Как Ушачская ПМК-66 планирует выходить из сложного положения?

Общество

На працягу больш чым паўстагоддзя галоўным прадстаўніком будаўнічай сферы ў нашым раёне з’яўляецца ДКУБП “Ушацкая ПМК­-66” – арганізацыя са слаўнай гісторыяй і традыцыямі. І хоць прадпрыемства перажывае зараз няпростыя часы, хочацца верыць, што яно здолее ўтрымацца на плыву і знайсці свой правільны эканамічны фарватар. У многім гэта будзе залежыць ад новага кіраўніка арганізацыі Анатоля Уладзіміравіча Крывапушчанкі, які на гэтым тыдні быў зацверджаны дырэктарам ПМК­-66. Стану спраў і шляхам вырашэння праблем прадпрыемства прысвечана наша з ім гутарка.

– Пры зацвярджэнні на кіруючую пасаду чалавека прынята віншаваць…

– Напэўна, лепей абыдземся без гэтага, бо ўсім добра вядома, у якім стане зараз знаходзіцца наша знакамітае прадпрыемства. Для мяне гэта будзе вялікім выпрабаваннем на прафесійную вартасць, але я намераны зрабіць усё магчымае, каб зноў запусціць крытычна замарудзіўшы ход вытворчы механізм.

– У сягонняшніх рэаліях галоўнай мэтай з’яўляецца пошук аб’ёмаў работ.

– Сітуацыя ў галіне складаная, з­за недахопу фінансавання прыпынены многія аб’екты, да таго ж з­за вялікіх запазычанасцей мы не маем магчымасці ўдзельнічаць у тэндарах, таму вымушаны працаваць толькі там, дзе заказчык ці генпадрадчык сам камплектуе матэрыяльныя рэсурсы. Галоўныя сёлетнія аб’екты, дзе працуем на субпадрадзе – будаўніцтва фізкультурна­аздараўленчага комплексу і рамонт дзіцячага сада №4. Акрамя таго бяромся за любыя, нават самыя дробныя заказы: у ліпені, напрыклад, займаліся рамонтам прахадной у лясгасе, фасада агароднінасушыльнага завода, завяршылі запланаваны аб’ём работ на УП “Сарочына”, пачалі бягучы рамонт жылога дома па вуліцы Піянерскай, што знаходзіцца на балансе “Ушацкага райаграсэрвіса”. У бліжэйшых планах – рамонт будынка рэдакцыі, прахадной на комплексе “Завячэлле”.

– Балючым пытаннем для ПМК­66 з’яўляецца выплата заработнай платы.

– Так, але прыкладаем шэраг намаганняў, каб выправіць становішча, у тым ліку мелі практыку выплаты часткі зарплаты харчовымі таварамі. На цяперашні час ужо закрылі чэрвеньскую ведамасць, пачалі выплату за ліпень і нават знайшлі магчымасць налічыць прэміі да прафесійнага свята.

– Не сакрэт, што памер зарплаты на вашым прадпрыемстве невысокі. Як мяркуеце стымуляваць работнікаў, каб захаваць касцяк калектыву?

– Найперш маю намер змагацца з ураўнілаўкай. Прэзідэнцкі дэкрэт №5 даў кіраўнікам больш шырокія паўнамоцтвы, мы маем магчымасць пераглядаць сістэму аплаты працы на прадпрыемстве. Збіраемся адмовіцца ад кантрактнай сістэмы для часткі работнікаў, у адпаведнасці з якой людзі атрымліваюць даплату за кантракт незалежна ад выкананай работы. Кантрактная сістэма застанецца толькі для спецыялістаў і кіраўнікоў службаў. Перавядзём на здзельную аплату будаўнікоў, вадзіцеляў­механізатараў, для прарабаў будзе ўведзена прэміяльная аплата за выкананыя аб’ёмы работ.

– На каго мяркуеце апірацца ў рабоце?

– У нашым калектыве працуе нямала старанных і сумленных спецыялістаў. Пры ўсіх цяжкасцях напярэдадні свята мы палічылі неабходным правесці ўрачыстае мерапрыемства, каб ушанаваць лепшых працаўнікоў. Некаторыя з іх сёлета адзначаны на розным узроўні. Так, Ганаровыя граматы КУВПБП “Полацксельбуд” атрымалі вядучы інжынер планава­вытворчага аддзела Вольга Антонаўна Парашкіна і брыгадзір цесляроў Аляксандр Вітальевіч Касіч,  Удзячнасці генеральнага дырэктара галаўнога прадпрыемства – дыспетчар будаўнічы Ігар Мікалаевіч Арэхва і матарыст бетонна­змяшальных установак Васіль Васільевіч Сісковіч, Ганаровай граматай абкама прафсаюза работнікаў АПК узнагароджана бухгалтар Наталля Валер’еўна Блашкевіч. На святочную ўрачыстасць мы, вядома ж, запрасілі і ветэранаў­будаўнікоў, якія прысвяцілі прадпрыемству ўсё працоўнае жыццё – гэта, напрыклад, Васіль Пятровіч Полазаў, Васіль Паўлавіч Собаль, Людміла Аляксееўна Альхоўка, Анастасія Іосіфаўна Жарнасек, Зінаіда Антонаўна Клубаева і іншыя. Маладым работнікам ёсць чаму павучыцца ў гэтых руплівых адказных людзей.

– Вялікі дзякуй за размову, шчыра віншуем ваш калектыў з прафесійным святам і жадаем, каб усё намечанае ажыццявілася.

Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *