Фестывальны Віцебск падаваўся аркестрам: зза гоману напоўненых людзьмі вуліц, заклікаў гандляроў і, канечне, музыкі. Яна гучала ў розных кутках. А на сцэне плошчы Свабоды грымела “Наша Ушаччына”. Своеасаблівы гімн раёна на вельмі бадзёрую, амаль маршавую музыку Сяргея Парашкіна выконваў сам кампазітар. Гэтай песняй з вынасам сцяга Ушацкага раёна і завяршалася візітоўка нашага рэгіёна. Лаканічная, але вельмі прадуманая, патрыятычная і кранальная да слёз.
Тры ушацкія крыніцы – чароўнай вады, творчасці і мужнасці абыгрывалі нашы супрацоўнікі культуры як падчас выступлення са сцэны, так і падчас работы ўшацкага панадворка, які так і называўся – “З крыніц спрадвечных”. Ён размяшчаўся тут жа, на плошчы, побач са сцэнай і ў драўляную арку ўсё заходзілі і заходзілі людзі. Не сказаць, што няспынным патокам, але наведвальнікі былі пастаянна. Смакавалі мінеральную ваду “Вечалле”, знаёміліся з асартыментам завода, атрымлівалі парады, замовы і зборы з зёлкамі ад знахаркі…
Хоць больш сотні кіламетраў да Ушачы – але “траплялі” на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, – макет якога быў зроблены спецыяльна да “Славянскага базару ў Віцебску”. Нашы “партызаны”, ваенныя песні пад гармонь вярталі ў саракавыяракавыя, пра якія пісаў кожны з вядомых ушацкіх паэтаў і пісьменнікаў – Броўка, Быкаў, Барадулін, Лось. Іх партрэты трымалі ў руках юнакі і дзяўчаты. Іх кнігі стаялі на выставе.
– Да нас заходзіць асаблівая, інтэлігентная публіка, якая, канечне, чытала Быкава, ведае Ушаччыну… і дзякуючы выпадку хоча пазнаёміць з ёй і ўнукаў.
У пацвярджэнне слоў спецыяліста цэнтра культуры і народнай творчасці Маргарыты Сазонавай на панадворку як раз з’явілася сямейная пара з унукам. Дарэчы, менавіта малы потым усё затрымліваў дзеда з бабуляй, цягнуў у чарговы раз разгледзець самаробных лялек…
– Колькі за вадзічку заплаціць? – цікавілася дзятва, задаволіўшы смагу.
– Ды ні колькі, пейце і пытайцеся ў магазінах горада.
– Я так хачу зноў у вашы “Лясныя азёры”, а мне пуцёўку ў Лепельскі раён даюць, – засмучалася пенсіянерка.
Людзі фатаграфаваліся ля драўлянага калодзежа і такой жа аркі з ацыліндраванага бярвення… Ушачане адразу пазналі б у вырабах “руку” ААТ “Ушачы”, ну а цікаўныя госці даведаліся пра гэта з рэкламы прадпрыемства.
– Адна справа намаляваць гэта на макеце, а зусім іншая – увасобіць у жыццё, – гаворыць дырэктар Дома рамёстваў і аўтар праектау панадворка Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч. – Макет “Прарыву” нам рабілі ў спецыялізаванай полацкай фірме, а вось усе гэтыя рэчы з бярвення – наша ААТ “Ушачы”. Мы вельмі ўдзячны дырэктару Васілю Фамічу Бяльковічу і яго ўмельцам за тое, што увасобілі задуму ў жыццё і больш таго – падаравалі нам усё гэта хараство. І мы ў даўгу не застаёмся – рэкламуем наведвальнікам лазні ды альтанкі…
У горадзе майстроў над Дзвіной тым часам адбывалася сваё дзейства. Айгуль Смык, Крысціна Малышкіна, Андрэй Казіцкі прапаноўвалі работы з бісеру, дрэва і самага рознага матэрыялу, якія так добра знаёмы нам і былі вельмі цікавымі для шматлікіх гасцей фестывальнага Віцебска. Яны арганічна ўпляліся ў алею такіх жа адораных умельцаў – адно з самых наведваемых месцаў “Славянскага базару”.
Тут жа тройчы за дзень праверылі на гасцях свята свае чары нашы культработнікі падчас “Вясёлкавага карагода”. Гульнявая праграма для дарослых на тое і задумана, каб яны самі станавіліся ўдзельнікамі. Яны спявалі пад гармонік прыпеўкі, пускаліся ў пляс, разыгрывалі прызы. Спачатку пустая пляцоўка паступова прырастала ўсё новымі і новымі гасцямі.
Што яшчэ шчыра парадавала і нават здзівіла – наш запоўнены гандлёвы панадворак. Палатак і нават кафэ на пешаходнай вуліцы Суворава хапала, ды і месца ва ўшацкіх работнікаў грамадскага харчавання было не ля самой ратушы, а вось наведвальнікаў…. Вялізная, набытая спецыяльна да фестывалю палатка бараніла ад дожджыку, які то і справа накатваў, пах шашлыкоў, наадварот, маніў прысесці адпачыць за столікамі пад адкрытым небам. А плюс да ўсяго музыка, якая была далёка не ва ўсіх прадстаўнікоў іншых райцэнтраў. Вольнае месца ля палатак прахожыя хутка ператваралі ў танцпляцоўку… Адсюль і выручка.
– 20 мільёнаў у першы дзень, прычым без спіртнога, – падзялілася ўвечары ў пятніцу старшыня Ушацкага райспажыўтаварыства Л.А.Долгая. – У нас ту працуе дзве поўныя брыгады работнікаў грамадскага харчавання, якія замяняюць адзін аднаго.
Дзясятага ліпеня быў нашым днём на Славянскім базары. Нашым – гэта значыць, што Ушаччына ў складзе пяці раёнаў вобласці выстаўляла на вуліцах фестывальнага Віцебска падворкі, па некалькі разоў “круціла” брэнд раёна, культработнікі забаўлялі гасцей. Дзявятага ліпеня работнікі культуры прынялі ўдзел у канцэнтнай праграме “Рушнік – як лёс”, з 9 па 13 ліпеня працавалі ўшачане ў Горадзе майстроў, усе гэтыя дні частавалі гасцей фестывалю работнікі грамадскага харчавання.
Многа было падчас гэтых дзён наведвальнікаў, гутарак, усмешак, выпадковых сустрэч… Аднак, нічога выпадковага не бывае. І непрацяглае знаёмства з Ушаччынай, як тое зярнятка, некалі трапіць у спрыяльную глебу: нехта з наведвальнікаў, выбіраючы турыстычны маршрут, возьме накірунак на Ушачы, ва ўніверсаме вока зачэпіцца за знаёмы брэнд “Вечалля”, а ў бібліятэцы папросяць томік Быкава.
Атмасфера “Славянскага базару ў Віцебску” асаблівая. Тут столькі ўсяго – што кожны знойдзе нешта для сябе, нават калі ў яго няма білета на адкрыццё і ён проста гуляе па вуліцах. Гэта атмасфера свята, на якім хочацца пабываць. І вялікі дзякуй усім тым людзям, якія яго стваралі.
Вольга КАРАЛЕНКА.