Напэўна, многія ўшачане ўжо заўважылі, што на некаторых пляцоўках, куды яны выносяць смецце, з’явіліся спецыялізаваныя скрыні для раздзельнага збору бытавых адходаў. Новыя сучасныя кантэйнеры для шкла і пластыка ўстаноўлены ў дварах шматпавярховых дамоў і на самых “запатрабаваных” пляцоўках – на аўтастанцыі, ля лазні, у канцы вуліцы Ленінскай, на могілках, на пляжы возера Вечалле і ў некаторых іншых месцах.
Спробы збіраць асобна адходы, якія з’яўляюцца каштоўнай другаснай сыравінай, прымаліся і раней, вось толькі надпісы “шкло” і “пластык” на баках звычайных старых кантэйнераў пераважная большасць грамадзян не заўважала, і скрыні запаўняліся звычайным смеццем. Зараз жа новыя спецыялізаваныя ёмістасці, якія, дарэчы, адрозніваюцца па колеры і канструкцыі ў залежнасці ад віду сыравіны, прыемна радуюць вока камунальнікаў і эколагаў, бо запаўняюцца менавіта тым, для чаго прызначаны.
Першыя вынікі ўстаноўкі кантэйнераў можна лічыць неблагімі. Грамадзяне ахвотна запаўняюць скрыні пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі. Як нам паведамілі ва УП ЖКГ, ужо зараз можна канстатаваць, што пасля ўстаноўкі ў райцэнтры спецкантэйнераў на палігоне цвёрдых бытавых адходаў адчувальна зменшылася колькасць ПЭТтары і шкла. На жаль, любая годная справа як правіла знаходзіць процідзеянне з боку асобных членаў нашага грамадства. Вось і новыя кантэйнеры ўжо прыцягнулі ўвагу асоб, што вядуць асацыяльны лад жыцця: каб выкрасці сабранае грамадзянамі шкло, яны ўскрываюць запоры, адгінаюць крышкі кантэйнераў – ад вандалаў, напрыклад, ужо пацярпелі ёмістасці ля аўтастанцыі. Хацелася б звярнуцца да неабыякавых людзей з просьбай паведамляць у праваахоўныя органы пра падобныя ўчынкі зламыснікаў, якія псуюць нятаннае абсталяванне.
Напэўна, многіх ушачан цікавіць пытанне аб далейшым лёсе сабранай іх намаганнямі другаснай сыравіны. Як паведамілі ва УП ЖКГ, шклабой вязецца ў Віцебск, адкуль цэнтралізавана дастаўляецца на пабудаванае пад Мінскам перапрацоўчае прадпрыемства “Белрэсурсы”, ну а для сабранага ва Ушачах пластыка шлях да перапрацоўкі пачынаецца ў Полацку. Такім чынам, выкідваючы пустую бутэльку ў спецыялізаваны кантэйнер, кожны з нас уносіць сваю маленькую лепту як у паляпшэнне экалагічнага стану нашага раёна, так і ў эканамічную скарбонку краіны.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Одно время мы тоже сортировали, а потом заметили, что грузится это всё в одну мусорку…
Вера, и всё равно нужно продолжать сортировать мусор. Это вопрос не одного дня, и даже года. Начав сейчас это делать, следующее поколение и обывателей, и чиновников будет по-другому работать с этой темой.
Все правильно, мусор нужно сортировать. Только вот необходимо поставить еще ящик и для бумаги, картона.