Балтийский марафон Виктора Степановича Ильюшевича

Общество

“Добры дом, добрая жонка – што яшчэ патрэбна чалавеку, каб дастойна сустрэць ста­расць?” – з гэтым выразам з першага савецкага вестэрна “Белае сонца пустыні” напэўна пагодзяцца многія. Але для людзей няўрымслівых, энергічных, такіх як Віктар Сцяпанавіч Ільюшэвіч, час выхаду на пенсію з’яўляецца сапраўдным часам новых магчымасцей і здзяйснення задум. Старэйшына Касароў з маладосці пасябраваў з веласіпедам, на колы якога наматаў дзясяткі тысяч кіламетраў. Дзякуючы чаму і зараз, на 66­м годзе жыцця, дасць фору многім маладым уладальнікам гэтага транспарту – чаго каштуе, напрыклад, той факт, што не так даўно Віктар Сцяпанавіч за некалькі дзён праехаў усю Латвію!

Гэта не першы яго візіт у Еўрасаюз – у суседнюю Польшчу наведваўся раней, але дабіраўся туды на аўтамабілі з сынам. Дарэчы, іх у Віктара Сцяпанавіча чатыры і ўсе зараз жывуць і працуюць у беларускай сталіцы, па рабоце выязджаюць у суседнія краіны. Таму з афармленнем дакументаў, атрыманнем візы і перасячэннем мяжы праблем у В.С.Ільюшэвіча і яго сына Дзяніса, які суправаджаў бацьку ў падарожжы, не ўзнікла – механізм гэты быў адпрацаваны. Раніцай 2 ліпеня яны без прыгод за некалькі хвілін перабраліся з беларускіх Урбаноў у латышскую Сіленэ.

– На Браслаўшчыну дабіраліся на аўтамабілі, які пакінулі ў калегі, – прыгадвае адпраўную кропку падарожжа Віктар Сцяпанавіч, які некалькі дзесяцігоддзяў адпрацаваў у сістэме адукацыі. – Папрасілі мясцовую настаўніцу прыгледзець за машынай, яна і згадзілася, прычым – абсалютна бясплатна. А яшчэ кажуць, што на Браслаўшчыне ўсе стараюцца на турыстах зарабіць!

Узяўшы курс на сталіцу Латвіі, за першы дзень беларускае трыа (Дзяніс узяў з сабой яшчэ і непаўналетняга пасынка) на веласіпедах пераадолела дыстанцыю ў 130 кіламетраў. Іх шлях пралягаў праз другі па велічыні горад прыбалтыйскай рэспублікі – Даўгаўпілс, які ў час знаходжання ў складзе Расійскай імперыі насіў назву Дзвінск і адносіўся тэрытарыяльна да Віцебскай губерні. Гісторыя і геаграфічнае становішча наклалі адбітак на сучаснасць населенага пункта – нават зараз латышы ў ім па колькасці насельніцтва толькі трэцяя этнічная група, а больш 60 працэнтаў гараджан з’яўляюцца этнічнымі рускімі, значныя беларуская і польская дыяспары. Зрэшты, па словах Віктара Сцяпанавіча, уся тэрыторыя Латгаліі ад самай мяжы з Беларуссю і да Даўгаўпілса яго не ўразіла. Прырода вельмі нагадвае нашу, а вось візуальнае параўнанне культурных ландшафтаў – на карысць родных краявідаў.

– Вельмі здзівілі лініі электраперадачы з драўлянымі слупамі, па­мойму, у нас такіх мінімум год 10 назад не засталося, – расказвае Віктар Сцяпанавіч. – Сельскагаспадарчых угоддзяў ля дарогі і блізка не ві­даць – толькі пару рапсавых палёў запрыкмеціў. Старыя трактары Т­25, іржавыя аўтамабілі ГАЗ­51, якія ўраслі ў траву пры дарозе ў невялікіх населеных пунктах, – у нас такія даўно на металалом парэзалі. Няма статкаў жывёлы, якія на Віцебшчыне пасвяцца паўсюдна, за ўвесь шлях толькі некалькі каровак прыватнікаў – вось табе і Еўропа. Чытаў, што ўваходжанне ў Еўрапейскі саюз паставіла крыж на перспектывах сельскай гаспадаркі суседняй краіны – і на свае вочы ўбачыў, што праблемы існуюць… Дарожнае пакрыццё прыблізна такое, як і ў нашым раёне, а вось адбойнікі на паваротах зусім іржавыя, прыпынкі грамадскага транспарту – простыя пляцоўкі, няма ніводнага павільёна. Карціна змяняецца толькі пры набліжэнні да сталіцы.

У яе Віктар Сцяпанавіч са спадарожнікамі трапілі на другі дзень, папярэдне заначаваўшы ля гарадка Екабпілс – тут на беразе возера створана турыстычная база для аматараў актыўнага адпачынку. Кошт пражывання вельмі прымальны – 10 еўра за домік на траіх чалавек. Адпачыўшы паблізу месцанараджэння Марты Скаўронскай, што ў гісторыі больш вядома як першая руская імператрыца Кацярына I, раніцай прадоўжылі шлях на Рыгу. Не маглі абмінуць Саласпілс, мемарыяльны комплекс ахвярам халакосту, які нагадаў нашу Хатынь, і ў Дзень Незалежнасці Беларусі віталі латвійскую сталіцу.

– Наша Заходняя Дзвіна, тамашняя Даўгава, на месцы ўпадзення ў Рыжскі заліў мае шырыню 700 метраў, – успамінае першыя ўражанні ад Рыгі В.С.Ільюшэвіч. – Прыгарад са сваімі шматпавярхоўкамі на дзіва нагадвае, напрыклад, Полацк, а каб убачыць штосьці адметнае, трэба накіроўвацца ў гістарычную частку горада, дзе камяні брукаванак на асобных вулачках маюць узрост у паўтысячы гадоў.

Патраціўшы на агляд Рыгі рэшткі дня, падарожнікі спыніліся ў хостэле, месца ў якім браніравалі загадзя праз інтэрнэт. Кошт – усё тыя ж 10 еўра, хаця побач размешчаны атэль, дзе цэны ў 10 разоў вышэй. Менавіта арганізацыю прыёму турыстаў Віктар Сцяпанавіч адзначае са станоўчага боку і кажа, што многае мы маглі б у суседзяў пераняць:

– У пакоі, які, дарэчы, выбіраеш сам нават па колеры шпалер, ёсць усё неабходнае – душ, пральная машына, на паліцах стаіць посуд, ляжаць сухія сняданкі, у халадзільніку – малако. Усё ўваходзіць у кошт пражывання. Я ложак раніцай заправіў – аказалася, не трэба, бо мяняецца пасцельная бялізна кожны дзень. За кліентаў змагаюцца, толькі ад’ехалі – сыну прыйшло SMS на тэлефон, каб ацанілі паслугі пражывання па 10­бальнай шкале. У калідоры – вялікі стэнд і ручка – можна пакінуць пажаданні і прапановы. Але больш усяго запомнілася спецыяльная скрыня, дзе ляжала дробязь – манеты еўра, а на сценах на розных мовах напісана: “Не хапае – вазьмі, лішняе – пакінь!” Такая вось своеасаблівая каса ўзаемадапамогі турыстаў! Іх мы сустракалі шмат з самых розных краін – на выхадныя ў Рыгу накіроўваюцца еўрапейцы.

У наступны дзень велааматары наведалі Юрмалу, якая знаходзіцца ўсяго ў 30 кіламетрах ад латышскай сталіцы. Пляжы тут расцягнуліся на 22 кіламетры ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Пакупаліся, але Віктар Сцяпанавіч шчыра прызнаўся, што не вельмі спадабалася – мелка і прыбярэжныя ўчасткі зараслі водарасцямі. Пабывалі ля залы “Дзінтары”, дзе да нядаўняга часу праходзіў музычны фестываль міжнароднага клуба вясёлых і знаходлівых і дзе размешчаны вельмі дарагія ўчасткі з асабнякамі вядомых людзей, прычым уладанняў багатых грамадзян іншых краін там намнога больш, чым карэнных латышоў.

Па дарозе туды мала што ўдалася паглядзець, бо да самага вядомага прыбалтыйскага курорту ідзе веладарожка праз лес. Адзначае Віктар Сцяпанавіч, што перамяшчацца па Латвіі на веласіпедзе вельмі зручна: акрамя веладарожак у гарадах абсталяваны з’езды, у многіх населеных пунктах наогул няма бардзюраў. У дызелі, на якім на наступны дзень вярталіся з Рыгі ў Даўгаўпілс, для веласіпедыстаў ёсць спецыяльны вагон, дзе транспартны сродак можна падвесіць за кола на кручок, каб нікому не замінаў. А вось кошт праезду вельмі высокі. Параўноўваючы цэны ў агульным, Віктар Сцяпанавіч прыйшоў да высновы, што значнага адрознення ва ўзроўні жыцця “новых еўрапейцаў” з намі няма – кошт прадуктаў прыблізна аднолькавы, а больш высокія зарплаты латышоў у значнай ступені “з’ядаюць” паслугі транспарту, камунальныя плацяжы, цэны на энерганосьбіты.

36 кіламетраў ад Даўгаўпілса да мяжы з Беларуссю В.С.Ільюшэвіч пры спадарожным заходнім ветрыку пераадолеў хутка, і неўзабаве сын прывёз яго ў родныя Касары. Зараз Віктар Сцяпанавіч выношвае ідэі па расшырэнні геаграфіі сваіх падарожжаў, падчас якіх зараджаецца энергіяй і проста атрымлівае задавальненне. Напрыклад, плануе наведаць земляка, які зараз жыве ў Вільнюсе, разважае: “Да Зябак на веласіпедзе, потым дызелем да Пастаў, а там і да літоўскай сталіцы рукой падаць!”

Пры ўсім гэтым мужчына сцвярд­жае, што прыгажэйшых мясцін, чым у роднай Беларусі, бачыць яму не даводзілася. І нават на малой радзіме, на Ушаччыне, яшчэ засталіся куточкі, якія ён кожны раз адкрывае для сябе: нядаўна выпадкова наведаў Пушчу і задаўся пытаннем – як да гэтага часу мог не пабываць у такім маляўнічым месцы?!

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



3 комментария по теме “Балтийский марафон Виктора Степановича Ильюшевича

  1. И я горжусь!
    Желаю новых путешествий и новых открытий!
    🙂

  2. Выклікаюць шчырае захапленне людзі, якія «не змяняюць» сваім захапленням і праносяць іх праз усё жыццё! Застаецца пажадаць сіл і здароўя Віктару Сцяпанавічу,каб пабываць у новых краінах разам са сваім сябрам-веласiпедам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *