Старейшина агрогородка Великие Дольцы Нина Михайловна Пискун всегда в эпицентре событий

Ими гордятся

“Міхайлаўна, хачу зямлі пад ячмень узяць – што для гэтага трэба?” “Вы ўсё ведаеце, падкажыце, як спадчыну аформіць!” “Вось думаю інтэрнэт падключыць – колькі гэта каштуе?” З падобнымі пытаннямі да старэйшыны аграгарадка Вялікія Дольцы Ніны Міхайлаўны Піскун аднавяскоўцы звяртаюцца пастаянна – што і не дзіўна, бо чалавек гэты, па­першае, дасведчаны літаральна ва ўсіх жыццёвых сферах, а па­другое, надзвычай спагадлівы і добразычлівы.

Арганізаваць людзей на суботнік, сабраць сродкі самаабкладання, зрабіць перапіс жыхароў аграгарадка і колькасці іх жывёлы – удала спраўляцца з гэтымі і шматлікімі іншымі абавязкамі старэйшыны Ніне Міхайлаўне дапамагае багаты вопыт работы з людзьмі.

Зрэшты, першая прафесія, якую атрымала ўраджэнка лясной вёсачкі Зарубаўшчына, што ля Касароў, была далёкай ад грамадскай дзейнасці: пасля заканчэння Вялікадолецкай школы яна вывучылася на швачку і ўладкавалася на работу ў віцебскае атэлье, аднак праз некалькі год вярнулася на Ушаччыну, бо выйшла замуж за Пятра Пятровіча Піскуна, які працаваў інжынерам у сельскай гаспадарцы нашага раёна.

Ніна Міхайлаўна ўладкавалася ў Вялікадолецкі сельвыканкам на пасаду загадчыка ваенна­уліковага стала – цяжка паверыць, але ў той час на тэрыторыі сельсавета пражывала каля 600 ваеннаабавязаных. Пазней, скончыўшы завочна Лужаснянскі тэхнікум, працавала галоўным заатэхнікам саўгаса “Вялікадолецкі”. Да сваіх абавязкаў жанчына заўсёды ставілася адказна, актыўна ўдзельнічала і ў грамадскім жыцці, была абрана дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў, а ў 1997 годзе стала яго старшынёй.

– Гэта быў, бадай, самы складаны і насычаны перыяд маёй працоўнай біяграфіі, – расказвае Ніна Міхайлаўна. – Людзі з усімі сваімі праблемамі першым чынам ішлі ў сельсавет: каму печку перакласці, каму франтон адрамантаваць, каму дошкі з піларамы прывезці – усім імкнуліся дапамагчы: шукалі сродкі, транспарт, работнікаў.

Шмат чаго ў той час было зроблена па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Напрыклад, у канцы 90­х разгарнулася кампанія па ўстаноўцы ў буйных вёсках агароджаў уздоўж цэнтральных вуліц. Праводзіліся нават рэспубліканскія семінары па гэтым пытанні, падчас аднаго з іх Ніна Міхайлаўна прыгледзела ў Уздзенскім раёне адмысловы плот на мясцовых могілках, на кожным слупку якога быў зроблены крыжык – пазней падказала гэтую ідэю дырэктару Касарской школы Міхаілу Пятровічу Хомічу, і ён разам з вучнямі ўвасобіў яе ў жыццё: арыгінальная агароджа шмат гадоў прастаяла на вясковых могілках. Сельвыканкам арганізоўваў таксама работы па добраўпарадкаванні знакамітай далецкай крынічкі, сядзібы Е.Лось у Старыне. Пастаянным галаўным болем быў стан помніка воінам і партызанам у Вялікіх Дольцах, літаральна штогод даводзілася яго рамантаваць за сродкі самаабкладання – і вельмі радасна, што сёлета да свята Вялікай Перамогі манумент быў абноўлены. У гэтым плане нельга не выказаць добрыя словы ў адрас цяперашняга старшыні сельвыканкама Алега Леанідавіча Сыса.

– Шчыра кажучы, калі ён быў абраны на гэтую пасаду, крыху хвалявалася – ці зможа малады чалавек без вопыту работы на падобнай службе справіцца з няпростымі абавязкамі, – кажа Н.М.Піскун. – Зараз жа бачу, што зроблены вельмі ўдалы выбар: Алег Леанідавіч з вялікім жаданнем узяўся за справу і ўжо паспеў заваяваць аўтарытэт у жыхароў сельсавета. Мне ж вельмі прыемна, што іншы раз ён не саромеецца звярнуцца да мяне за парадай па той ці іншай справе. І, канечне, яго правай рукой з’яўляецца кіраўнік справамі сельвыканкама Ларыса Васільеўна Цвяцінская, на веды і дапамогу якой у свой час абапіралася і я.

Ну а вопыт, добры характар і арганізатарскія здольнасці самой Ніны Міхайлаўны з’яўляюцца апорай для вельмі многіх. Яна цудоўная жонка, любячая маці і клапатлівая бабуля, а яшчэ выдатная сяброўка: сёлетнім чэрвенем, напрыклад, арганізавала сустрэчу былых выпускнікоў, што скончылі Вялікадолецкую школу 45 год таму. Прыехала аж 18 чалавек, іншагародніх збірала праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце (нягледзячы на пенсійны ўзрост жанчына добра валодае камп’ютарам). Сваім важаком абралі Ніну Міхайлаўну і члены мясцовай пярвічкі раённай ветэранскай арганізацыі. Дарэчы, падчас выбараў яна звычайна з’яўляецца назіральнікам ад прыгаданай грамадскай арганізацыі.

– У сувязі з гэтым давялося добра асвоіць выбарчае заканадаўства, вывучаю і праграмы кандыдатаў, бо часта вяскоўцы, асабліва пажылыя, звяртаюцца да мяне з пытаннямі кшталту “А што гэта за чалавек?”, “Якая ў яго пазіцыя?”. Члены ж камісіі не могуць гэта патлумачыць, а ў назіральніка такое права ёсць.

На пытанне, ці не ў цяжар ёй усе гэтыя абавязкі, Ніна Міхайлаўна адказвае, што пастаянна знаходзіцца сярод людзей і ў гушчыні падзей – гэта прывычка, якая стала патрэбай. “Ад жыцця не адыходжу!” – кажа яна, і менавіта за гэтую грамадскую актыўнасць прозвішча Н.М.Піскун занесена сёлета на раённую Дошку гонару.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *