Як даніна памяці і павагі, прайшла ў гэты дзень патрыятычная акцыя “Мы памятаем і ганарымся!”: дэлегацыі ўсклалі кветкі і вянкі да мемарыяла, узведзенага ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў на плошчы Перамогі, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
Менавіта маладым, творчым людзям з самых розных куточкаў Беларусі і не толькі былі аддадзены многія сцэнічныя пляцоўкі горада над Дзвіной. Не засталіся ў баку ад значнай падзеі і ўшачане, якія на свае вочы пабачылі ўвесь размах свята.
Старт мерапрыемствам традыцыйна даў парад маладзёжных субкультур, які сёлета папоўніўся новымі накірункамі і дасягнуў 23. Удзел у ім прынялі актывісты грамадскага аб’яднання БРСМ, бітбоксеры, мастакі графіці і бодзіарт, велатрэалісты, скейтбардысты, байкеры, уладальнікі рэтрааўтамабіляў, прадстаўнікі рыцарскіх клубаў, выканаўцы бардаўскай песні і многія іншыя. Пазней, наведваючы пляцоўкі, наша дэлегацыя не пераставала здзіўляцца шматграннасці талентаў маладых людзей. І – хацела паўтарыць тое, што тыя ўмеюць.
– Чаму б і нам не напрактыкавацца гэтак жа віртуозна катацца на ролікавых каньках? – адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Ірына Ціханава, уражаная тым, наколькі складаныя “па” выраблялі ролеры. – Не менш відовішчна выконваюць юнакі і дзяўчаты элементы брэйкдансу – магчыма, і мы б змаглі.
Што ні крок на Дні моладзі – то здзіўленне. Жыхары Віцебска і госці фестывалю мелі магчымасць ацаніць майстэрства прадстаўнікоў экстрэмальных відаў спорту, прыняць удзел у займальных майстаркласах ад прафесіяналаў. Уразілі выступленні фокуснікаілюзіяніста Алега Праскаловіча і юных барменаў на пляцоўцы “Мабільная кафейня”. Шмат людзей сабралі тэатр раставых лялек, калона рэтрааўтамабіляў, матацыклаў. Побач прафесійна гулялі ў баскетбол, а яшчэ крыху далей – у пакуль нязвыклы для Беларусі рэгбі…
Характэрна, што ў гэты дзень у фестывальным Віцебску шырока былі прадстаўлены і традыцыйныя беларускія рамёствы, стравы, промыслы. Падабаецца народная музыка? Вось ансамбль маладых выканаўцаў “Нясвiжскiя лыжкары”. Хочаце традыцыйнага беларускага ласунку? Бортнік з Брэстчыны Павел Бокач пачастуе майскім мёдам з агуркамі. Поспех абыходзіць вас бокам? Тады абавязкова прыходзьце да каваля Івана Бузука з Баранавіч – ён дапаможа выкаваць падкову на шчасце, бо фестываль маладзёжных субкультур у рамках “Славянскага базару ў Віцебску” штогод збірае тысячы маладых, здаровых, моцных і актыўных удзельнікаў з усёй Беларусі. На такіх прынята раўняцца.
Закончылася ж свята шумнай “Бітвай дзіджэяў”, пераможцам якой стаў DJ Quest з Гомельскай вобласці. Па словах І.Ціханавай, свята атрымалася незаштампаваным, з душой, з “разынкай”. Ушачане прывезлі дамоў выключна станоўчыя ўражанні, убачылі старых сяброў і сустрэлі новых. “Карацей кажучы, Дзень моладзі прайшоў дружна і весела,” – рэзюмавала Ірына. Так захацелася нешта падобнае правесці ва Ушачах.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Сёлета ў Дні моладзі на “Славянскім базары” прынялі ўдзел больш 5 тысяч чалавек. Гэты праект, арганізаваны БРСМ, з 2004 года на віцебскім фестывалі стаў традыцыйным. Не выключана, што ў будучым ён набудзе інтэрнацыянальны статус – гэтае пытанне абмяркоўвалася нядаўна ва Уфе на маладзёжным Савеце краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.