Накануне Дня Независимости в Черствядах установили памятник братьям-партизанам Чепикам, погибшим в годы войны

70-годдзе Перамогі

…Непагодлівым вечарам сярэдзіны красавіка 1943 года ў хаце сям’і Ясюк сабраліся не толькі жыхары вёскі Горы, але і шмат бежанцаў, ураджэнцаў вёскі Ладзіна суседняга Бешанковіцкага раёна – людзі прыйшлі праводзіць у апошні шлях свайго земляка Уладзіміра Чэпіка. Хлопец, якому яшчэ не было і дваццаці двух год, загінуў у адной з аперацый партызан брыгады Уткіна супраць фашысцкіх акупантаў. Над целам партызана пакляўся адпомсціць ворагу за яго гібель старэйшы брат. Вось толькі ўжо праз тры месяцы жонка з гадавалай дачушкай на руках аплаквала і яго – варожая куля насцігла начальніка штаба, намесніка палітрука Андрэя Чэпіка пры штурме фашысцкага гарнізона ў вёсцы Суша 25 ліпеня 1943 года. Пахавалі яго побач з Уладзімірам на могілках у Чарсцвядах, дзе амаль праз 72 гады братам партызанам устаноўлены помнік.

2 ліпеня на яго адкрыццё прыйшлі вяскоўцы, жыхары суседніх населеных пунктаў, дачнікі і родныя, якія прыехалі наведаць сваіх блізкіх. Менавіта жыхары Чарсцвяд і сталі ініцыятарамі ўстаноўкі помніка на магіле, якую яны даглядалі на працягу дзесяцігоддзяў, бо толькі ў першыя пасляваенныя гады яе наведвалі родныя, а потым сувязь з імі страцілася. Ініцыятыву вяскоўцаў па ўстаноўцы помніка на месцы пахавання народных мсціўцаў падтрымала раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” – менавіта яна ў апошнія гады брала на сябе асноўныя арганізацыйныя і матэрыяльныя расходы па ўвекавечанні памяці ахвяр вайны. Дзякуючы намаганням кіраўніка Т.М.Малак з’явіліся новыя помнікі на месцы пахавання расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў у Павуллі і Усаі, а добраўпарадкаванне магілы братоў Чэпікаў было запланавана якраз на гэты год. Работы каштавалі звыш 10 мільёнаў рублёў і, зразумела, сабраць такія сродкі нешматлікія жыхары Чарсцвяд самі не маглі. Таму і дзякавала ад імя вяскоўцаў Таццяне Міхайлаўне і ўсім міратворцам раёна Надзея Цімафееўна Агароднікава. Жанчына назаўсёды запомніла жудасныя моманты вайны, у час якой яна была яшчэ дзіцём. Ёй пашчасціла выжыць, у адрозненні ад сястры… Бомба з нямецкага самалёта трапіла ў хату, дзе дзеці і падлеткі сабраліся на Каляды, і імгненна абарвала жыццё пятнаццаці непаўналетніх ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў. Было гэта ў вёсцы Мядзведзеўка Лепельскага раёна, а Чарсцвяды сталі для Надзеі Цімафееўны другой радзімай у 60-ыя гады мінулага стагоддзя. Пра трагічны лёс партызанаў Чэпікаў яна даведалася ад мясцовай жыхаркі Любові Андрэеўны Каваленкі – гэта ў хаце яе бацькоў ў Горах кватаравалі браты. З прычыны хваробы пажылая жанчына не змагла прысутнічаць у гэты дзень на могілках, але туды прыйшлі яе дачка з унукам. Маленькі новапалачанін Жэня Кецкіш вельмі сур’ёзна слухаў выступленні дарослых, а па завяршэнні мітынгу разам з астатнімі прысутнымі ўсклаў кветкі і вянкі да помніка партызанам, якіх вайна некалькі дзясяткаў гадоў таму назаўсёды звязала з лёсам яго продкаў. Вогненнае ліхалецце раскідала людзей, сцерла межы адміністрацыйных адзінак, ды толькі бяда яднала, прымушала дапамагаць у цяжкія хвіліны нават незнаёмым, якіх не дзялілі на чужых і сваіх, асабліва тых, хто са зброяй у руках паўстаў на барацьбу з ворагам.

– Вечная памяць і слава тым, хто цаной свайго жыцця даў права на існаванне пад мірным небам наступным пакаленням, – казала падчас мітынгу Н.Ц.Агароднікава. – І няхай гэтыя хлопцы не з’яўляліся ўраджэнцамі гэтых мясцін, яны ўсё роўна нашы.

Простыя, шчырыя словы… Адкрыццё помніка атрымалася настолькі пранікнёным, нібы давялося прысутнічаць сярод блізкіх людзей на пахаванні роднага. Ідэі гуманізму, беражлівых адносін да гераічнага мінулага гучалі і з вуснаў ганаровых гасцей мерапрыемства, у ліку якіх былі намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Васільеўна Азевіч. Устаноўка новага або адкрыццё пасля рэканструкцыі існаваўшага раней помніка напярэдадні галоўных дзяржаўных святаў становіцца адной з адметных асаблівасцей святочных мерапрыемстваў у нашым раёне, а выбітыя на помніку братам Чэпікам словы “Ніхто не забыты, нішто не забытае” не проста крылатым выражэннем, а сапраўдным прынцыпам дзейнасці раённых улад, грамадскасці і простых людзей, сімвалам удзячнасці пакаленням вызваліцеляў, памяці жывых аб загінуўшых.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *