– У нашай сталоўцы вельмі добра гатуюць, люблю хадзіць туды абедаць. Кожны раз не ведаю, што выбраць, бо абсалютна ўсё тут смачнае!
Адна з самых маіх любімых страў у сталовай – мясныя катлеты, у мяне дома такія не атрымліваюцца!
Перыядычна хаджу ў нашу сталовую, аднойчы падчас камандзіроўкі ў Віцебск давялося пабываць там у адной з такіх жа сталовых. Дык з упэўненасцю скажу, што ва Ушачах кормяць лепш.
Гэтыя водгукі аб рабоце сталовай ва Ушачах давялося пачуць ад знаёмых і калег. Хто сюды не завітае – абавязкова выходзіць сытым і задаволеным. Для гэтага прыкладаюць веды і ўласны густ работнікі сталовай райспажыўтаварыства – повар 5 разраду Ірына Канстанцінаўна Гардзіёнак і памочнік повара Людміла Аляксандраўна Контарава, за чысціню талерак адказвае Жанна Уладзіміраўна Кулянок. Кожны дзень жанчынам прыходзіцца выконваць вялікі аб’ём работы. Колькі часу вы, напрыклад, адводзіце на прыгатаванне ежы для сям’і з трохчатырох чалавек? Гадзінупаўтары – не менш. Яны ж за невялікі адрэзак часу павінны прыгатаваць стравы не толькі для наведвальнікаў сталовай, а і для кропак грамадскага харчавання на раёне.
З самай раніцы памяшканне сталовай і прылягаючая да яе тэрыторыя напаўняецца пахам смачных румяных дранікаў. Затым тут хуценька робяцца некалькі відаў салатаў. Гэтыя даволі хадавыя прысмакі часткова застаюцца ў сталовай, астатняе адпраўляецца ў “Кулінарыю”, буфеты райвыканкама і бальніцы. Хутка разыходзяцца гэтыя стравы і ў сарочынскім “Спадарожніку”, у Ільюшыне і Арэхаўне. Затым І.Гардзіёнак і Л.Контарава бяруцца за першыя, другія, трэція стравы з распрацаванага меню. Прыгатаванне супоў, мяса, гарніраў тут ужо настолькі адладжана, што не ўзнікае ніякіх замінак. Акрамя гэтага, часам на жанчын кладзецца і дадатковая нагрузка ў выпадку, калі ў сталовай праходзяць, напрыклад, памінальныя сталы. Тады, каб пастаянныя кліенты сталоўкі не заставаліся галоднымі, гатуюць і накрываюць паралельна асноўнай рабоце. Толькі калі памінальныя сталы заказваюцца больш чым на 80 чалавек, прыходзіцца закрываць сталовую для наведвальнікаў, бо фізічна справіцца з такім аб’ёмам проста немагчыма.
– У чым жа сакрэт прыгатавання смачных страў? Дагадзіць кожнаму складана, а ў ваш адрас, як правіла, не паступае дрэнных водгукаў?
– Ніякага сакрэту няма. Мы проста старанна выконваем сваю работу. Адзінае правіла і парада для ўсіх гаспадынь – заўсёды гатуйце ежу з добрым настроем і з добрымі думкамі, тады яна атрымліваецца намнога смачнейшай, – гаворыць Ірына Канстанцінаўна.
На самой справе яшчэ немалаважную ролю адыгрывае і багаты вопыт – у І.Гардзіёнак ужо амаль 30гадовы стаж работы поварам, апошнія 9 гадоў яна гатуе для ўшачан у сталовай. У 2006 годзе Ірына і Людміла разам пачалі тут працаваць, у выніку склаўся добры тандэм. І самай лепшай узнагародай за сваю працу жанчыны лічаць штодзённае шчырае “дзякуй” ад наведвальнікаў сталовай.
Вольга КАМАРКОВА.