Вывучаем гісторыю Ушаччыны. Курганы — сведкі даўніны

Листая страницы истории Общество

На Ушаччыне многа помнікаў даўніны – архітэктурных, археалагічных, прыродных. I чым большы час аддзяляе ад паходжання помніка, тым меней мы ведаем пра яго, ну вось, што, напрыклад, пра паходжанне тых жа курганоў на ўшацкіх могілках, хоць неаднойчы бачылі іх. А іх там каля дзевяці.

Наш зямляк Пётр Аляксандравіч Кропаў цікавіўся іх узростам і даслаў у музей Народнай славы сваю версію аб паходжанні курганоў на ўшацкіх могілках. I перш чым вы з ёй пазнаёміцеся, варта даведацца і аб аўтары, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця.

Нарадзіўся Пётр Аляксандравіч у сакавіку 1934 года ва Ушачах, у 1950­м закончыў сем класаў мясцовай школы і паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. Працаваў памочнікам ляснічага Мядзельскага лясніцтва, служыў у арміі, а ў 1958 годзе паступіў у Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію, пасля заканчэння якой працаваў ляснічым у Карэліі. Закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю, працаваў старшым навуковым супрацоўнікам навукова­даследчага ўчастка Паўночна­заходняга лесаўладкавальнага прадпрыемства, у 1991 годзе абраны дацэнтам Санкт­Пецярбургскай лесатэхнічнай акадэміі. Спецыяліст па дэшыфраванні лясоў па самалётных і касмічных здымках.

Пасля разбурэння Уладзімірам Святаслававічам Полацка і паланення нашай прамаці Рагнеды горад доўга не аднаўляўся. Толькі калі вярнулася сюды Рагнеда і яе сын Ізяслаў, Полацк пачаў адбудоўвацца і да 1000­га года, калі памерла княгіня, зноў стаў вялікім паселішчам. У час княства Яраслава Мудрага Полацк і Кіеў не варожылі, а ў 1021 годзе Яраслаў нават перадаў у кіраванне Полацку гарады Віцебск і Усвяты.

Усё змянілася пасля смерці Яраслава ў 1054 годзе. Яго сыны і ўнукі пастаянна ваявалі паміж сабой, але лёгка аб’ядноўваліся, каб парабаваць землі полацкія. Уладзімір Манамах хваліўся, што ў час паходу на Мінск у 1118 годзе ён не пакінуў у горадзе ні чалядзіны, ні жывёліны. Аднак, гэта былі звычайныя рабаўніцкія набегі, якія ўдаваліся толькі таму, што палачане не паспявалі прыйсці на дапамогу сваім родзічам на паўднёвай мяжы. Полацк у гэты час квітнее. Летапіс сцвярджае, што “сии года были вельми урожайными на всякие плоды и жито”.

Вялікія беды зваліліся на Полацк у XII стагоддзі. У 1127 годзе на землі полацкія спусціліся зграі саранчы, якая за чатыры дні з’ела ўсю зеляніну ў лясах і на палях. Як вынік – у 1128 годзе былі неўраджаі, а з імі і голад. Скарыстаўшы голад і разбурэнне ў Полацку, Кіеўскі князь Мсціслаў збірае суседзяў, каб ісці дабіваць папачан. I на Полацк рушылі: Вялікі князь Мсціслаў з Кіева, яго сын Ізяслаў II з дружынай, Андрэй з Уладзіміра­Валынскага, Вячаслаў з Турава і другі Вячаслаў з Клечска, ды яшчэ дружына з Ноўгарада. Па колькасці войск гэта аказаўся небывалы ў гісторыі паход русічаў.

Кіеўляне занялі і разбурылі Мінск, Лагойск, а пазней Заслаўль. Трэба аддаць належнае наўгародцам. Яны не жадалі дабываць трафеі для кіеўскіх манамахавічаў і з паўдарогі вярнуліся назад. Пагроза з поўначы адпала, але з поўдня ў бок Полацка ўсё яшчэ рухаліся ўнушальныя сілы, рабавалі і палілі невялікія паселішчы.

Усё выкладзенае – гэта гістарычна­дакументаваныя факты. Да іх трэба дадаць, што ў Х­ХІІ стагоддзях на Русі былі невялікія ваенізаваныя паселішчы ў раёнах рачных меляў і перакатаў, якія маглі служыць бродамі або пераправамі. Былі такія паселішчы і ў Полацкім княстве. Шлях Мінск­Полацк праходзіў у той час не праз Лепель, а праз Лагойск, Бягомль, Беразіно, Дольцы, Ушачы. Пры гэтым ад вытокаў ракі Ушача дарога праходзіла па леваму, больш высокаму берагу ракі.

Цяпер надыйшла чарга гіпотэз, якія заснаваны на ландшафтным аналізе тэрыторыі. Справа ў тым, што падарожнік, калі рухаўся па гэтай дарозе, павінен быў перапраўляцца на правы бераг ракі недзе ў раёне сучаснага гарпасёлка Ушачы. Ніжэй па цячэнню дарога ўпіралася ў Матырынскае возера і забалочаную даліну аднайменнай ракі. Не варта забывацца, што 800 гадоў таму назад усе беларускія рэкі былі ў два­тры разы паўнаводней сучасных, і балоцістыя берагі рэчкі Матырынкі з’яўляліся сур’ёзнай перашкодай для коней і пешаходаў.

Найбольш спрыяльная пераправа знаходзілася менавіта ў г.п. Ушачы, а дакладней, насупраць сучасных могілак. Відавочна, для аховы гэтай пераправы тут ужо ў XII стагоддзі размяшчаўся невялікі пасёлак, які не абавязкова называўся “Ушачы”.

Калі ў Полацку даведаліся, што пагроза з поўначы адпала, было прынята рашэнне ўсім апалчэннем ісці насустрач ворагу, а не чакаць яго за крэпаснымі сценамі. Камандавалі апалчэннем сыны князя: Расціслаў, Святаслаў, Іван і Васілька. Іх бацька Рогвалод Усяслававіч, зусім старэнькі і хворы, застаўся ў горадзе. Полацкае апалчэнне раней праціўніка заняло пераправу ва Ушачах, і тут жа разгарнулася асноўная бітва. Вельмі нямногім заваёўнікам удалося зноў убачыць дняпроўскія берагі. Разгром быў поўны, хоць і палачан палегла нямала. У выніку пахавання загінуўшых і ўтварыліся курганы на сучасных могілках.

Ушацкія старажылы кажуць, што гэтыя курганы насыпаны пры адыходзе напалеонаўскіх войскаў. Звычайная памылка. Жыхары Падмаскоўя называюць тысячагадовыя курганы вяцічаў таксама “французскімі магіламі”, а казахі курганы бронзавага стагоддзя хунаў і ўсунаў – курганамі калмыкаў. Ніхто не жадае зазірнуць у больш аддаленыя часы.

У 1975 годзе я вызначыў узрост дрэў на ўшацкіх могілкавых курганах. Некаторыя сосны мелі ўзрост каля 250­270 гадоў, гэта значыць, з’явіліся прыблізна за сто гадоў да нашэсця Напалеона. У той час мне ніхто не змог растлумачыць сапраўднага паходжання курганоў. Гэта і было першым штуршком, які прабудзіў маю цікавасць да гісторыі старажытнай Беларусі.

П.КРОПАЎ. г.Санкт­Пецярбург.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *