Ушачские голоса в храме над Днепром. Квартет «Вдохновение» покорил жюри международного конкурса хоровых и вокальных коллективов «Магутны Божа»

Культура

“Гэта невытлумачальнае дзіва. Шмат выступленняў чуў за сваё жыццё, але ўпершыню бачу, каб чатыры дзявочыя галасы цалкам запоўнілі вялікі храм!”. Гэтымі словамі ахарактарызаваў выступленне квартэта “Натхненне” старшыня журы міжнароднага конкурсу харавых і вакальных калектываў “Магутны Божа”, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар Маскоўскай кансерваторыі Станіслаў Калінін, калі ўручаў нашым зямлячкам дыплом за перамогу ў намінацыі “Вакальныя ансамблі”. І сапраўды, калі пад зводы магілёўскага касцёла Успення Прасвятой Дзевы Марыі ўзнесліся апошнія гукі выступлення ўшачанак, прысутныя міжволі ўзнялі ўгару вочы, а потым узнагародзілі спявачак апладысментамі, што звычайна непрынята ў храме.

– З практыкі сваіх выступленняў у падобных залах ведаем, што трэба знайсці “акустычную кропку”, адкуль максімальна добра будзе гучаць голас. І нам удалося гэта зрабіць, – тлумачыць сакрэт поспеху кіраўнік народнага калектыву Жанна Савіцкая.

А яшчэ ўшачанкам дапамог удала падабраны рэпертуар, дзе знайшлося месца як старажытнай духоўнай класіцы Міхаіла Ламаносава і Дзмітрыя Бартнянскага, так і сучасным творам Мікаэла Парцхаладзэ. І зараз нават не верыцца, што літаральна напярэдадні, пабываўшы на першай палове конкурсных выступленняў і ацаніўшы магчымасці канкурэнтаў, нашы дзяўчаты перажывалі, што не змогуць адпавядаць агульнаму высокаму ўзроўню. Былі нават думкі “збегчы” дамоў, каб не выглядаць дылетантамі на фоне калектываў, большасць з якіх спецыялізуюцца выключна на духоўнай музыцы, як, напрыклад, мужчынскі камерны хор пры Храме Успення Багародзіцы з балгарскага Габрава ці хор прыхода Прасвятога Збавіцеля Гродзенскай епархіі Рымска­каталіцкай царквы.Былі сярод удзельнікаў і вельмі моцныя маскоўскія калектывы. Дарэчы, права ўвайсці ў лік 14 канкурсантаў фестывалю трэба было заваяваць падчас жорсткага папярэдняга адбору. Удзельніцы “Натхнення” даўно марылі трапіць на гэты прэстыжны конкурс, што лічыцца вяршыняй харавога выканаўчага майстэрства.

Увогуле ж Міжнародны фестываль хрысціянскай духоўнай музыкі “Магутны Божа”, у рамках якога ладзіўся конкурс, – адзіны падобны на ўсёй постсавецкай прасторы. У яго праграму ўваходзяць таксама выставы, фотавернісажы, чытанні для дзяцей і моладзі, свята званоў, канцэрты класічнай і сучаснай музыкі і нават рок­фэсты. Упершыню фестываль прайшоў у 1993 годзе, Магілёў жа быў абраны месцам яго правядзення не выпадкова, бо ў гэтым горадзе шмат вякоў жывуць у згодзе і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты. Зрэшты, менавіта яднанне ўсіх напрамкаў хрысціянства – адна з галоўных ідэй фестывалю, што падкрэслівае ўдзел у ім епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія, архіепіскапа­мітрапаліта Мінскага­магілёўскага Тадэуша Кандрусевіча. “У кожнага жыхара Беларусі свая дарога ў царкву”, – гэтае выказванне Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі характарызуе раўнапраўныя адносіны з боку дзяржавы да прадстаўнікоў усіх рэлігійных канфесій. А як падкрэсліў член аргкамітэта фестывалю намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, магілёўскі форум – гэта прыклад не толькі міжканфесійнага, але і міжнацыянальнага ладу на беларускай зямлі: сёлета ў ім прымалі ўдзел прадстаўнікі чатырох кантынентаў свету. І вельмі прыемна, што сярод іх былі ўшачане, якія так гучна заявілі пра наш невялікі рэгіён.

– Калі абвясцілі вынікі конкурсу, мы адчулі проста непараўнальныя эмоцыі! Вельмі хацелі дастойна выступіць, але не марылі, што станем першымі, – адзначае ўдзельніца “Натхнення” Алена Сазонава, якая, дарэчы, атрымала таксама спецыяльны дыплом “Лепшы саліст хору”.

А падчас выступлення на гарадской пляцоўцы нашы дзяўчаты адышлі ад духоўнай тэматыкі і завяршылі канцэрт песняй “Я не магу пра вас забыцца”, якую прысвяцілі 110­годдзю з дня нараджэння аўтара цудоўнага тэксту Петруся Броўкі і ўсім сваім землякам. І было вельмі сімвалічна, што словы пра “рэчачку Ушачку” прагучалі над берагам Дняпра, да якога, як аказалася, не так ужо і далёка…

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *