Собираем ребёнка в школу: где и что можно купить в Ушачах по приемлемым ценам

Общество

Перад пачаткам новага навучальнага года сапраўдным галаўным болем для бацькоў школьнікаў з’яўляецца падрыхтоўка дзяцей да вучобы, а дакладней – школьныя закупкі. Работнікі Ушацкага райспажыўтаварыства супакойваюць: усё неабходнае ў продажы ёсць, прычым па даволі прымальным кошце.

Зараз ва ўнівермагу вопратка амаль на любы густ і кашалёк. Асартымент прадстаўлены выключна таварамі беларускіх вытворцаў: “Калінка” (Салігорск), “БелКрэда” (Навагрудак), “8 Сакавіка” (Гомель). Шмат тут касцюмаў, жакетаў, блузак, штаноў, кашуляў, джэмпераў, сарафанаў і жылетаў. Традыцыйна прапанаваны вялікі выбар – і па мадэлях, і па фактуры – спартыўных касцюмаў, нацельнай бялізны, куртак.

Кошт можа прыемна здзівіць пакупнікоў. Напрыклад, хлапчуковы касцюм-двойку для прадстаўніка малодшага школьнага ўзросту можна набыць усяго за 343 тысячы рублёў (ёсць і мадэль за 634800), штаны з жылетам – за 314 тысяч 600 ці 371 тысячу 800. Касцюмы большых памераў каштуюць 1 мільён 60 тысяч рублёў, а жакеты – ад 129 да 242 тысяч. Без праблем можна падабраць для хлопчыка кашулю, белую ці каляровую, а для завершанасці вобразу – яшчэ і гальштук. Кошт сарафанаў для дзяўчынак складае ад 90 (!) да 343 тысяч, спадніц – ад 135 да 178, жакетаў – ад 193100 да 400 тысяч 400 рублёў, блузак – ад 127100 (мінулагодні завоз) да 405 тысяч. Дарэчы, можна падабраць больш просты, а значыць і танны варыянт, напрыклад, блузку-гольф усяго за 78700 ці белы світэр за 63100.

Хочацца дадаць, што асартымент школьнага адзення, прапанаваны ва ўнівермагу, сёлета прыемна здзівіў. Акрамя традыцыйна высокай якасці гэтыя рэчы “падкупляюць” яшчэ і прывабным знешнім выглядам. Асабліва гэта датычыцца дзявочых убораў. Эфектны чорны касцюм з ярка-чырвонымі рэменем і выстрачкай, экстравагантныя сарафаны з выразамі, гузікамі, устаўкамі “пад скуру”, стыльныя джэмперы-падманкі і іншае парадуюць юных ушацкіх модніц.

Думаецца, даспадобы прыйдуцца школьнікам ранцы і маладзёжныя сумкі, прадстаўленыя ва ўнівермагу. Кошт іх складае ад 299 да 445 тысяч. Майце на ўвазе, што ад зручнасці мадэлі ранца ў многім залежыць здароўе спіны дзіцяці. Якасная рэч павінна быць зроблена са шчыльнай воданепрапускальнай тканіны з трывалымі швамі і кантамі, утрымліваць шмат зручных кішэняў і ёмістае ўнутранае аддзяленне. Правільны школьны ранец павінен важыць менш за 1 кілаграм, мець артапедычную спінку, шлейкі, якія рэгулююцца, зручныя замкі і маланкі, а таксама святлоадбівальнікі.

Калі выбраць усё неабходнае з ходу не атрымалася – не адчайвайцеся. Як нам паведамілі работнікі ўнівермага, у бліжэйшы час чакаецца завоз ранцаў, а таксама касцюмаў і штаноў для хлопчыкаў, сарафанаў і джэмпераў для дзяўчынак.

Абутак для дзяцей паступае ў “Гандлёвыя рады” з абутковых прадпрыемстваў Магілёва, Гродна, Ліды, СП “Марка”, ЗАТ “Сівельга” і іншых. Асартымент пастаянна абнаўляецца, а таму кожны вучань знойдзе тут патрэбную пару па сваім гусце. Кошт тавару разнастайны, залежыць у першую чаргу ад мадэлі.

Выязны гандаль райспажыўтаварыства пад шыльдай “Школьны базар” чакае пакупнікоў у першай палове дня на рынку райцэнтра. Неабходны асартыментны пералік тавараў завезены і ў сельскія магазіны. Для таго ж, каб найбольш поўна ўлічыць запатрабаванні пакупнікоў, у гандлёвых кропках прымаюцца папярэднія заяўкі на той ці іншы тавар. Асабліва такая магчымасць павінна зацікавіць бацькоў, дзеці якіх па сваіх фізічных асаблівасцях не падыходзяць пад стандартныя памеры адзення ці абутку.

Калі сямейны бюджэт не дазваляе затраціць за адзін раз патрэбную суму, выйсце ёсць. З 25 ліпеня па 31 жніўня ў раёне дзейнічае акцыя “Добры дзень, школа!”: пры пакупцы тавараў школьнага асартыменту (адзення, канцылярскіх тавараў) на суму 700 тысяч рублёў і больш можна скарыстацца беспрацэнтным крэдытам на тэрмін да трох месяцаў без першапачатковага ўзносу.

Дарэчы, школьнымі таварамі, акрамя райспажыўтаварыства, гандлююць індывідуальныя прадпрымальнікі. Выбар за пакупнікамі, якім варта паспяшацца: верасень не за гарамі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *