Убачыўшы на старонках газеты інфармацыю аб надоях малака, ураджэнец Бычкоў і вялікі патрыёт сваёй малой радзімы Васіль Антонавіч Стрыжонак не паверыў уласным вачам і завітаў у рэдакцыю. Пенсіянер хацеў упэўніцца, ці няма якой памылкі ў паказчыках роднага КУСГП “Кублічы”, якія не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Аказалася, што даныя дакладныя, а ўражваючы “мінус” тлумачыцца крытычным станам спраў у жывёлагадоўлі, што ў сваю чаргу прывяло да крайніх мер – кароў вырашана больш не мучыць і перадаць іншым сельгаспрадпрыемствам. “Што ж будзе з гаспадаркай?” – такім пытаннем, задаецца не толькі Васіль Антонавіч. Адказ на яго, а таксама шляхі і магчымасці выйсця з тупіка ў КУСГП “Кублічы” спрабавалі адшукаць пры правядзенні агульнага сходу на мінулым тыдні.
Па падліках саміх спецыялістаў гаспадаркі для таго, каб плаціць хаця б мінімальную зарплату, працэнты па даўгах, трэба зарабляць на жывёлагадоўлі мінімум 500 мільёнаў у месяц. На самой справе карціна назіраецца з ліку “наадварот”. Тут самыя нізкія надоі нават пры невысокіх сярэднераённых – не дацягваюць і да 80 працэнтаў узроўню мізэрных мінулагодніх паказчыкаў. У выніку запазычанасць толькі перад Лепельскім малочнакансервавым камбінатам перавысіла 13 мільярдаў, а даўгі працягваюць расці. 213 мільёнаў рублёў – фонд аплаты працы за чэрвень. Падзяліўшы на колькасць работнікаў – невялікая сума, але аддаваць яе нечым.
“Навошта патрэбны райсельгасхарч?” – такое пытанне асабіста мяне на першы момант збянтэжыла, калі адзін з працаўнікоў гаспадаркі замест таго, каб шукаць прычыны сумнага становішча ўнутры калектыву, убачыў “корань зла” ў неэфектыўным кіраўніцтве з боку названай дзяржаўнай структуры. Але, як высветлілася, старшыня райвыканкама В.В.Родзіч, які прыехаў на сход разам са спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, быў гатовы да такіх “паваротаў”. Таму даступна, на прыкладах растлумачыў – каб не спецыялісты райсельгасхарча, то сельгаспрадпрыемства ўжо даўно б не існавала.
– Я не збіраўся тут выступаць, – казаў вымушаны гэта зрабіць ужо на самым пачатку сустрэчы Віктар Віктаравіч. – Ні літра саляркі самі не купілі, а даставаў для вас паліва райсельгасхарч, тое ж і з запчасткамі. У мінулым годзе 250 мільёнаў спонсарскай дапамогі дазволілі ўтрымацца на плыву. Калі б вы прыслухоўваліся хаця б да часткі рэкамендацый спецыялістаў упраўлення, то размовы сённяшняй не было б. Не адзін дзясятак разоў было сказана – “даіце, карміце, пасвіце” – як гарох аб сцяну. Чаму не праводзілі перазалужэнне пашаў і трымалі жывёлу на галаце? Чаму ўчасткі з ураджайнасцю 100120 цэнтнераў з гектара збіваліся жывёлай, а з травастоем у 7080 цэнтнераў адводзіліся пад нарыхтоўку кармоў? Зіма прыйдзе вельмі хутка, а жывёлу ставіць у вас няма дзе… Пачалі работы па рэканструкцыі фермы ў Скачыхах – не скончылі( на здымку), паралельна развалілі фермы ў Капылоўшчыне і Кляпцах – і не выканалі работы.
Мінус да мінулагодніх паказчыкаў у кожнай з даярак, работу якіх старшыня райвыканкама прааналізаваў асобна. Вынік працы залежыць не толькі ад іх, але далёка не ўсе аператары стараюцца належным чынам, дапускаюць парушэнні працоўнай дысцыпліны, прагулы. Для пераважнай большасці прысутных не была сакрэтам іх прычына – сяброўства з “зялёным змеем”. Ёсць пытанні і да пастухоў. Аднаму з іх 10 ліпеня аб’яўлена заўвага за парушэнне тэхналогіі пасьбы жывёлы, але ён не згодзен з гэтым, бо лічыць, што ўсё рабіў як след. В.В.Родзіч на гэтым моманце таксама засяродзіў увагу – неразбярыха і невырашальныя праблемы ўзнікаюць у тым ліку і таму, што асобныя работнікі проста страцілі пачуццё рэальнасці і камандаваць спрабуюць вельмі многія.
У кароў пра ўмовы не спытаеш, але яскравей усяго кажуць лічбы, якія сведчаць аб правільнасці прыняцця рашэння аб пераводзе жывёлы. На групе кубліцкіх кароў, якіх перавезлі ў КУСГП “Вялікадолецкае” прыбаўка малака ўжо на вячэрняй дойцы склала 200 літраў, назаўтра – яшчэ плюс 150. І гэта нягледзячы на аб’ектыўны стрэс, перанесены жывёлай ад пагрузківыгрузкі і транспарціроўкі. У зале загучалі рэплікі, маўляў, “канечне, мукі насыпалі!”, але дырэктар “Вялікадолецкага”, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, адзначыў, што яе жывёла стала атрымліваць толькі на чацвёрты дзень пераезду на новае месца жыхарства. Стане яно пастаянным, або не – пакажа час. Існуе варыянт, па якім пры ўмовах заканчэння рэканструкцыі памяшканняў, напрыклад у Скачыхах, жывёлагадоўля ў “Кублічах” будзе адноўлена.
“Кароў прыстроілі, а нам куды дзявацца?” Адказваючы на гэта пытанне, старшыня райвыканкама патлумачыў, што частка жывёлаводаў можа працаўладкавацца ў “Вялікадолецкім”, але, безумоўна, не ўсе. Найбольшыя шансы маюць работнікі, якія не мелі дысцыплінарных спагнанняў. Механізатараў скарачаць ніхто не збіраецца – касцяк застанецца, але працаваць ім частку года да зімы прыйдзецца ўжо зусім пановаму. Трэба ўлічваць, што з вялікай доляй верагоднасці прадукцыя раслінаводства застанецца адзінай крыніцай існавання, і на сродкі, заробленыя зараз, трэба будзе жыць да наступнага сезона. Прыклады гэтаму ёсць нават у нашым раёне – ААТ “Дземенец” традыцыйна робіць стаўку на раслінаводства, каля мільярда рублёў зарабілі на продажы кармоў у тым жа “Вялікадолецкім”. Таму якасна і максімальна без страт трэба правесці ўборачную, працягваць корманарыхтоўку, бо калі не будзе ў гаспадарцы статка, кармы можна будзе прадаць. Палівам дапамогуць пад канкрэтныя аб’ёмы работ.
Наогул, гаворку старшыня райвыканкама вёў, прыводзячы многа прыкладаў паспяховай работы ў такіх жа ўмовах гаспадарання, прычым у нашым раёне. Не ўсё так гладка і ў “Вялікадолецкім”, але там стараннямі выключна ўсіх членаў калектыву дабіваюцца станоўчых вынікаў. Зарплаты розныя і залежаць ад прадукцыйнасці і адносін да працы. У складаных фінансавых умовах дапамагае выжываць і жорсткая эканомія паліва. У “Вялікадолецкім” механізатар, які працуе на групе кароў у 200 галоў, атрымлівае на дзень работы 2530 літраў паліва, нават улічваючы немалыя пераезды. Для прыкладу, у “Кублічах” на гэтыя мэты затрачваецца 50. Між тым, надой у “Вялікадолецкім” значна большы – звыш 12 літраў. Усе спецыялісты апошняй гаспадаркі замацаваны за жывёлагадоўчымі аб’ектамі круглы год і адказваюць за арганізацыю працэсу ўтрымання – ці то бухгалтар, ці кадравік. Зала загудзела: “А з нашых бухгалтараў і эканамістаў калі хто на полі быў апошні раз?!”.
Старшыня райвыканкама даў магчымасць выказацца кожнаму. З асобнымі фактамі налічэння зарплаты павінны разбірацца эканамісты. Прычым не чакаць, калі механізатар прыйдзе да іх з паклонам, а самім узяць папку ды прыйсці на мехдвор. Засталіся даўгі па зарплаце для некаторых працаўнікоў яшчэ за лютысакавік, 129 і 139 мільёнаў – за май і чэрвень. Кіраўнік раёна не абяцаў адшукаць гэтыя грошы, але пры магчымасці пасадзейнічае вырашэнню пытанняў пагашэння запазычанасці.
Са скарачэннем колькасці работнікаў бачыцца лагічным і скарачэнне апарату кіравання сельгаспрадпрыемства. Тут зноў паказальны прыклад “Дземенца”, дзе спецыялістаў усяго, як трапна выказаўся старшыня райвыканкама, “тры з паловай” – дырэктар, галоўны інжынер і галоўны бухгалтар. Ёсць яшчэ брыгадзір, але ён пры неабходнасці спакойна садзіцца за руль трактара або камбайна і не кажа, што гэта “не мая справа”. Менавіта такой працы, калі не кожны сам за сябе, калі існуе ўзаемазамяняльнасць і ўвесь калектыў імкнецца да агульнага выніку, і не стае ў “Кублічах” – а гэта бадай што галоўная прычына ўзнікшага становішча.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.