Когда обман поднимает настроение. Необычная выставка работает в ушачском музее

Культура

Адкрыццё такіх нестандартных экспазіцый у некаторых гарадах прымеркавана да Дня смеху. Многія арт­аб’екты выставы “Свет аптычных ілюзій”, якая будзе працаваць у музеі народнай славы амаль да канца ліпеня, выклікаюць шчырую ўсмешку. Прыватная калекцыя – выключна забаўляльнага характару, а ў суправаджэнні экскурсавода музея яна стане яшчэ і пазнавальнай.

Наведванне выставы будзе асабліва карысным для тых, хто хоча папоўніць асабісты архіў фотаздымкаў. Калі звычайна да экспанатаў нельга датыкацца, то ў дадзеным выпадку гэта трэба рабіць абавязкова, як і без усялякіх перашкод весці здымку. Больш таго – некаторыя аптычныя ілюзіі бачны толькі пры ёй. На выставе прадстаўлены прадметы, якія лёгка могуць згуляць злы жарт з вашым зрокам. Тут знакамітыя карціны ілюзіі японца Акіошы Кітаока і іншых замежных аўтараў, 3D­графіка, магічны куб, чароўны стол і іншыя цікавыя аб’екты, шматлікія тантамарэскі – такім мудрагелістым словам называюцца раставыя фігуры са спецыяльнымі прарэзамі для твару (рук, ног) з малюнкамі вядомых персанажаў у розных сітуацыях на фоне экзатычных пейзажаў і інтэр’ераў.

Ля іх вы можаце імітаваць знаходжанне ў пашчы крыважэрнай акулы – пад правільным вуглом гэта выглядае вельмі рэалістычна, ёсць магчымасць уявіць сябе на краі даха шматпавярховага дома і зафіксаваць гэта на памяць, апынуцца на афіцыйным візіце і паціснуць руку прэзідэнту Расіі У.Пуціну. Можна паспрабаваць прычыніць дзверы, у якія спрабуе пралезці не зусім міралюбівы дыназаўр, збегчы ад грознага героя коміксаў Халка, патрымаць у руках рыбак, папугаяў, папіць гарбаты ў гасцях у Алісы, гераіні вядомай казкі Л.Кэрала.

Кошт наведвання выставы дэмакратычны, а для арганізаваных груп колькасцю больш 9 чалавек яшчэ дзейнічае скідка. Наведаць экспазіцыю будзе цікава і дарослым, а дзяцей яна наогул прыводзіць у захапленне.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *