Жатва-2015. В Ушачском районе уже четыре экипажа-тысячника

Сельское хозяйство

Тры экіпажы­-тысячнікі з’явіліся ў раёне напрыканцы мінулага тыдня  ў адной гаспадарцы – ААТ “Ільюшынскі”, а ў панядзелак іх колькасць павялічылася да чатырох – пастараўся М.У.Яловік з ААТ “Дземянец”. Першым, яшчэ ў суботу, знакавага паказчыка дасягнуў тандэм у складзе Уладзіміра Уладзіміравіча Лёлі і Ігара Уладзіміравіча Петухова, якія знаходзяцца на вяршыні раённых зводак амаль з самага пачатку жніва. А ў нядзелю на полі за Старым Сялом добры ўраджай элітнага ячменю дазволіў адолець тысячны намалот яшчэ двум экіпажам. І калі да поспехаў Анатоля Дзмітрыевіча Спірыдзёнка ўжо даўно прывыклі, то імя Уладзіміра Урбана, яшчэ аднаго з лідараў на сёлетняй уборцы зерневых – новае. “Механізатар ад Бога”, – коратка і разам з тым ёміста характарызуе працаўніка дырэктар гаспадаркі Сяргей Анатольевіч Халімоненка. Дасягненне маладога камбайнера выглядае яшчэ больш значным, улічваючы тое, што сёлетняя ўборачная для яго першая – вось такі ўдалы “дэбют”. Другі ж нумар гэтага маладзёжнага экіпажа, Ігар Коўшаль, ужо мае вопыт работы памочнікам, у мінулым годзе менавіта ён дапамагаў А.Д.Спірыдзёнку стаць пераможцам раённых спаборніцтваў. Сёлета Анатоль Дзмітрыевіч працуе ў асноўным адзін, бо яго памочнік Андрэй Ланцунцэвіч, які дапамагаў у падрыхтоўцы камбайна, заняты на адвозцы зерня. Але ў любы момант можа падмяніць вопытнага калегу, ды і з рамонтам дапамагае. Такое “сумяшчальніцтва” працэсу не перашкода – і Анатоль Дзмітрыевіч у ліку перадавікоў сярод камбайнераў, і Андрэй сярод вадзіцеляў.

Ушаноўваюць сёлета механізатараў практычна праз лічаныя гадзіны пасля дасягнення знакавых паказчыкаў. Дзеля гэтай важнай і прыемнай справы ў нядзелю ахвяраваў выхадным днём старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу У.М.Круглік, які зранку наведаў “Ільюшынскі”, каб узнагародзіць першых “тысячнікаў”. У.У.Лёля і І.У.Петухоў акрамя дыпломаў і грашовай прэміі атрымалі яшчэ майкі і кепкі. А ў панядзелак, таксама прама на полі, галаўныя ўборы з лагатыпам федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прымяралі ўжо У.Урбан і І.Коўшаль. Атрымаў маладзёжны экіпаж і каштоўныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Трэба адзначыць, што не абдзелены ўвагай перадавікі жніва і з боку праўлення свайго сельгаспрадпрыемства, яго прафсаюзнай арганізацыі. Словы ўдзячнасці і прэміі за плённую працу прыгаданым экіпажам ад кіраўніцтва гаспадаркі таксама сталі дадатковым стымулам для паспяховага завяршэння жніва. Па яго выніках узнагарод і прэмій будзе ўручана значна больш, бо ў гаспадарцы традыцыйна ўзнагароджваюць не толькі працаўнікоў, заняўшых першае­трэцяе месца па абсалютных паказчыках, а і ўлічваюць прадукцыйнасць тэхнікі. І гэта справядліва, бо цяжка канкурыраваць механізатару на КЗС-­10 або “Лідзе” з калегамі, якія кіруюць больш магутнымі КЗС­-1218.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *