На строительстве физкультурно-оздоровительного комплекса заняты не только ушачане. Готовность объекта составляет 40 процентов

Общество

Будоўля фізкультурна­аздараўленчага комплексу “Юнацтва” ў гарпасёлку дае занятак не толькі частцы працаўнікоў нашай ПМК-­66. На пачатковых этапах будаўніцтва розныя віды работ тут выконвалі нашы меліяратары і дарожнікі, а зараз дзякуючы гэтаму аб’екту маюць магчымасць зарабіць каля дзясятка іншых арганізацый. Даводзілася чуць, што “навошта прыцягваем чужых, няхай бы свае працавалі”. Але маштабы і тэрміны будаўніцтва ніяк не суадносяцца з магчымасцямі нашых зодчых – бывае, што за суткі на ўзвядзенні комплексу асвойваецца і трыста мільёнаў рублёў!

На мінулым тыдні тут працавалі і пры святле лямпаў – толькі а палове трэцяй гадзіны ночы працаўнікі Глыбоцкай ПМК­48 скончылі заліўку бетоннай сцяжкі на другім паверсе ў будучай зале, дзе размесцяцца сталы для настольнага тэнісу, будзе памяшканне для дзюдаістаў. Для таго, каб не прастойваў бетонарукаў, на падвозе раствору з наваполацкага філіяла ААТ “Крычаўцэменташыфер” было задзейнічана восем адзінак тэхнікі, два магутныя міксеры “МАN” мелі нават мінскую “прапіску”.

– Выдзелены сродкі, таму стараемся максімальна хутка іх асвоіць, – тлумачыць дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна Аляксандр Сяргеевіч Лосеў, ведамства якога непасрэдна курыруе будоўлю фізкультурна­аздараўленчага комплексу. – Ёсць неабходныя матэрыялы, людзі працуюць практычна без выхадных.

Па назвах працуючых на цяперашні момант на будоўлі арганізацый можна вывучаць геаграфію Віцебшчыны. Тут задзейнічаны тры брыгады Ушацкай ПМК­-66 – муляры, тынкоўшчыкі і цесляры­бетоншчыкі. Побач з імі на кладцы і тынкоўцы сцен працуюць таксама работнікі Шаркоўшчынскай ПМК­-68, дзяржаўнай будаўнічай арганізацыі з Пастаў, устаноўкай вакон займаюцца цесляры ПМК­52 з Докшыц, а на даху шчыруюць работнікі прыватнай фірмы “ПлісаІнвест” з абласнога цэнтра.

Толькі сёлета на будаўніцтва фізкультурна­аздараўленчага комплексу накіравана 6,4 мільярда рублёў з рэспубліканскага бюджэту і звыш 600 мільёнаў з мясцовых. У многім дзякуючы гэтаму аб’екту раён выконвае даведзены паказчык па інвестыцыях. Параўноўваючы лічбы, бачна, што адзін працэнт гатоўнасці фізкультурна­аздараўленчага комплексу каштуе дзесьці каля мільярда рублёў – усяго за час узвядзення стратэгічнага аб’екта на гэтыя мэты затрачана звыш 40 мільярдаў, на сённяшні дзень ён гатовы на 40 працэнтаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *