Камбайны рухаюцца па прыгожым жоўтым полі, спяшаюцца адвезці намалочаныя тоны грузавыя аўтамабілі і трактары. У раёне набірае тэмпы ўборачная кампанія.
У пачатку гэтага тыдня ў адной з самых буйных гаспадарак – ААТ “Ільюшынскі” ўжо намалацілі першую тысячу тон. Сёлета сямі камбайнам сельгаспрадпрыемства неабходна ўбраць хлеб з больш чым двух тысяч гектараў, каб паспець справіцца з такім вялікім аб’ёмам работы, працаўнікі прыступілі да ўборачнай аднымі з першых у раёне на мінулым тыдні. Літаральна за некалькі дзён быў убраны азімы рапс, пасля чаго адразу ж перайшлі на зерневыя культуры. І калі рапс сёлета не “дацягнуў” да жаданых вынікаў, сабрана толькі 14,8 цэнтнера з гектара, то ўраджай зерня радуе намнога больш. Канечне, ураджайнасць на розных участках неаднолькавая, але ў цэлым пакуль нядрэнная. Напрыклад, поле азімай пшаніцы каля вёскі Жары дало больш за 35 цэнтнераў, хоць і была на ім моцная палегліца. А гэтая ж культура ў Завыдрыне таксама парадавала.
– Толькі сёння прыступілі да ўборкі гэтага поля, а ўжо магу з упэўненасцю сказаць, што на ім вырас добры для нашых краёў ураджай – каля 40 цэнтнераў з гектара! Машыны ледзь паспяваюць адвозіць зерне ад камбайнаў, ды і механізатарам прыемна, што бункеры хутка напаўняюцца, – расказвае начальнік старасельскага ўчастка Мікалай Мікалаевіч Каліцкі.
Яраз на гэтым полі нам і ўдалося застаць частку камбайнаў гаспадаркі. Сапраўды, поле нагадвала прыгожы малюнак: з аднаго боку на ім ужо ляжала залацістая салома, а з другога яшчэ шамацелі роўненькія і чыстыя каласкі. Тут дружна працавалі чатыры КЗС10, за штурваламі якіх старанныя працаўнікі гаспадаркі Мікалай Ступко, Анатоль Усовік, Мікалай Казачонак і Юрый Бука са сваімі памочнікамі.
– Спрыяльнае надвор’е для жніва, нядрэнны ўраджай, а таму ў нас і добры настрой на работу! – адзначылі ільюшынцы.
А на другім старасельскім полі на больш магутных і прадукцыйных КЗС1218 гектар за гектарам перадольвалі нястомныя перадавікі Уладзімір Лёля, Анатоль Спірыдзёнак, а таксама Уладзімір Урбан, які сёлета ўпершыню сеў за камбайн. Каб збожжаўборачная тэхніка доўга не прастойвала ў чаканні і не замаруджвалася работа, практычна на кожны камбайн прыходзіцца адзінка адвозкі.
Тым часам у Ільюшыне гэтымі днямі не змаўкае гул зернесушыльнага комплексу, які зараз працуе практычна кругласутачна. Зерне, якое ідзе на дзяржзаказ, абавязкова дасушваецца і ачышчаецца. У першыя дні жніва збожжа з палёў паступала з павышанай вільготнасцю, а пасля некалькіх дзён сухога надвор’я вільготнасць знізілася да аптымальных 1415 працэнтаў. Дарэчы, наяўнасці ў Ільюшыне такога зернесушульнага комплексу могуць пазайздросціць многія гаспадаркі, не могуць нарадавацца яму і самі гаспадары. Калі ў іншых сельгаспрадпрыемствах дапрацоўваюць зерне на старых зернесушылках, сушаць яго на пляцоўках, то тут усё аўтаматызавана, за працэсам загрузкі, ачысткі, тэмпературай можна прасачыць на камп’ютары, за якім працуюць аператары.
Традыцыйна ў “Ільюшынскім” на час уборачнай кампаніі арганізавана ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва, пераможцы якога атрымаюць каштоўныя падарункі. Як заўсёды, ільюшынцы імкнуцца заняць і вяршыні рэйтынгу на раённай Дошцы гонару.
Толькі за панядзелак бягучага тыдня, калі мы наведалі гаспадарку, тут намалацілі больш за 300 тон зерня. Хочацца спадзявацца, што гэтая станоўчая тэндэнцыя, а таксама спрыяльнае надвор’е захаваецца да канца ўборачнай кампаніі.
Вольга КАМАРКОВА.