З мінулага тыдня жыхары некаторых населеных пунктаў Ушацкага сельсавета сутыкнуліся з праблемай адсутнасці пітной вады. І калі ў Матырыне і Заазер’і прычынай “засухі” станавіліся праблемы тэхнічнага кшталту – рамонт водаправоду і паломка помпы, то ў Чарнічонках і Станулеве з-за нізкай колькасці ападкаў перасохлі калодзежы вяскоўцаў. “Дзявяты дзясятак год на свеце жыву, а такога яшчэ не было!” – уражаны старэйшына вёсак Мікалай Лявонавіч Захарэнка.
Аб тым, што без вады “і не туды, і не сюды”, ведае кожны. Для гаспадарчых спраў непатрабавальныя вяскоўцы набіралі яе ў копанках, бліжэйшых азёрах, а праблему пітной з дапамогай камунгаса аператыўна вырашыў Ушацкі сельвыканкам. Калі на мінулым тыдні праводзіліся прафілактычныя мерапрыемствы па прамыўцы сістэмы ў Матырыне, вяскоўцы маглі набраць ваду ў бочцы, якую работнікі камунгаса ўстанавілі ў цэнтры вёскі, потым выйшла са строю помпа ў Заазер’і – ёмістасць перамясцілася туды. Паралельна падвоз пітной вады быў арганізаваны ў Чарнічонкі і Станулева, дзе яе залівалі ў пустыя калодзежы. У панядзелак гэтай справай займаўся малады механізатар камунгаса Артур Арцюх. У Чарнічонках ён хуценька раскінуў рукаў і неўзабаве жыватворная вільгаць хлынула ў жалезабетонныя кольцы студні – адно з чатырох, праўда, было запоўнена.
– З мінулага тыдня засталося, – тлумачыць М.Л.Захарэнка. – Ваду беражом. Шчыра кажучы, мы асабліва і не настойвалі на падвозе – да апошняга выкручваліся самі. Але не ў кожнага ёсць магчымасць і тэхніка, каб з’ездзіць па ваду ў іншыя населеныя пункты. Таму вялікі дзякуй мясцовай уладзе, бо амаль усе жыхары нашых вёсак ужо даўнымдаўно на пенсіі – ім і ў калодзеж схадзіць цяжка, не тое што да возера дабрацца.
Пад гэтымі словамі з лёгкасцю можа падпісацца і 70гадовы жыхар Станулева, інвалід другой групы Іван Мікітавіч Чабоха. Зіму мужчына правёў у аддзяленні кругласутачнага прабывання ў Вяркудах, а на лета вярнуўся ў сваю вёсачку. Ён быў вельмі рады прыезду камунгасаўскага трактара з бочкай: “Нарэшце хоць лазню змагу пратапіць! Аднаму мне многа вады не трэба, але і ад гэтага калодзежа данесці вёдры складана, выкарыстоўваю спецыяльную каляску. Калі б ён апусцеў – не ведаю, што рабіў бы!”
Вырашэнне апісанай сітуацыі бачыцца яскравым прыкладам эфектыўнай дзейнасці мясцовай улады. Для таго, каб зняць многія праблемы, не абавязкова звяртацца ў райвыканкам і вышэйстаячыя дзяржаўныя органы – часта дастаткова проста патэлефанаваць старшыні сельвыканкама.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ