День работы с населением прошёл в Глыбочанском сельсовете

Зваротная сувязь

Чарговы дзень работы з насельніцтвам прайшоў у Глыбачанскім сельсавеце па адпрацаваным ужо сцэнарыі: спачатку сустрэча кіраўніцтва раёна з насельніцтвам, вывучэнне праблем знутры, а потым агульнае пасяджэнне з прадстаўнікамі ўсіх службаў і адпрацоўка пытанняў як паступіўшых, так і тых, што трымаліся на кантролі. А завяршылася мерапрыемства наведваннем месцаў агульнага карыстання і тых праблемных з аграгарадка, па якіх паступілі пытанні. Дарэчы, кульмінацыя Дня работы з насельніцтвам атрымалася паказальнай. Пасля таго, як дзве жыхаркі Глыбачкі працяглы час паказвалі і расказвалі, што ім неабходна ўмацаваць балкон, пажадана перакрыць (зрабіць скатным) дах, ну і астатняе па дробязях… Высветлілася, што ў адной запазычанасць па камунальных плацяжах – 10 мільёнаў, у другой – паўтара. Паказальны гэты выпадак менавіта тым, што пераважная большасць насельніцтва лічыць: “Нам усе павінны!” не задумваючыся, за які кошт што робіцца.

У сваёй справаздачы старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Храмцова адзначыла, што літаральна ўсе замацаваныя арганізацыі прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні месцаў пахавання і помнікаў загінуўшым воінам і партызанам. Асабліва пастараліся работнікі ДРСУ­105 і настаўнікі мясцовай школы. Райспажыўтаварыства прывяло ў парадак помнік на брацкай магіле ў вёсцы Загаваліна. Участак камунгаса – абеліск у лесе ля вёскі Усвея, ДЭУ­37 – у Капусціна, КУСГП “Глыбачаны” добраўпарадкавала месца пахавання партызан у вёсцы Усвіца. Медработнікі мясцовай бальніцы – магілы партызан на могілках аграгарадка. Адзначыла Людміла Валянцінаўна таксама супрацоўнікаў выратавальнага паста, якія ў ідэальным стане падтрымліваюць як сваю тэрыторыю, так і вакол абеліска ў Усвіцы.

Старшыня сельвыканкама адзначыла вялікую работу па добраўпарадкаванні, якая была праведзена падчас су­ботнікаў. Былі зняты многія з тых пытанняў, якія трымаліся на кантролі: падбуртаваны мініпалігон, абрэзаны аварыйныя дрэвы і кустоўе ўздоўж дарог, скошваўся і апрацоўваўся хімікатамі баршчэўнік. Адзначыла Людміла Валянцінаўна супрацоўнікаў “Ніксілбуда”, без спецыяльнай тэхнікі і навыкаў якіх было б не справіцца з уборкай старых дрэў. Ну і асабліва падзякавала ляснічаму Глыбачанскага лясніцтва Павел Васільевіч Быкаў, які сам патэлефанаваў і выклікаўся дапамагчы ў вырашэнні надзённых пытанняў. “Такое, за 12 гадоў маёй работы было ўпершыню”, – вельмі эмацыянальна расказвала старшыня сельвыканкама. А ўчынак кіраўніка лясніцтва сапраўды заслугоўвае пераймання: калі не было работы на вытворчасці, людзі не ў даміно гулялі, а рабілі карысную справу па навядзенні парадку на тэрыторыі свайго аграгарадка.

Тэма навядзення парадку, кінутых участкаў і сядзіб яшчэ доўга будзе актуальнай, паколькі характэрная для большасці неперспектыўных вёсак і не толькі іх. Напрамую звязана яна і з пагрозай для вяскоўцаў падчас палаў. У Глыбачанскім сельсавеце сёлета па гэтай прычыне згарэў дом у Якаўках. Добра, што агню не далі разгуляцца. І менавіта таму ўладальнікі сядзіб (рэальныя і тыя, у каго дамы ў спадчыну) будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці за неэфектыўнае выкарыстанне зямлі – развядзенне пустазелля на ёй.

Жыхары Двор Усвеі прасілі, каб у вёску заходзіў аўтобус, які звязвае населены пункт з Дубраўкай, паколькі менавіта туды ездзяць у бальніцу. Паколькі для гэтага трэба поўнасцю ламаць маршрут, а пасажырапаток будзе вельмі і вельмі нізкім, перавозчыкі далі адмоўны адказ. Эфектыўней карыстацца адладжанай схемай: выклікаць хуткую дапамогу або урача бальніцы, дарэчы Г.А.Аскерка аб’язджае замацаваныя населеныя пункты па графіку. Ну а вось жыхарам Рацькава, Загаваліна можна карыстацца заяўленчым прынцыпам. Гэта азначае, што пры рэальнай патрэбе ў паездцы тэлефанаваць у сельвыканкам або непасрэдна на аўтастанцыю і пакідаць заяўку. Калі з вёскі будзе 3­5 пасажыраў, аўтобус зробіць заезд. Гэтая парада датычыцца тых населеных пунктаў, дзе аўтобус раней хадзіў (існуюць умовы для развароту і прыпынку) і каардынальна не зменены маршрут. Астатнія пытанні былі тыповымі, датычыліся выдалення аварыйных дрэў на могілках, грэйдзіравання і абкосу дарог, ліквідацыі самавольных звалак.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Даведка: У Глыбачанскім сельсавеце ў 27 вёсках пражывае 832 чалавекі. У 9 з іх – больш 10 чалавек, у 14 – менш, у 4 пастаянна ніхто не пражывае, толькі дачнікі ў час сезону.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *