Когда наследство нужно доказывать. На вопросы читателей отвечает нотариус

Общество

Падчас “прамой лініі” з чытачамі газеты, якую праводзіла на гэтым тыдні натарыус натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Жанна Леанідаўна Каваленка, пытанняў паступіла ўсяго два. Адказы на іх, думаецца, будзе карысна пачуць многім жыхарам Ушаччыны.

– Нядаўна памёр сын – узніклі праблемы з афармленнем спадчыны. Справа ў тым, што імя па бацьку майго мужа па пашпарце Георгіевіч, а ў пасведчанні аб нараджэнні сына ў графе “бацька” запісана Ягоравіч. Дарэчы, несупадзенні асабістых даных назіраюцца у многіх дакументах мужа, таму пры выхадзе на пенсію ён звяртаўся ў суд для пацвярджэння гэтага факта. Ці можа вынесенае рашэнне суда дапамагчы ў нашым выпадку аформіць спадчыну?

Г.С.Шчадрова, г.п.Ушачы.

– Так, рашэнне суда і іншыя дакументы (пры іх наяўнасці), якія хаця б ускосна пацвярджаюць факт дапушчаных у асабістых дакументах памылак, сапраўды, могуць вырашыць праблему з афармленнем спадчыны. І ўсё ж, думаю, паклапаціцца пра адсутнасць такіх недарэчнасцяў трэба было раней. Хачу нагадаць грамадзянам: будзьце ўважлівымі пры афармленні дакументаў, а пры выяўленні ў іх памылак своечасова іх выпраўляйце, звярнуўшыся ў кампетэнтныя органы.

– Збіраюся скласці завяшчанне. Якія дакументы для гэтага неабходны? (Па словах Жанны Леанідаўны, гэта самае частае пытанне, з якім у апошні час звяртаюцца ўшачане ў натарыяльную кантору).

– Спатрэбяцца пашпарт і пенсійнае пасведчанне (калі дасягнулі пенсійнага ўзросту). Трэба звярнуць увагу на тое, што ў выпадку, калі пісаць завяшчанне Вы будзеце не ўласнаручна, неабходна наяўнасць сведкі. Гэты чалавек не павінен знаходзіцца ў сваяцкіх адносінах ні з Вамі, ні з асобай, на чыю карысць складаеце завяшчанне, і, вядома ж, мець пры сабе пашпарт.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *