Практыка правядзення па суботах “прамых тэлефонных ліній” сябе апраўдала. Дзякуючы ім жыхары Ушаччыны маюць больш магчымасцей данесці да кіраўніцтва раёна і, у прыватнасці, старшыні райвыканкама Віктара Віктаравіча Родзіча свае думкі і меркаванні, расказаць аб праблемах, аператыўна вырашыць многія з іх.
Так, напрыклад, Л.А.Няміра з Заазер’я хвалявала пытанне актыўнага распаўсюджання баршчэўніку ў населеным пункце. Для нашага раёна гэта праблема, сапраўды, актуальная, таму ўсімі службамі вышукваюцца магчымасці барацьбы з пустазеллем. Вось і пасля названага сігналу па распараджэнні кіраўніка раёна за знішчэнне баршчэўніку ў Заазер’і ўзяліся работнікі КУСГП “Вялікадолецкае” – для гэтых мэт прадпрыемства накіравала сюды “Амкадор”.
Аказаць садзейнічанне ў выдаленні кустоўя, якое разраслося ўздоўж дарогі ў вёсцы Белае, папрасіла І.Г.Палінава. Праблемнае пытанне грамадзянкі было накіравана на рэагаванне ў ДРБУ-105. У выніку ад дарожнай службы атрыманы адказ, што з-за адсутнасці неабходных грашовых сродкаў выдаліць кустоўе ў Белым у цяперашні момант не ўяўляецца магчымым – правядзенне гэтых работ запланавана на 4 квартал бягучага года.
Яшчэ адно пытанне з кампетэнцыі дарожнікаў паступіла з Дворыцы. Мясцовая жыхарка В.А.Праннік паведаміла, што ў выніку непагадзі ў вёсцы размыла дарогу. Віктар Віктаравіч загадаў работнікам ДРБУ-105 тэрмінова выехаць на месца і выправіць сітуацыю. Што, дарэчы, і было зроблена.
Вядома, гэта не ўвесь пералік праблем, з якімі звярталіся сёлета на “прамую лінію” са старшынёй райвыканкама жыхары Ушаччыны. Па нявырашаных пытаннях адказным службам дадзены даручэнні разабрацца і зняць іх у бліжэйшы час.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.