Першы месяц лета прынёс добрыя звесткі аб нараджэнні дзетак аж у дваццаць ушацкіх сямей! Нават не прыпомню падобнага выпадку за апошнія дзесяць год, што займаюся рэгістрацыяй нараджэнняў. Пры гэтым хлопчыкаў з’явілася ў чэрвені на свет у паўтара раза больш, чым дзяўчынак. Прадаўжальнікамі бацькоўскага роду стануць Мікіта Арцямёнак, Станіслаў Басак, Тарас Бародзіч, Павел Гатаўскі, Гардзей Кісель, Віктар Каваленка, Максім Лабёнак, Уладзіслаў Ларчанка, Сцяпан Мікіцевіч, Дзмітрый Родзіч, Іван Саўчанка і Арцём Чабатар. Сваёй прыгажосцю, розумам і талентамі будуць радаваць маму і тату дачушкі Паліна Катушонак, Зарына Коршун, Мілана Лычук, Венера Мацеша, Ганна Сляцкая, Вікторыя Фальчанка, Яўгенія Пячура і Вікторыя Ярмош. Вельмі прыемна, што 19 дзетак будуць выхоўвацца ў поўных сем’ях. А яшчэ радуе, што каля трэці нарадзіўшыхся ў чэрвені немаўлят надалі сваім сем’ям статус мнагадзетных. Вельмі хочацца, каб усе гэтыя пазітыўныя моманты мы змаглі адзначыць і па выніках ліпеня.