Уборочная кампания-2015 в КУСХП «Ореховно»

Сельское хозяйство

Працаўнікоў самых розных калектываў можна сустрэць на палетках КУСГП “Арэхаўна” спякотным жнівеньскім днём. Няхай і не поўнасцю ўдалося вырашыць кадравыя пытанні, але тыя, хто распачынаў уборачную, разумеюць адказнасць справы – побач да цёмнага працуюць мясцовыя механізатары, работнікі камунгаса, лясгаса, прадпрыемства меліярацыйных сістэм. І нават пенсіянеры ў гарачую пару прыйшлі на дапамогу роднаму сельгаспрадпрыемству.

Ужо некалькі гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку былы працаўнік гаспадаркі Мікалай Іванавіч Гусёнак, але адклікнуўся на просьбу дырэктара і працуе памочнікам на камбайне ў сына. Аляксандр Гусёнак з ліку тых механізатараў, які можа выконваць любы від работ – вось і за руль КСК­1218 давялося сесці.

Побач з сямейным “падрадам” Гусёнкаў працаваў экіпаж пад кіраўніцтвам аднаго са старажылаў гаспадаркі – Аляксандра Каваленкі, памочнікам у якога Мікалай Купрыянаў. Трэці камбайн аддалі ва ўмелыя рукі былых сваіх, а зараз работнікаў камунгаса Арцёма Баяронка і Валерыя Башуна. Апошні экіпаж, дарэчы, працуе выключна на збажыне, а вось А.Каваленка ўжо ўбіраў цімафееўку на насенне, А.Гусёнак – рапс.

Толькі тры камбайны задзейнічаны сёлета на жніве ў “Арэхаўне”. Не знайшлі больш работнікаў адпаведнай кваліфікацыі, каб пасадзіць за руль. Вось і стаіць на падворку сельгаспрадпрыемства спраўны і падрыхтаваны КЗС­10.

Сваю тэхніку механізатары берагуць. Бачыў як спыняліся і ачышчалі кампрэсарам радыятар. Механізмы забіваюцца пылам, які паўсюдна, і моцна награваюцца.

Зерне паступае з поля адразу ў Арэхаўна на склад, бо вільготнасць, якая на пачатку ўборачнай была 22­23 працэнты, зараз знізілася да 12­13 – насенне дастаткова толькі ачысціць і можна смела засыпаць у засекі.

– Прэтэнзій да людзей няма, стараюцца ўсе, – расказвае малады аграном гаспадаркі Іван Пішчык. – Працавалі і да паловы адзінаццатага вечара. Работнікі іншых арганізацый з разуменнем адносяцца да таго, што ў васьмігадзінны дзень на жніве ніяк не ўкласціся, тым больш пры невялікай колькасці камбайнаў.

Кожны новы дзень складаецца па­рознаму. Напрыклад, у аўторак зламаўся самазвал Сяргея Гіраўкі з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, таму назіраўся дэфіцыт тэхнікі на адвозцы. Пакуль Аляксандр Ясюк абслугоўваў камбайн А.Баяронка і В.Башуна ля Ліпавак, МАЗ лясгаса з прычэпам, за рулём якога знаходзіўся Сяргей Смаргун, адвозіў зерне адразу ад двух камбайнаў.

Нягледзячы на тое, што сур’ёзных паломак камбайнаў пакуль удавалася пазбегнуць, вынікі з пачатку жніва маюць вялікую разбежку – ад 60 да 165 тон. Ураджайнасць сёлета ў “Арэхаўне” нават крыху больш сярэднераённай, на асобных участках – значна вышэй, але гэта нівеліруецца вымачкамі.

Як і ў астатніх гаспадарках раёна, у “Арэхаўне” паралельна са жнівом ідзе працэс нарыхтоўкі саломы. Рулоны звозяцца ў сцірты, і палі адразу стараюцца ўзворваць – у панядзелак на гэтых відах работ працавала дзве адзінкі тэхнікі з фермерскай гаспадаркі “Панскі двор”, якая сёлета з вясны ўжо не раз дапамагала “Арэхаўну”.

Літаральна на наступны дзень камбайнеры гаспадаркі завяршылі ўборку азімых і перайшлі на яравыя культуры. Як бачна, прыспешваць тут нікога не трэба, бо падганяе хлебаробаў само надвор’е: “Паспрабуй убраць, калі задажджыць! – разважае І.Пішчык. – Стараемся справіцца як мага хутчэй, але дзеля скорасці якасцю ахвяраваць не будзем ні ў якім разе!”

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *