Полезная информация для ушачских велосипедистов: где и как можно ездить, чем должен быть оборудован велосипед и что бывает за нарушения

Закон - один для всех Калейдоскоп

19 ліпеня ў 22.00 ля вёскі Залужжа Старадарожскага раёна 54­гадовы мінчанін на аўтамабілі “Volkswagen” здзейсніў наезд на 26­гадовага веласіпедыста, які ехаў у сустрэчным накірунку па краі праезнай часткі. Ад атрыманых траўм той памёр на месцы здарэння.

11 ліпеня ў 19.30 у г.п.Рудзенск Пухавіцкага раёна 60­гадовы мужчына, кіруючы ў стане алкагольнага ап’янення аўтамабілем “Fiat”, выехаў на паласу сустрэчнага руху і здзейсніў наезд на непаўналетнюю веласіпедыстку, якая ехала ў правым краі дарогі ў сустрэчным накірунку. У выніку ДТЗ дзяўчына 1999 года нараджэння атрымала цяжкія траўмы і памерла.

На жаль, гэта далёка не ўсе дарожна­транспартныя здарэнні з удзелам веласіпедыстаў, якія адбыліся сёлета ў Беларусі. Каб не дапусціць падобных няшчасцяў ва Ушацкім раёне, мы вырашылі падагульніць патрэбную вадзіцелям двухколавых транспартных сродкаў інфармацыю, даць адказы на пытанні, з якімі ўшачане найбольш часта звяртаюцца ў рэдакцыю ці непасрэдна да праваахоўнікаў. Дапамог нам у гэтым начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела ўнутраных спраў Яўген Фёдаравіч КАЎНУРКА.

Галоўнае – бяспечна!

Ці можа веласіпедыст ехаць па дарозе?

Калі няма веладарожкі, веласіпедыст павінен рухацца па тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы пры гэтым перашкод пешаходам. Калі веладарожкі, тратуара і пешаходнай зоны побач няма, трэба ехаць па абочыне дарогі ці па краі праезнай часткі. АЛЕ! Па­першае, ехаць можна не далей 1 метра ад правага краю праезнай часткі (выключэнне: для аб’езду перашкоды і ў дазволеных выпадках павароту налева ці развароту). Па­другое, калі на дарозе ёсць асфальтавая абочына, адасобленая ад асноўнай праезнай часткі суцэльнай белай ці жоўтай лініяй, ехаць трэба, не заязджаючы на яе.

З якога ўзросту можна ездзіць на веласіпедзе па дарогах?

У пешаходных і жылых зонах, па тратуарах, веласіпедных ці пешаходных дарожках – у любым узросце. А вось выязджаць на праезную частку без суправаджэння паўналетняга можна толькі з 14 гадоў.

Як праязджаць пешаходныя пераходы?

Гэта забаронена. Веласіпедыст павінен спыніцца, злезці з веласіпеда і каціць яго ў руках па зебры.

Чым павінен быць абсталяваны веласіпед?

Як і любы іншы транспартны сродак, ён павінен мець спраўную тармазную сістэму, рулявое кіраванне і гукавы сігнал. Яго таксама неабходна абсталяваць люстэркам задняга віду, спераду – святлоадбівальнікам белага колеру, ззаду – чырвонага, з кожнага боку – аранжавага.

Пакаранне рублём

Веласіпедыст – паўнацэнны ўдзельнік дарожнага руху. Таму і адказнасць за парушэнні такая ж, як і ў вадзіцеляў машын. За парушэнне ПДР веласіпедыста могуць аштрафаваць на суму да 3 базавых велічынь. Калі парушальнік быў п’яны або адмовіўся ад агляду, штраф складзе ад 3 да 5 базавых. А вось адабраць транспартны сродак у нецвярозага веласіпедыста не могуць, нават калі зловяць яго ў такім стане некалькі разоў: пад закон аб канфіскацыі веласіпеды не падпадаюць. Калі парушэнне веласіпедыста пацягнула стварэнне аварыйнай абстаноўкі – штраф ад 3 да 8 базавых. Ну а калі ў выніку ДТЗ пашкоджана маёмасць або пацярпелы атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні, штраф можа дасягнуць 20 базавых. Такое ж пакаранне пагражае веласіпедысту, які з’ехаў з месца ДТЗ.

Калі веласіпедыстаў некалькі

Захоўвайце дыстанцыю, асабліва да таго, хто едзе перад вамі. Рухайцеся прамалінейна, не віхляйце з боку ў бок і не перамяшчайцеся ўнутры калоны. Не размаўляйце па тэлефоне і не слухайце музыку ў навушніках: гэта адцягвае вашу ўвагу. Тармазіце і паварочвайце плаўна, папярэджваючы астатніх спецыяльнымі жэстамі:

для ўказання павароту адвядзіце руку, якая адпавядае накірунку павароту, гарызантальна ўбок;

перад тым, як зменшыць хуткасць, падніміце руку вертыкальна ўверх;

калі бачыце перад сабой перашкоду (адкрыты люк, выбоіну), аб’язджаючы, абавязкова пакажыце на яго рукой;

жэсты можна дубліраваць голасам, гучна прамаўляючы “Стоп!”, “Увага!”, “Асцярожна!”

Язда ў дождж

Лепш адмовіцца ад язды пад дажджом, а таксама траплення веласіпеда ў ваду. Вільгаць можа значна скараціць тэрмін службы кампанентаў транспартнага сродку ці цалкам вывесці іх са спраўнасці. У дажджлівае (вільготнае) надвор’е тармазы працуюць менш эфектыўна – прыміце да ўвагі павелічэнне тармазнога шляху; пагаршаецца бачнасць і счапленне з дарогай – пры паваротах на слізкіх паверхнях змяншайце хуткасць.

… і ў цемры

Пры яздзе ноччу ці ў іншых умовах абмежаванай бачнасці, напрыклад, у туман, на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду – фара, якая выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар з чырвоным. Выкарыстанне іншых святлоэлементаў (святлоадбівальных камізэлек, флікераў) у Правілах дарожнага руху носіць рекамендацыйны характар. Тое ж і са шлемамі.

І напрыканцы

Заўсёды кантралюйце хуткасць руху, яна павінна залежаць ад стану дарогі і вашага вопыту. Навучыцеся спыняць веласіпед у любы момант. Ніколі не ездзіце, не прытрымліваючы руль рукамі. Уважліва сачыце за дарогай: няроўнасці, мяккія і глыбокія абочыны могуць стаць прычынай аварыі. Трымайцеся правага боку дарогі.

Нават выконваючы гэтыя правілы, будзьце асабліва ўважлівымі, бо не ўсе ўдзельнікі дарожнага руху маюць вопыт і добра ведаюць ПДР.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *