Мікрараён індывідуальнай жылой забудовы на месцы былога аэрадрома на сённяшні дзень з’яўляецца бадай што самым дынамічна развіваючымся ў гарпасёлку. Ёсць яшчэ недабудаваныя дамы па вуліцах Рамантыкаў, Радыёнава, але галоўная будоўля ідзе на новай, названай у гонар легендарнага камбрыга Уладзіміра Елісеевіча Лабанка. Трэба сказаць, што тутэйшым уладальнікам зямельных участкаў пашанцавала. Іх суседзі, напрыклад, з вуліцы Н.Касцючэнка гадамі чакалі выгод цывілізацыі, а на Лабанка асфальтавае пакрыццё, пешаходныя дарожкі, ліхтары асвятлення, сістэмы каналізацыі, вода і газазабеспячэння з’явіліся тады, калі не было яшчэ ніводнага дома.
Зараз тут шэсць дамоў розных памераў і планіроўкі ўжо выведзены пад дах, на розных этапах, ад заліўкі фундамента да кладкі сцен другога паверха, знаходзіцца будоўля на іншых участках – але карціна агульнай будучай забудовы ўжо акрэсліваецца, хаця свабоднымі пакуль застаюцца два ўчасткі.
Па словах вартаўніка фізкультурнааздараўленчага комплексу Мікалая Саўчанкі, цішыня ў мікрараёне наступае толькі позна вечарам: “Удзень будаўнікі на ФАКе завіхаюцца, а гадзін з 6 вечара і ў выхадныя на свае ўчасткі прыбываюць прыватнікі і тады ўжо там грукочуць бетонамяшалкі і інструменты. Дамы растуць у мяне на вачах – некаторыя пакрыху, а некаторыя і вельмі хутка. Адзін катэдж пабудавалі і накрылі дахам літаральна за паўтара месяца: шэсць выхадных – і гатова!”Апошнія два гады ў раёне не здаваліся шматкватэрныя кааператывы, але заданне па ўводзе жылля выконваецца дзякуючы менавіта прыватнікам. Акрамя таго ўласнікі вядуць работы па рамонце і рэканструкцыі існуючага жылля. Многа прыгожых арыгінальных будынкаў і элементаў добраўпарадкавання ля іх з’явілася на месцах старых хат у цэнтры Ушач па вуліцах Горкага, П.Броўкі, Ленінскай, Савецкай і ў іншых мікрараёнах – з кожным годам райцэнтр прыгажэе.
Дзмітрый Раманоўскі.