22 жніўня ў Беларусі пачнецца летне-восеньскі сезон палявання на вадаплаўную (акрамя гусакоў) і балотную дзічыну. Паляваць можна будзе на вальдшнэпа, вехіра, голуба шызага, перапёлку, фазана.
Паляванне на гэтых птушак будзе дазволена ў светлы час сутак ружжовым спосабам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу, з засады, з пад’езда з маламерных суднаў. Можна выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю з патронамі са шротам, сабак усіх груп, акрамя гончых і барзых. Судны павінны быць без рухавіка або з непрацуючым рухавіком. Можна таксама паляваць без зброі з выкарыстаннем лоўчых птушак.
Таксама з 22 жніўня будзе дазволена паляванне на цецерука любога полу і ўзросту (акрамя самак, якія водзяць маладых птушак) у светлы час сутак ружжовым спосабам з падыходу толькі з паляўнічымі сабакамі – лягавымі, спаніэлямі і рэтрыверамі. Дазваляецца выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю з патронамі са шротам.
В.ЛУК’ЯНОВІЧ, начальнік Полацкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
***
Згодна Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання з 20 жніўня па 30 верасня бягучага года дазваляецца здабываць лася, высакароднага і плямістага аленя, лань. Да здабычы дазволены жывёлы любога полу і ўзросту ружжовым спосабам з засады і падыходу. Можна выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3 000 Дж, гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем кулявых патронаў, паляўнічыя лукі і арбалеты.
Нагадаю, што паляванне без спецыяльнага дазволу, забароненымі прыладамі і спосабамі або ў забаронены час цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць згодна артыкула 15.37 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэнняў Рэспублікі Беларусь. За незаконнае паляванне можна атрымаць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прылад для палявання або без канфіскацыі, але з пазбаўленнем спецыяльнага права.
У Лепельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуе “тэлефон даверу”, па нумары (802132) 43685 можна паведаміць аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства.
С.ЯРМАКОЎ, намеснік начальніка Лепельскай міжраённай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету.