Крыху больш двух тыдняў засталося да пачатку новага вучэбнага года. Школьнікі, якія адпачнулі за лета, ужо гатовы ісці насустрач новым ведам. А вось многія бацькі яшчэ азадачаны падрыхтоўкай да школы сваіх дзяцей. Кожны з нас, напэўна, успомніць, як старанна складвалі ў новы ранец купленыя сшыткі, ручкі, алоўкі, як хацелася хутчэй апрабаваць фламастары і пачаць пісаць у новенькім дзённіку. Закупка канцылярскімі таварамі – немалаважная частка падрыхтоўкі да школы. Асартымент сшыткаў, алоўкаў, фарбаў, альбомаў і іншага сёння даволі шырокі, і пакупнікі могуць падабраць тавар па гусце і кашальку.
Як нам стала вядома пасля наведвання асноўных гандлёвых кропак, дзе можна набыць “канцылярыю”, ушачане пакуль не надта актыўныя ў гэтым плане і, пэўна, адкладваюць падрыхтоўку да школы на самы апошні момант.
Ні адзін школьнік не пойдзе на заняткі без сшыткаў. Гэты важны атрыбут у шырокім асартыменце маецца ва ўнівермагу, тут сшытак на 12 лістоў каштуе 1100 рублёў, у кіёску “Белсаюздрук” сшыткі прадаюцца па 14001500 рублёў, а вось на рынку і ў магазіне “Белбланкавыд” кошт на тоненькі сшытак ніжэйшы – 900 рублёў. Цана на паўагульныя сшыткі ва ўнівермагу ад 3700 да 7000 рублёў, у “Белсаюздруку” – 33003900, на рынку ўсе паўагульныя па адной цане – 6000 рублёў, а ў “Белбланкавыдзе” – па 4500. Кошт на агульны сшытак ва ўнівермагу вагаецца ад 7000 да 9500, у “Белсаюздруку” цана на яго складае 8900, у магазіне “Белбланкавыд” – 6300 і 7500, на рынку – 12000 рублёў.
Ніяк не абысціся любому школьніку і без дзённіка, ва ўнівермагу ён каштуе 7200 (для 14 класаў) і 7500 (для 511 класаў). На рынку можна купіць дзённік у мяккай вокладцы за 8000 рублёў і за 20000 рублёў у цвёрдай.
Вокладкі для сшыткаў ва ўнівермагу каштуюць 500700 рублёў, а набор для кніг (8 шт) 24700. На рынку вокладкі для сшыткаў прадаюцца па 1000 рублёў, для кніг – 4000, для дзённікаў – 3000 рублёў.
Цана на алоўкі і фламастары залежыць ад колькасці колераў і вытворцы. Так, ва ўнівермагу на алоўкі яна ад 9000 рублёў, у кіёску “Белсаюздрук” ад 8100, на рынку – 18000 і 19500, тут, дарэчы, і вялікі выбар фламастараў, самыя хадавыя з іх на 6 і 12 колераў каштуюць 7000 і 15000 адпаведна, набор двухбаковых можна купіць за 35000. У “Белсаюздруку” фламастары на 6 і 12 колераў каштуюць 11800 і 22600 рублёў.
Кошт на фарбы ва ўнівермагу вагаецца ад 16000 да 40000 у залежнасці ад колькасці колераў, у “Белсаюздруку” – 625013100, на рынку – 9000 і 15550, у “Белбланкавыдзе” ёсць фарбы на 12 колераў за 21000 рублёў. Гуаш можна знайсці на рынку ад 27000 да 50000, у “Белбланкавыдзе” прадаецца па 21000.
Маленькім ушачанам падчас заняткаў спатрэбіцца і пластылін. У залежнасці ад яго віду – звычайны ці васковы – адрозніваецца і кошт: ва ўнівермагу – ад 17000 да 28000, на рынку – ад 10000 да 36000, у “Белбланкавыдзе” ў продажы толькі васковы за 24000 рублёў.
Альбомы на 40 лістоў для школьніка можна купіць на рынку за 1400016500 рублёў, у “Белбланкавыдзе” альбом на 30 лістоў прадаецца за 12500 рублёў, ва ўнівермагу – 12100.
– Каб “укамплектаваць” ранец школьніка канцылярскімі таварамі ў сярэднім патрэбна 500600 тысяч рублёў. Хоць ужо сярэдзіна жніўня, ніякага ажыятажу не назіраецца, магчыма, бацькі ўсё ж адкладваюць пакупкі на апошні момант, – расказвае індывідуальны прадпрымальнік Т.Сініца, якая прапануе ўшачанам вялікі выбар канцылярскіх тавараў на рынку гарпасёлка.
Калі купляць усё неабходнае для дзіцяці адразу – адзенне, абутак, канцылярскія тавары – гэта адчувальна ўдарыць па кашальку. Таму некаторыя бацькі робяць гэта ў некалькі этапаў на працягу ўсяго лета і застаюцца, як кажуць, у выйгрышы.
Некаторыя вопытныя бацькі раяць выбіраць канцтавары разам з дзецьмі. Вельмі важна, каб школьніку падабалася тое, што вы купляеце, гэта будзе толькі спрыяць развіццю акуратнасці, стараннасці і арганізаванасці.
Першае верасня ўжо не за гарамі, а таму адпраўляйцеся за пакупкамі!
Вольга КАМАРКОВА.