На нядаўнюю “прамую лінію” па пытаннях правоў спажыўцоў, работы гандлю, якую праводзіла ў рэдакцыі начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т.У.Ханяк, тэлефанаванняў не паступіла. Але мы скарысталіся магчымасцю і задалі Таццяне Уладзіміраўне некалькі актуальных пытанняў.
– Апошнім часам многія грамадзяне набываюць некаторыя тавары праз інтэрнэтмагазіны. Якія правы ёсць у спажыўца пры ажыццяўленні такіх пакупак?
– Пры набыцці тавараў у інтэрнэтмагазіне за пакупніком захоўваюцца ўсе правы, гарантаваныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Пакупку таксама можна абмяняць ці вярнуць ва ўстаноўлены тэрмін. Калі пры рэалізацыі спажыўцу не прадстаўлена магчымасць атрымаць неабходную і дакладную інфармацыю аб тавары ў момант дастаўкі, пакупнік мае права адмовіцца ад набыцця без пакрыцця прадаўцу расходаў, звязаных з дастаўкай такога тавару. Пры атрыманні тавару ў кур’ера патрабуйце неабходныя дакументы (тэхнічны пашпарт, інструкцыю, гарантыйны талон з адзнакай аб даце продажу, звестках аб прадаўцы і сэрвісным цэнтры), правярайце якасць тавару, супастаўляйце інфармацыю з сайта з інфармацыяй у дакументах на набыты тавар.
Калі вы рашылі набыць тавар праз інтэрнэт, абавязкова захавайце даныя аб інтэрнэтстаронцы, на якой размешчана інфармацыя аб прадаўцы і выбраным тавары.
– Купіў нявесце ў падарунак залаты пярсцёнак, а ён крыху не падышоў па памеры. У магазіне памяняць яго на іншы не згадзіліся. А як жа правіла, што тавар можна вярнуць ці абмяняць на працягу двух тыдняў?
– Сапраўды, згодна артыкула 28 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”, грамадзяне маюць права на працягу 14 дзён з моманту набыцця нехарчовага тавару вярнуць ці абмяняць яго на аналагічны іншых памераў, форм, габарытаў, колераў. Але ёсць некаторыя абмежаванні і не ўсе тавары можна вярнуць ці абмяняць. Да такой катэгорыі і адносяцца вырабы з каштоўных металаў, таму ў такіх выпадках трэба дакладна ведаць памер пярсцёнка і густ таго, каму збіраецеся яго дарыць. Таксама нельга вярнуць і бытавую хімію, медыцынскія прыборы, лекавыя сродкі, ніжнюю бялізну, адзенне для нованароджаных і дзяцей ясельнага ўзросту, прадметы асабістай гігіены, аўтамабілі і некаторыя іншыя тавары.
Таксама хачу нагадаць, што тыя тавары, якія можна вярнуць, не павінны быць у выкарыстанні, трэба, каб яны мелі таварны выгляд – усе пломбы і этыкеткі, а таксама пацверджанне, што рэч набыта ў гэтага прадаўца. Таму калі вы, напрыклад, купляеце сукенку ці кофтачку, а прадавец, як гэта часта бывае, прапаноўвае зрэзаць этыкеткі і ісці адразу ў ёй, раю не паддавацца на такія ўгаворы – раптам вы пасля прымеркі дома вырашыце, што рэч вам не падыходзіць, а вярнуць яе будзе ўжо нельга.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.