А разгортвалася ўсё яшчэ спякотным ліпенем. Палазіць па закінутаму дому любяць многія, вось і знайшоў юнак у кучы смецця і саломы два пісталеты. Ды і якіх цікавых: “СESKA ZBROJOVKA” (чешска збраёўка) і “Dreyse” 1907 года выпуску і сем патронаў калібра 7,65. У кабурах, крышачку ржавыя, аднак, не лялечныя, што і вызначыў вопытным вокам бацька знайшоўшага хлопца. І прыхаваў у шафу. Да з’яўлення пакупніка, якога дапамагаў шукаць аднавясковец. Калі ж з’явіўся патэнцыяльны купец – без лішняга гандлю прадаў агнястрэльны тавар нават за 100 долараў, хоць гаворка ішла спачатку пра 150.
Пакупнік жа на гэтай здзелцы зарабіў у чатыры разы больш, бо набываў пісталеты не для сябе, а для іншага аматара зброі, атрымаўшы ад яго перадаплату. Другі ж пакупнік выстраліў усе сем патронаў, ды і вырашыў прадаць зброю далей. Колькі б цягнуўся ланцужок куплі-продажу, невядома, аднак на трэцяй здзелцы ён абарваўся, засвяціўшы ўсіх дзеючых асоб. Цяпер усе яны адкажуць па закону, уключаючы ўшацкага прадаўца і яго аднавяскоўца-пасрэдніка. Так, адказнасць наступае незалежна ад таго, ёсць выгада ці не, за незаконны выраб, набыццё, перадачу ва ўладанне, збыт, захоўванне, перавозку, перасылку, нашэнне агнястрэльнай зброі (акрамя паляўнічай гладкастрэльнай, боепрыпасаў) і выбуховых рэчываў, абсталявання, а таксама і частак зброі ці выбуховага абсталявання.
Артыкул 295 Крымінальнага кодэкса вельмі шырокі па меры прадугледжанаму пакаранню. Гэта могуць быць папраўчыя работы тэрмі- нам да двух гадоў, арышт да 6 месяцаў, абмежаванне волі да 5 гадоў ці нават пазбаўленне волі тэрмінам да 7 гадоў з канфі- скацыяй маёмасці. І гэта толькі па самай лёгкай частцы артыкула. Калі ж незаконныя аперацыі са зброяй ажыццяўляюцца не ўпершыню, па папярэдняй дамоўленасці ці групай асоб – толькі абмежаванне волі да 5 гадоў ці пазбаўленне ад 2 да 10. І нарэшце, калі дзейнічае арганізаваная група – тут ужо толькі пазбаўленне волі ад 4 да 12 з канфі-скацыяй маёмасці ці без яе.
Здаецца, нічога страшнага не здзейсніў жыхар Строктаў – знайшоў і прадаў, а калі б з гэтай зброі было здзейснена забойства (балістычная экспертыза пацвердзіла, што з пісталетаў можна было рабіць выстралы). Калі агнястрэльная зброя трапляе ў рукі злачынцаў, трэба чакаць бяды, таму і такая сур’ёзная адказнасць за незаконныя дзеянні са зброяй. Знайшлі – абавязкова перадайце ў мясцовы аддзел унутраных спраў. Толькі ў гэтым выпадку вы не несяце ніякай адказнасці.
В.БАНЕЎСКІ,
следчы пракуратуры Ушацкага раёна.