– На жаль, хворы, давядзецца пакласці Вас у інфекцыйнае аддзяленне…
– Не, доктар, толькі не гэта!! Давайце, я буду лячыцца дома! Або пакладзіце хаця б у тэрапеўтычнае!..
Напэўна, кожны чуў у жыцці нешта падобнае. І сапраўды – “інфекцыя” ў разуменні большасці з нас – гэта едкі пах хлёркі, жорсткі рэжым, тынкаваныя сцены, “аскетычны” бокс з ложкам і тумбачкай… Усяго гэтага вы і блізка не ўбачыце, калі трапіце ў інфекцыйнае аддзяленне Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы: пасля рэканструкцыі яно хутчэй нагадвае санаторый ці гасцініцу. Неверагодна – але факт!
– Мы ўжо, канечне, прызвычаіліся да пераўтворанага працоўнага месца: да добрага прывыкаеш хутка, – усміхаецца старшая медсястра аддзялення Марыя Іванаўна Падрэз, якая працуе тут аж з 1974га года. – А вось пацыенты, якія трапілі да нас упершыню, са здзіўленнем аглядаюць размешчаныя ў боксах сучасныя халадзільнікі і тэлевізары, асобны камфортны санвузел, а часам нават цікавяцца, ці не платная гэта палата.
– Асабліва ж “шакіруе” наша аддзяленне гараджан, – дадае медсястра Ала Сяргееўна Севярын. – Літаральна ўчора міжволі падслухала тэлефонную размову навапалачанкі, якая ляжыць у нас з дзіцем: “У гэтых Ушачах такая бальніца, што нічога падобнага я не бачыла ні ў нас, ні ў Віцебску!”
Ніяк не чакала, што ў боксе будзе так камфортна, і ўшачанка Тамара Аляксееўна Клыпа. “Вось, якраз даглядзела навіны, – націснула кнопку пульта пацыентка, калі мы зазірнулі да яе ў палату. – Калі ўчора атрымала накіраванне сюды, спачатку зажурылася, але настрой адразу ўзняўся, калі ўбачыла, дзе буду ляжаць. Нават самаадчуванне палепшылася!”
З добрым настроем ідзе зараз на работу і персанал аддзялення, у штаце якога 7 медсясцёр, 8 санітарак і сястра-гаспадыня, ставяць жа хворым дыягназы і назначаюць лячэнне вопытныя ўрачы Віктар Канстанцінавіч Літвінаў і Святлана Іванаўна Ерашова. У такіх умовах працаваць – адно задавальненне: у аддзяленні ўсё новае – ад шафаў і халадзільнікаў да лямп і кантэйнераў для апрацоўкі інструментаў. Санітаркі ж асабліва рады наяўнасці гарачай вады, якая цяпер ёсць у кожным блоку. Прыкметна змяніўся будынак і звонку: новы дах, ганкі, вокны і дзверы, добраўпарадкаваная тэрыторыя, на якой замест старога кустоўя зараз зелянее газон і растуць кветкі. Усяго гэтага прыйшлося б, напэўна, яшчэ доўга чакаць, каб не дапамога нашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, які ўзяў гэтае пытанне пад свой кантроль. Здароўе людзей напрамую залежыць ад якасці медыцынскага абслугоўвання, таму гэта сфера заўсёды пад увагай народнага абранніка.
Такім чынам, прыведзены ў пачатку дыялог ва Ушачах вы ўжо наўрад ці пачуеце. Разам з тым, хочацца, каб ацэньвала ўсе апісаныя выгоды як мага менш чалавек.
Наталля БАГДАНОВІЧ.