярэнцьевіч падлічыў, што за год ушачане з’ядаюць прыкладна каля тоны сабранага іх сям’ёй мёду. Разам з тым, галоўным пчаляром у раёне мужчына называе сапраўднага аксакала мядовай справы Уладзіміра Міхайлавіча Касцюковіча з Новага Сяла. Дарэчы, гэтая вёска мела на свяце самае вялікае прадстаўніцтва, бо там таксама знаходзіцца пасека патомнага пчаляра Гардзея Цімафеевіча Чульбы, які лічыць справу продкаў важным, але не адзіным сваім захапленнем: мужчына з’яўляецца таксама заўзятым паляўнічым і рыбаловам. Вялікія пчалярскія традыцыі і ў сям’і Валянціны Пятроўны і Мікалая Пятровіча Глінскіх з Пяскоў: свае пасекі маюць бацька і два браты гаспадара. Тое ж можна сказаць пра работніка лясгаса Міхаіла Мікалаевіча Мацюшэнку з Цялічына – з пчоламі працавалі яго дзед і дзядзька, ад якога яму чатыры гады таму перайшла ў спадчыну пасека. Зрэшты, як заўсёды свой якасны мёд прапаноўвала на кірмашы і арганізацыя, у якой працуе прыгаданы пчаляр. Зараз лясгасаўская пасека ва ўрочышчы Муравец налічвае 100 вуллёў, а кожная пчаліная сям’я дае каля 18 кілаграмаў мёду за сезон. Даволі нечакана для сябе прыйшлі ў пчалярства Наталля Віктараўна і Аляксандр Мікалаевіч Гваздзёвы – захапленне прывіў мужу калега па рабоце Пётр Пятровіч Лукашэвіч. Зараз жа сямейны дуэт даглядае 50 вуллёў на некалькіх пасеках, самая вялікая з якіх знаходзіцца ў Ільюшыне. А вось у жыхара Шнітак Мікалая Васільевіча Бурака гаспадарка значна меншая, аднак мёду хапае і сабе, і родным, і на продаж крыху застаецца. Дапамагаюць жа мужчыну спраўляцца з пчоламі жонка і ўнучка. А памагатым пастаяннага ўдзельніка мядовых кірмашоў Васіля Міхайлавіча Конана са Стараселля з’яўляецца яго брат Уладзімір, які кожныя выхадныя прыязджае з Мінска. “Наш мёд – абсалютна экалагічна чысты, бо ў наваколлі вёскі нават сельгасугоддзяў няма, затое ў вялікай колькасці расце галоўны летні меданос – балотны дзягель”, – расказваюць браты. Таксама не ўпершыню ўдзельнічае ва ўшацкім свяце мёду навапалачанін Аляксандр Леанідавіч Маркевіч, што мае пасеку ў Глыбачцы. Любімым мёдам яго сям’і з’яўляецца вясенні, з рапсам –гэтая расліна вельмі карысная для прафілактыкі хвароб сэрца, а па смаку мёд нагадвае карамель. “Мёд трэба есці не тады, калі захварэў, а каб не захварэць”, – пацвярджае словы калегі і Васіль Гаўрылавіч Аляксееў, які прыехаў на свята з Полацка з вялікім асартыментам салодкага тавару.

Адным словам, у шматлікіх ушацкіх аматараў каштоўнага прадукту літаральна разбягаліся вочы, асабліва ж радавалася дзятва, якая ў гэты дзень, напэўна, перавысіла тыднёвую норму ўжывання салодкага, бо ля кожнага століка каштавалі мядком, у конкурсах, што ладзілі бібліятэка і раённы цэнтр дзяцей і моладзі, можна было выйграць прызы­цукеркі, ды і ў фітабары, які разгарнула ў скверы райспажыўтаварыства, было чым паласавацца і дарослым, і дзецям. Цікава, што былі сярод гасцей дзейства і зусім маленькія: напрыклад, маладая мама Марыя Шамшура прыйшла ў сквер з дачушкамі, адной з якіх няма яшчэ двух годзікаў, а другой – усяго месяц. І літаральна ўсіх прысутных парадавала падрыхтаваная культработнікамі забаўляльная праграма, падчас якой гледачам былі прапанаваны вакальныя і харэаграфічныя нумары, жартоўныя сцэнкі і конкурсы – напрыклад, трэба было з завязанымі вачыма па паху вызначыць расліны з беларускіх лугоў і агародаў: з гэтай задачай выдатна справіўся ўшачанін Уладзімір Іванавіч Шаўчэнка, для якога, дарэчы, пчалярства – таксама справа не чужая, бо ў яго бацькі была пасека ў Чарсцвядах.

Зразумела, не засталіся без увагі і галоўныя дзеючыя асобы свята: усе пчаляры ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі дыпломы з рук свайго апекуна і заступніка Ушач Святога Лаўрэна.

Не засталіся ўдзельнікі свята і без пазнавальнай інфармацыі: пра шматлікія карысныя ўласцівасці мёду і вырабленыя на яго аснове прадукты можна было даведацца як ад саміх пчаляроў, так і на арганізаванай раённай бібліятэкай выставе літаратуры, прэзентацыях тавараў касметычных фірм “Арыфлэйм” і “Фаберлік”.

Ну а завяршыць аповед хочацца словамі пчаляра з вёскі Федаронкі Валянціны Макараўны Бурак:

– Вялікі дзякуй усім арганізатарам гэтага цудоўнага мерапрыемства! Падчас яго мы не толькі змаглі прадэманстраваць і рэалізаваць тавар, але і пачулі ў свой адрас шмат цёплых слоў за нашу карпатлівую працу, ды і проста адпачылі душой. З нецярпеннем будзем чакаць сустрэчы на наступны год!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *