Выясняем ситуацию: почему к парикмахеру в КБО образовалась очередь и не все успели постричься?

Выясняем ситуацию

Тыдзень таму ў РКБА (зараз – комплексным прыёмным пункце “Ушачы”) давялося стаць сведкай невялікага канфлікту. Некалькі мужчын, якія прыйшлі ў суботні дзень да цырульніка, скардзіліся, што хутчэй за ўсё не змогуць трапіць да спецыяліста: на другім паверсе мужчынскі майстар не прымае, а на першым утварылася такая чарга, што, адседзеўшы ў ёй, няма гарантыі паспець пастрыгчыся ў вызначаны час работы КПП. Больш за ўсіх, напэўна, засмуціўся жыхар адной з вёсак Ушаччыны, які ўжо ў другі раз за тыдзень спецыяльна прыехаў ва Ушачы, аднак зноў не паспеў да цырульніка: трэба было спяшацца на аўтобус.

Каб разабрацца ў сітуацыі, за тлумачэннямі мы звярнуліся да спецыялістаў адпаведных служб. Так, у прыватнай цырульні “Шарм” (другі паверх будынка РКБА) нам пацвердзілі, што ў адзначаны дзень мужчынскі майстар сапраўды не прымаў: з 10 чэрвеня ён знаходзіцца ў водпуску. А вось у КПП “Ушачы” працавалі адразу два спецыялісты: мужчынскі майстар з 17­гадовым стажам Людміла Булаўка і малады цырульнік­універсал Анжэла Калачова. Па словах прыёмшчыцы заказаў Л.А.Васільевай, утварэнне вялікай чаргі да іх – справа прывычная, што звязана найперш са скарочаным графікам работы КПП: у чацвер і пятніцу з 8.30 да 17.30 і ў суботу з 9.00 да 15.00. За дзень цырульнікі паспяваюць абслужыць у сярэднім каля 20 чалавек, а гэта вельмі добры паказчык. Так, асаблівасць іх прыёму – “жывая чарга”, якая, між іншым, для многіх наведвальнікаў з’яўляецца зручнай: не трэба клапаціцца пра папярэдні запіс і чакаць некалькі дзён. У крайнім жа выпадку (як, напрыклад, у апісанай вышэй сітуацыі з жыхаром аддаленага населенага пункта) можна падысці на КПП раніцай або патэлефанаваць па нумары 2­71­85 і запісацца да спецыяліста. Гэта не павінна заблытаць іншых наведвальнікаў цырульні: аб наяўнасці экстраннага запісу іх загадзя папярэдзіць майстар ці прыёмшчыца заказаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *