Налоги платить — цивилизованно жить. Налоговая служба отметила 25-летний юбилей

К профессиональному празднику Юбилейные даты

Сістэма падаткаабкладання бярэ пачатак з глыбокай старажытнасці. Падатковая ж служба Беларусі яшчэ зусім маладая, утварылася ў 1990 годзе і сёлета адзначае свой 25-­ы юбілей. Напярэдадні прафесійнага свята мы наведалі інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ушацкім раёне і папрасілі яе начальніка Любоў Аляксандраўну МЯДЗВЕДЗЕВУ расказаць пра тое, якімі клопатамі жыве гэтая важная для раёна структура.

– Галоўная задача інспекцыі – папаўненне дзяржаўнай казны. І гэта, думаецца, у нас атрымліваецця нядрэнна: па выніках 2014 года калектыў заняў трэцяе месца на аглядзе­конкурсе сярод інспекцый вобласці. Выконваўся план паступленняў у бюджэт, адсутнічала запазычанасць падаткаплацельшчыкаў. А іх у раёне нямала: 239 юрыдычных асоб, 208 індывідуальных прадпрымальнікаў і 8769 фізічных асоб. На жаль, не ўсе добрасумленна падпарадкоўваюцца вядомаму прынцыпу “заплаці падаткі – і спі спакойна”. У адносінах да такіх прымяняюцца меры прымусовага спагнання.

Дастаткова стабільна працуе калектыў інспекцыі сёлета. Плацельшчыкі своечасова ўплочваюць налічаныя падаткі, за першае паўгоддзе ў бюджэт паступіла звыш 31 мільярда рублёў, што на 11,3 працэнта больш адпаведнага мінулагодняга паказчыка. Дарэчы, падатковая культура на Ушаччыне з году ў год расце. За разуменне важнасці дзяржаўнай задачы словы ўдзячнасці хочацца выказаць райспажыўтаварыству, ПМС­50 і ДРБУ­105.

Актуальнай для нас застаецца задача па выяўленні фактаў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, ценевага бізнесу. У выніку кантрольных мерапрыемстваў за 6 месяцаў 2015 года дадаткова паступіла ў бюджэт 0,9 мільярда рублёў.

– Як вядома, інспектары не сядзяць склаўшы рукі ў чаканні падатковых паступленняў…

– Так, яны праводзяць інфармацыйна­тлумачальную работу, правяраюць дакладнасць атрыманых даных, кантралююць выкананне падатковага заканадаўства, узаемадзейнічаюць з іншымі дзяржаўнымі структурамі. Да таго ж, патрабаванні да нашай службы пастаянна павышаюцца. Дзейнасць супрацоўнікаў патрабуе не толькі спецыяльных ведаў, але і ўмення кантактаваць з людзьмі, імкнення павышаць прафесійны ўзровень.

– Гэтыя задачы калектыву па сілах?

– Так. Наш штат зараз налічвае 13 чалавек, з якіх 10 – дзяржслужачыя. Усе кваліфікаваныя, здольныя паспяхова выра­шаць пастаўленыя задачы. Склад інспекцыі ў асноўным жаночы, сфарміраваны пераважна з ураджэнцаў Ушаччыны. З 1990 года працуе тут старшы інспектар канцэлярыі Галіна Іванаўна Шчэрбік, з 1991­га – галоўны бухгалтар Аліна Аляксандраўна Новік, з 1992­га – намеснік начальніка інспекцыі, начальнік аддзела кантролю за юрыдычнымі і фізічнымі асобамі Алена Якаўлеўна Мацюшэнка, начальнік аддзела ўліку, справаздачнасці і спагнання плацяжоў Людміла Генадзьеўна Прашкевіч. Гэта сапраўдныя патрыёты сваёй справы, іх можна назваць ядром калектыву. (Ад рэдакцыі: сама ж Любоў Аляксандраўна працуе ў інспекцыі з 1993 года, на пасадзе начальніка – з красавіка 2005­га).

Выдатна зарэкамендавалі сябе і тыя, хто працуе ў інспекцыі адносна нядаўна. Імкнуцца выконваць даручаны ўчастак работы на вышыні сучасных патрабаванняў маладыя падатковыя інспектары Таццяна Леанідаўна Цюкала, Вікторыя Сяргееўна Уліновіч. Зайздросным працалюбствам вызначаецца галоўны юрысконсульт Валерый Іванавіч Латочка – на жаль, малады чалавек хутка развітаецца з намі, бо, уладкоўваючы асабістае жыццё, пераязджае ў іншы раён.

Значны ўклад у развіццё падатковай службы ўнеслі нашы ветэраны – першы начальнік падатковай інспекцыі Пётр Сяргеевіч Якушэнка, намеснік начальніка інспекцыі Святлана Анатольеўна Лемеш, галоўны бухгалтар Ніна Барысаўна Янушкевіч, за што хочацца выказаць ім шчырыя словы ўдзячнасці.

– На рабочым месцы вялікая нагрузка. Ці ёсць у супрацоўнікаў падатковай інспекцыі магчымасць адпачыць ад спраў?

– Хоць калектыў наш невялікі, аднак творчых супрацоўнікаў маем. Прымаем удзел у аглядах­конкурсах, турзлётах, іншых мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўняў, дзе дэманструем нядрэнныя вынікі. Нядаўна, напрыклад, у абласным конкурсе “Эстрадная палітра” К.С.Пінчук стала пераможцай у намінацыі “Чысты голас”. Імкнуцца нашы супрацоўнікі пабываць у цікавых месцах, славутых гісторыяй. У святочныя дні арганізоўваем штосьці арыгінальнае і непасрэдна ў інспекцыі. Запамінальна прайшоў некалькі гадоў таму Дзень маці: для конкурсу страў жаночы калектыў прыгатаваў шмат чаго смачнага – няпроста прышлося нашым мужчынам, якім трэба было ўсё паспытаць і выбраць пераможцу; пазней жа конкурсныя работы занялі пачэснае месца на нашым святочным стале.

– У гонар прафесійнага свята прынята ўзнагароджваць лепшых работнікаў і гаварыць цёплыя словы ў адрас калег…

– Так. Сёлета Ганаровай граматай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці адзначана Л.Г.Прашкевіч, Ганаровымі граматамі райвыканкама – А.Я.Мацюшэнка, Т.У.Шчэрбік, Ганаровымі граматамі нашай інспекцыі – А.А.Новік, В.І.Латочка, Л.Я.Кашыцкая, Л.В.Броўка, Т.Л.Цюкала, Падзяка раённага Савета дэпутатаў аб’яўлена Л.Я.Кашыцкай. (Ад рэдакцыі: з­за сціпласці характару Л.А.Мядзведзева не агучыла, што сёлета яна сама адзначана Ганаровай граматай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці і Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў).

З нагоды свята хачу выказаць калегам удзяч­насць за адказнасць і ўзаемавыручку. Шчыра жадаю ўсім поспехаў у вельмі патрэбнай грамадству справе, веры ў свае сілы і настойлівасці ў дасягненні новых вяршыняў. Здароўя, добрага настрою, дабрабыту нашым паважаным ветэранам. Цярпення і разумення падаткаплацельшчыкам. Спадзяюся, што паміж намі будуць складвацца толькі ўзаемаветлівыя адносіны.

***

Мы жывём у час актыўнага развіцця інфармацыйных тэхналогій. І хоць асноўнымі іх карыстальнікамі прынята лічыць маладых людзей, некаторыя прадстаўнікі старэйшага пакалення могуць даць ім фору. Да такіх адносіцца галоўны бухгалтар ушацкай падатковай інспекцыі А.А.Новік, якую яе калегі паважліва называюць “камп’ютарным мозгам”. Узніклі праблемы з атрыманнем электроннай пошты? Не адкрываецца патрэбная праграма? Камп’ютар ці іншая тэхніка адмаўляюцца працаваць? З усім гэтым Аліна Аляксандраўна справіцца на раз. Калі патрэбна нейкая інфармацыя – хутка знойдзе яе ў інтэрнэце. Ну а да святочных мерапрыемстваў у якасці падарунка таварышам часам прыпадносіць раздрукаваныя калектыўныя фотаздымкі. Дарэчы, умее іх не толькі зрабіць, але і граматна “адфоташопіць”.

***

Вядома, на імідж падатковай інспекцыі працуе рэпутацыя канкрэтных людзей. Вось як адгукаюцца пра гэтую раённую службу падаткаплацельшчыкі:

Святлана Міхайлаўна Усцін, галоўны бухгалтар ПМС:

– Свае абавязкі работнікі падатковай інспекцыі выконваюць якасна, заўсёды ветлівыя, добразычлівыя. Асаблівыя словы падзякі за разуменне і плённае ўзаемадзеянне – прадстаўніцам аддзела ўліку, справаздачнасці і спагнання плацяжоў.

Сяргей Канстанцінавіч Мільчанін, індывідуальны прадпрымальнік:

– Без перабольшвання магу сябе назваць адным з першых падаткаплацельшчыкаў у раёне, бо пачынаў сваю дзейнасць гадоў 20 назад – тады ж і пазнаёміўся з работнікамі мясцовай падатковай інспекцыі. Увесь гэты час сябруем, а маё знаходжанне ў сценах службы нічым не азмрочваецца. На ўсе справы, з якімі даводзіцца туды заходзіць, затрачваю непрацяглы час.

Галіна Антонаўна Туфар, намеснік галоўнага бухгалтара райспажыўтаварыства:

– Работнікі падатковай інспекцыі – спецыялісты, якія ведаюць сваю справу ад “а” да “я”, падкажуць, граматна патлумачаць. З падаткамі я працую з 2000 года – і дзякуючы своечасовым падказкам прадстаўнікоў гэтай службы сур’ёзных праблем за гэты час не ўзнікала. Заўсёды прыемна кантактаваць з падаткавікамі, якім з нагоды свята жадаю далейшых працоўных поспехаў, моцнага здароўя, шчасця, удачы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *