Добавленные цифры отняли многое. Бухгалтер одной из организаций Ушачского района нашла способ увеличения своей зарплаты

Закон - один для всех

Кожны работнік марыць аб павелічэнні зарплаты. Хтосьці дзеля дасягнення гэтай мэты павышае кваліфікацыю, нехта працуе на дзве стаўкі, а вось бухгалтар адной з дзяржаўных устаноў нашага раёна вынайшла спосаб павелічэння зарплаты шляхам… простага змянення лічбаў у ведамасці.

Асноўвалася ж няхітрая злачынная схема на даверы, з якім адносіліся да работніцы калегі. Складаючы спісы для залічэння зарплаты, бухгалтар дадавала асобным работнікам установы па некалькі незаробленых імі мільёнаў, а перад адпраўкай па сістэме “Кліент­Банк” карэкціравала суму і залічала лішкі на ўласны карт­рахунак. Невядома на што разлічвала махлярка, бо першая ж праверка вывела б яе на чыстую ваду. Зрэшты, у выніку зрабілі гэта самі калегі, звярнуўшы ўвагу на падазрона вялікую суму заробку бухгалтара. Супрацоўнікамі Следчага камітэта было ўстаноўлена, што за перыяд з кастрычніка 2014 па люты 2015 года бухгалтар дзяржаўнай установы здзейсніла крадзеж бюджэтных грашовых сродкаў у суме 14 841 690 рублёў, прычым, зрабіла гэта з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, што далучае гэтае злачынства да разраду карупцыйных.

Жанчыне было прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Аднак, улічваючы тое, што яна здзейсніла злачынства ўпершыню, цалкам пакрыла нанесены дзяржаве ўрон, мае на ўтрыманні непаўналетняе дзіця і ў цэлым станоўча характарызуецца па месцы працы і жыхарства, Следчы камітэт са згоды пракурора раёна палічыў магчымым спыніць крымінальную справу і прымяніць да абвінавачваемай меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь.

Зразумела, што ў падобных выпадках важна высветліць і ўхіліць прычыны, якія зрабілі магчымым здзяйсненне карупцыйнага злачынства. Як паказала праверка, праведзеная работнікамі пракуратуры, галоўны бухгалтар установы падпісваў ведамасці па налічэнні заработнай платы без праверкі ўказаных у іх звестак, чым фактычна стварыла глебу для здзяйснення злачынства. Па выніках праверкі кіраўніку дзяржаўнай установы было ўнесена прадстаўленне на ўхіленне парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства, пасля разгледжвання якога, у адпаведнасці з Дэкрэтам №5 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, бухгалтар вызвалены з займаемай пасады без магчымасці ў далейшым уладкавацца на работу ў дзяржаўную службу, а галоўны бухгалтар прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Хочацца, каб гэты выпадак стаў урокам для тых, хто плануе паправіць сваё матэрыяльнае становішча незаконным шляхам. І хоць для асобы, пра якую ішла гаворка, сітуацыя вырашылася максімальна мякка, у іншых выпадках злачынцы, што скарысталіся службовымі паўнамоцтвамі, могуць правесці за кратамі значную частку свайго жыцця – прыкладаў гэтаму нямала.

М.ПАДВОРНЫ, пракурор Ушацкага раёна.



1 комментарий по теме “Добавленные цифры отняли многое. Бухгалтер одной из организаций Ушачского района нашла способ увеличения своей зарплаты

  1. Коррупция Отдела Культуры Ушачского райисполкома. И так везде, это не единственный случай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *