– Сваіх пастаянных кліентаў я не тое што ў твар ведаю, нават па кашальках магу пазнаць, – усміхаецца вадзіцель-прадавец аўталаўкі райспажыўтаварыства Аляксандр Васільевіч Лёля. – Сур’ёзна, прыйдуць за пакупкамі дзеці, разлічваюцца, а я па кашальку бачу, да якой з бабуль унукі прыехалі!
“Работа не дай Бог!” Ад такога пачатку размовы я нават спалохаўся, але ў хуткім часе высветлілася, што словы гэтыя адносяцца выключна да тэхнікі, якая мае ўласцівасць часта ламацца, і ні ў якім разе не да зносін з пакупнікамі – якраз з імі ў Аляксандра Васільевіча за 16 год працы адносіны складваюцца вельмі добра. Да прыходу ў райспажыўтаварыства ён паспеў папрацаваць машыністам кацельні ў лясгасе і рабочым па рамонце і абслугоўванні будынкаў райвыканкама, але хутка зразумеў, што гэта не для яго, кажа “работа няпыльная, але не люблю на месцы сядзець”. Затое на цяперашнім працоўным месцы дарожнага пылу з гравіек хапае з лішкам – раён скалясіў уздоўж і ўпоперак, асабліва паўночнаусходнюю частку, дзе знаходзіцца яго зона абслугоўвання.
– У гэтым годзе своеасаблівы “юбілей” можна адзначаць – 30 год як атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, скончыўшы вучэбнавытворчы камбінат, – успамінае Аляксандр Васільевіч. – Але падчас армейскай службы спатрэбілася не яно, а правы трактарыста, бо служыў у танкавых войсках механікамвадзіцелем. З людзьмі ладзіць яшчэ там вучыўся – у палку праходзілі службу прадстаўнікі 86 нацыянальнасцей!
Армейскія навыкі зараз вельмі дарэчы – і веданне тэхнікі, і ўменне знайсці кантакт нават з незнаёмым чалавекам. Першую давераную аўталаўку А.В.Лёля даводзіў да толку каля 2 месяцаў. У выніку ГАЗ53, які рыхтаваўся да спісання, праслужыў на аўтабазе яшчэ амаль 15 год. Зараз Аляксандр Васільевіч выязджае на раён на новым ГАЗ3309, але за год ён ужо амаль увесь перабраны ўмелымі рукамі гаспадара. “Аднойчы ледзьве Богу душу не аддаў, як адказалі тармазы, – прыгадвае непаладкі вадзіцель. – А за апошнюю зіму 5 радыятараў змяніў, не шанцуе мне на тэхніку”.
І калі ўнутранымі механізмамі аўтамабіля А.В.Лёля не задаволены, то абсталяваннем для захоўвання і перавозкі тавараў наадварот – месца тут намнога больш, чым у УАЗах. За гады працы ён добра вывучыў запыты вяскоўцаў, якія значна змяніліся.
– У пачатку 90ых мы малако з вёскі вазілі, прымалі ў насельніцтва, – тлумачыць Аляксандр Васільевіч. – А зараз больш сотні пакетаў за рэйс вязу сельскім жыхарам, кісламалочныя прадукты – старэе вёска і лічаныя кароўкі засталіся ў асабістых падсобных гаспадарках. Тое ж датычыцца і мясных прадуктаў, паўфабрыкатаў. Эканомныя вяскоўцы аддаюць перавагу цэлым бройлерам, у апошні час бяруць і свініну, цэны на яе знізіліся. Аўторак і пятніца – дні асаблівыя, назіраецца большы наплыў пакупнікоў. Зараз устанавілі тэрмінал, але карыстаецца ім яшчэ мала людзей, больш дачнікі і гараджане, ад якіх, дарэчы, часта чуем нараканні на высокія ў параўнанні з буйнымі гандлёвымі сеткамі цэны. Кожнаму механізм цэнаўтварэння не патлумачыш, ды і не мы фарміруем канчатковы кошт тавару, але выслухваць бурчанне кліентаў прыходзіцца вадзіцелямпрадаўцам.
І ўсё ж значна больш даводзіцца чуць Аляксандру Васільевічу слоў удзячнасці – за ветлівасць, чулыя адносіны, бо часта прыходзіцца яму і спыняцца ў нявызначаных месцах, і падвозіць тавар да дому, выконваць розныя спецыфічныя індывідуальныя заяўкі вяскоўцаў, якім ён стараецца не адмаўляць ні ў чым: даставіць перадачу дзецям або прывезці лекі з аптэкі райцэнтра для яго не ўяўляецца праблематычным, хаця гэтыя “няпрофільныя” справы і адымаюць час. На маё пытанне, ці не залішне дакучаюць просьбамі пенсіянеры, Аляксандр Васільевіч шчыра адказаў наступнае:
– Да людзей стаўлюся палюдску. А маёй добразычлівасцю пенсіянеры не злоўжываюць. Наадварот, многія саромеюцца штосьці папрасіць, нават калі ім і вельмі неабходна. Я і нумар мабільніка даю без праблем – мала што людзям раптам спатрэбіцца…
Прафесіяналізм і выдатныя чалавечыя якасці працаўніка па заслугах ацэнены не толькі калегамі і кіраўніцтвам райспажыўтаварыства, прозвішча Аляксандра Васільевіча Лёлі па выніках работы за мінулы год занесена на раённую Дошку гонару.
Дзмітрый Раманоўскі.