«Столбоуборочный» комбайн. В Кубличах механизатор повредил опору линии передач и скрылся с места ДТП

Закон - один для всех

Дарожна­транспартнае здарэнне, пра якое зараз пойдзе гаворка, напэўна, і не набыло б шырокага рэзанансу, калі б непасрэдны яго ўдзельнік пасля інцыдэнту дзейнічаў згодна з існуючым заканадаўствам. Атрымалася ж так, што, імкнучыся пазбегнуць адказнасці, грамадзянін наламаў яшчэ больш дроў.

Разгортваліся падзеі ў мінулую пятніцу, 7 жніўня, у Кублічах. Пасля паломкі стужкавага транспарцёра на камбайне КЗС-­10 работы на палетках для механізатара мясцовага сельгаспрадпрыемства і яго памочніка былі прыпынены. На мехдвор апошні паехаў разам з сынам на ўласным аўтамабілі, камбайнер жа – на даручанай яму сельгастэхніцы. Рухаючыся па вуліцы Дзісненскай аграгарадка, механізатар не ўлічыў габарыты транспартнага сродку і бакавы інтэрвал, у выніку чаго жняяркай камбайна зачапіў і пашкодзіў апору лініі электраперадач. Паведамляць пра здарэнне ў аддзел міліцыі і непасрэдна ў КУСГП “Кублічы” не стаў. Калі ж праз некаторы час да яго прыехалі супрацоўнікі ДАІ, мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Па яго словах, выпіў бутэльку гарэлкі ўжо на мехдвары, а на момант здзяйснення ДТЗ быў цвярозы. Магчыма. Аднак тое, што грамадзянін паспрабаваў “схавацца” ад адказнасці, ды яшчэ ўзяўся за чарку адразу пасля здарэння, выклікае іншыя думкі…

Як нам патлумачыў начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі Я.Ф.Каўнурка, калі б механізатар адразу пасля дарожна­транспартнага здарэння выклікаў праваахоўнікаў, а праведзены медыцынскі агляд пацвердзіў адсутнасць алкаголю ў яго крыві, то адказваць мужчыну давялося б толькі за парушэнне ч.1 арт.18.17 КоАП Рэспублікі Беларусь – парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула пашкоджанне дарожных і іншых збудаванняў (штраф ад 3 да 30 базавых велічынь або пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам да 2 гадоў). У дадзеным жа выпадку ў адносінах парушальніка было складзена адразу тры пратаколы. Акрамя названага вышэй – па ч.4 арт.18.17 КоАП – пакіданне вадзіцелем месца ДТЗ, удзельнікам якога ён з’яўляецца (штраф ад 5 да 20 базавых ці пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам да 2 гадоў), а таксама па ч.3 арт.18.16 – ужыванне вадзіцелем алкагольных напояў пасля здзяйснення ДТЗ, удзельнікам якога ён з’яўляецца, да праходжання спецыяльнага медагляду (штраф ад 50 да 100 базавых з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 3 гады).

Відавочна, што гэтага інцыдэнту магло і не быць, калі б на сельгаспрадпрыемстве працоўная дысцыпліна была на належным узроўні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *