Апошнім часам нярэдка можна пачуць, як няпроста сабраць дзяцей у школу. Вось і цікавяцца асобныя ўшачане, ці можа быць ім назначана дзяржаўная аднаразовая сацыяльная дапамога для набыцця адзення, абутку, вучнёўскіх прыналежнасцей да 1 верасня. Як нам паведамілі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, разлічваць на яе могуць сем’і, у якіх сярэднедушавы даход на кожнага члена не перавышае 1,5 бюджэта пражытачнага мінімуму (на 1 жніўня 2015 года – 2 мільёны 353 тысячы 695 рублёў). Калі сям’я атрымлівае штомесячную адрасную сацыяльную дапамогу, то памер “школьнай” складзе 200 тысяч рублёў, а пры адсутнасці першай – 300 тысяч.
Для афармлення неабходных дакументаў спатрэбяцца: пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, пасведчанне аб шлюбе (разводзе), даведка аб складзе сям’і, звесткі аб даходах за 12 месяцаў, якія папярэднічалі месяцу звароту, а таксама акт са школы. За падрабязнай інфармацыяй можна звярнуцца ў ТЦСАН Ушацкага раёна, які размяшчаецца ў доме Саветаў па адрасе: г.п.Ушачы, вул. Ленінская, 12, кабінет №11, тэлефон: 2-74-44. Трэба мець на ўвазе, што прыём дакументаў для назначэння дзяржаўнай аднаразовай адраснай сацыяльнай дапамогі спецыялісты названай службы ажыццяўляюць у рабочыя дні з 8 да 13 гадзін.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.