В Ушачах прошёл первый этап Кубка Беларуси по вейкбордингу

Cпорт

У мінулую суботу, 18 ліпеня, на Вечаллі прайшоў першы этап Кубка Беларусі па вэйкбордзінгу. Спартсменаў па добрай традыцыі прымаў у сваім водна­аднаўленчым цэнтры яго заснавальнік Сяргей Фамін. Прыемная атмасфера мерапрыемства стала ўтульнай і для гіперактыўнай моладзі, і для дарослай публікі, і для зусім маленькіх наведвальнікаў. Сочачы за выступленнямі спартсменаў, госці актыўна адпачывалі: загаралі, плавалі, гулялі з сабакамі. Калі дарослых чакаў фуршэт, мангал і напіткі, то дзеці забаўляліся з воднымі пісталетамі і мыльнымі пузырамі, каталіся на лодцы. Карацей, з’ядналіся розныя інтарэсы і пакаленні, якія ніколькі не перашкаджалі адно аднаму.

Як і ў мінулым годзе, надвор’е спрыяла як непасрэдна спаборніцтвам, так і летняму адпачынку сяброў з агульным захапленнем. Сёлета на мерапрыемства зарэгістравалася 46 удзельнікаў. Дарэчы, на гэты раз ушацкія райдары выступалі не паасобку, а згуртавана – камандай водна­спартыўнага цэнтра. Трэба адзначыць, што каманда атрымалася вялікая. Нашы вэйкбардзісты Аляксандр Пугач, Дзмітрый Шэўчанка, Канстанцін Тарасеня, Дзмітрый Долгі рыхтуюць з пачатку сезона новую змену райдараў. Такім чынам, на беларускай карце буйных вэйкбордных кропак з’явілася і ўшацкая школа. Таксама ўдзельнічалі ў спаборніцтвах прадстаўнікі ўжо знаёмых ушачанам клубаў “Wаke up”, “Wake line”, “Дамінант”. Актыўны папулярызатар вэйкбордзінгу з Браслава Іван Шакель таксама пазмагаўся са сваёй камандай ва Ушачах і з задавальненнем паклікаў райдараў і ўсіх прыхільнікаў спорту на другі этап Кубка ў Браслаў.

Нельга не адзначыць вельмі тэхнічнага прадстаўніка з Кіева Дзяніса Волкава, які напярэдадні спаборніцтваў ва Ушачах даваў майстар­класы ў Мінску.

Што да тэхнічнага боку, то ў спартсменаў было па дзве спробы з чатырма праездамі, дазвалялася адно падзенне. Акрамя гэтага, райдару можна было перастартаваць, калі падчас выканання праграмы ён адчуваў нейкія перашкоды. Суддзі ацэньвалі тэхнічнасць выканання элементаў і візуальную прыгажосць праходжання трасы. Такі экстрэмальны спорт, як вэйкбордзінг патрабуе дасканалых мер бяспекі для спартсменаў і гасцей. Дзякуючы кантролю саміх райдараў, медперсаналу, праваахоўнікаў і арганізатараў, свята прайшло без непрыемнасцяў і з фірменным лоскам.

Удзельнікі былі разгрупіраваны па звычайнай схеме: дзеці да 11 год, падлеткі да 16 год, юніёры да 19 год, дарослыя ад 30 і 40 год, а таксама адкрытыя катэгорыі. Прыемна ўсведамляць, што п’едэстал малодшых груп атрымаўся амаль цалкам ушацкім. Дзіма Журко і Антон Латышаў раздзялілі адпаведна першае і другое месца ў катэгорыі mini. Сярод дзяўчат у гэтай жа ўзроставай групе другое месца заняла Вераніка Ціханава. Рыгор Жаваранак стаў трэцім у юніёрскай катэгорыі. Нягледзячы на тое, што іх старэйшыя сакаманднікі і настаўнікі медалёў не атрымалі, судзейскі састаў адзначыў высокі ўзровень майстэрства мясцовай школы. Прыкметы яе катання і жартам і ўсур’ёз адзначаюць як суддзі, так і спартсмены з іншых клубаў. Такім чынам, прадстаўнікі былой водна­лыжнай суполкі развіваюцца ў вэйкбордзінгу не толькі самі, а і з пачатку гэтага сезона трэніруюць маладую змену на базе водна­аднаўленчага цэнтра. А добрыя адносіны паміж удзельнікамі каманды былі відаць па тым, як старэйшыя райдары адпраўлялі на старт сваіх маленькіх выхаванцаў, акуратна зашпільваючы ім крапленні на бацінках. У самай прэстыжнай адкрытай катэгорыі заканамерна перамог кіеўлянін Дзяніс Волкаў. Аб высокім узроўні спаборніцтваў сведчыць і той факт, што абсалютны чэмпіён мінулага года, срэбраны прызёр Чэмпіянату свету па фігурным катанні на водных лыжах Герман Белякоў сёлета ва Ушачах заваяваў толькі бронзу.

Паколькі вэйкбордны сезон яшчэ ў разгары, то падводзіць канчатковыя вынікі яшчэ рана. Але ўжо зараз можна ўпэўнена казаць, што вэйкбодзінг у Беларусі стаў вельмі папулярным і атрымаў юрыдычны падмурак. Міністэрства спорту і турызму 27 мая ўключыла дысцыпліну ў рэестр відаў спорту. Застаецца пажадаць вэйкборднай тусоўцы прафесійных поспехаў і такога ж пазітыўнага настрою ад сустрэч у вялікай сяброўскай кампаніі.

Як ужо было сказана вышэй, другі этап Кубку Беларусі па вэйкбордзінгу пройдзе 1 жніўня ў Браславе.

В.Северына, студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.



1 комментарий по теме “В Ушачах прошёл первый этап Кубка Беларуси по вейкбордингу

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *